Выбрать главу

— О-о, уяўляю сабе!..

Болей гаварыць няма пра што, і ён усё ж такі выходзіць.

Абяссіленая, падаю ў крэсла. Такое пачуццё, бытта мяне хвіліну таму назад ударыла токам: аж задрыжэлі рукі і ногі. Бачу люстэрка. Мяне і цягне да яго паглядзецца, і чагосьці баюся. Адчуваю якісьці неспакой.

Раптам успамінаю: бо-ожа мі-ілы, дык гэта ж яго я бачыла ў сне!

Пару дзён таму назад сніла, бытта бы зайшла ў нейкую вясёлую кампанію і там, у далёкім кутку пакоя, сядзеў мужчына з вылупленымі на мяне вачыма. Ён так уставіўся ў мой бок, што яго позірк пацягнуў мяне, нібы магнітам. Ішла я тады доўга, ногі мае чамусьці запляталіся, і да чалавека адлегласць усё не мянялася, я ўсё бачыла перад сабой гэты цяжкі гіпнатычны позірк. Наступныя дні я была пад уражаннем гэтага ўпартага позірку і ніяк не магла ад яго адвязацца. Паступова пра ўсё забылася. I вось толькі што зноў убачыла тыя самыя вочы. Так, гэта яны! Успамінаецца ўся атмасфера жудаснага сну...

Прадчуванне? Што за ліха?!

Робіцца страшна-страшна і горача. Школьныя справы раптам перастаюць цікавіць. Азіраю сваё ўбранне — я ж амаль раздзетая, ці звар'явала, што гэтак хаджу? Хутчэй дамоў — накінуць па сябе што-небудзь!

Клічу заггаса, даручаю яму разлічвацца з малярамі.

2.

Дома застаю Веру з Ігарам. Сяброўка прыйшла пажаліцца. Барыс ноччу ўварваўся ў кватэру, напалохаў сына, пабіў посуд і пабудзіў старых суседзяў.

— А сам такі брудны, абарваны. Я не вытрывала, надзела на яго ўсё чыстае, толькі тады праперла...

— Во-во! Цяпер ён і наступны раз прыйдзе!.. Трэ было адвадзіць — не пусціць нават на парог! Ты, Верка, надта добранькая, з-за гэтага і пакутуеш!..

— Самім лёсам наканавана мне пакутаваць, Іра,— не тое што табе, шчаслівай.

— Ну і ну! Знайшла каму зайздросціць! Таксама саламянай удавой жыву!

— Не грашы, сяброўка! Косця ж — вернецца! I можаш за яго быць спакойнай — у Маскве табе не здраджвае ні з кім!

— О-о, гэта — напэўна! У крайнім выпадку ходзіць там за прыгажунямі з блакнотам ды запісвае! Эх, нічога ты не разумееш у нашых адносінах!.. Не раз сабе думала: мажліва, лепш было б, калі б Косця там і глянуў на каго, як звычайны мужчына!..

— Ы-ы-ых, што ты вярзееш?!.

— Так, так! Давай прызнаемся сабе чэсна — мы з табой так створаны, што любім крыху быць раўнівымі: гэта, прынамсі, асвяжае! А ўсе гэтыя так званыя выдатныя асобы цікавыя толькі для тых, хто пра іх любіць языком мянціць. Зблізку мой муж — нудны рабочы мул ды сумны аўтамат. Вернецца і засядзе за машынку, як пень, ды зноў не будзе да каго загаварыць, адвесці душу...

— Змоўкні, дурніца! Ы-ы-ы, што на цябе найшло, што за грэшныя думкі? Ты не ўмееш яго цаніць! За твайго Косцю трымацца трэба абедзвюма рукамі! Ён — асаблівы! Мала дапамагае, цяжка з ім? Ад майго Барыса і сотні іншых такіх, выходзіць, карысці больш?.. Павер мне, Ірка, самай адданай табе сяброўцы, такому, як твой чалавек, трэ служыць, як служылі нашыя сёстры ў манастырах госпаду богу!..

— А, хіба што... Тады мяне зусім не ведаеш. У паслушніцы я не падыходжу.

Няма больш пра што з Верай гаварыць. Толькі цяпер заўважаю яе абмежаванасць. Слухаю яе далей, нешта раю, нават — спрачаюся, а сама перажываю ўжо каторы раз сон і дзіўнае спатканне ў канцылярыі. Раптам захацелася Косцю ўкалоць — напісаць пра выпадак. Зраблю гэта потым. Нават адчуваю задавальненые ад помсты.

Што мне зараз рабіць?

Ага, насамперш схаджу памыюся. Увечары нагрэю вады ды выкупаю дзяцей дома. А чым заняць на гэты час малых?

— Вера, няхай Ігар пайграецца з маімі, не будзеш жа браць хлопца ў школу! Ды і мае лепш будуць сябе разам адчуваць!..

— Няхай. Буду вяртацца — забяру.

Сяброўка праводзіць мяне да лазні. Што за сон, што за супадзенне?!

Вера пра штосьці безупынна гаворыць і гаворыць, я пры-кідваюся, бытта яе ўважліва слухаю, але не разумею ніводнага слова. Не магу авалодаць і сваім хваляваннем. Ды расказаць сяброўцы пра выпадак не магу таксама. А як ты пра яго раскажаш, калі яна ўсё расхвальвае і расхвальвае Косцю. Бытта яе завялі. Цяпер наогул не змагу з ёю быць шчырай. «Мілая Вера, няўжо надышоў канец нашай дружбе?! Даруй мне, але я нічога не магу з сабой зрабіць!..»

— Ну, бывай, мыцца пайшла!..

Прымаю ванну.

Праз хвіліну ўжо і распарылася. Мяне агортвае радаснае адчуванне свайго цела, я ўпершыню заўважаю гэтак выразна, што яно ў мяне свежае, ружовае. Ніколі яго яшчэ так не любіла. Дагэтуль свайго цела саромелася, а часцей за ўсё — не заўважала. Недарэчы вельмі шкадую — чаму мяне ніхто не бачыць!