— Што за ліха? — пытаюся сама сябе ўголас. Кранае прадчуванне нечага дрэннага. Толькі трывога гэтая кволая. «А чаго мне трывожыцца? Зайшоў да мяне наведвальнік? Го, коль-кі іх ходзіць кожны дзень! Заўтра — нарада дырэктараў вячэрніх школ, на ёй магу вельмі проста даведацца, адкуль тыя дзве дзеўкі-лядашніцы, але ж навошта мне займацца гэтым, яшчэ малады чалавек што-небудзь сабе падумае?! Хітранькі, дай яму гатовае! Пашукай сам!..»
Успамінаю, які ў яго быў выраз твару, калі даведаўся, што я — дырэктарка. Пераможна рагачу. Да мяне зноў вяртаецца энергія ды бадзёрасць.
Ну і пасада ў мяне!
Між іншым, наведвальнік — інтэлігентны і мажны мужчына. З «Інтурыста». Мяне надта ж уражвае гэтае слова. За ім адчуваюцца экзатычныя краіны, народы... На нашым вакзале, калі прыходзяць замежныя паязды, па рэпрадуктары гавораць мо на васьмі мовах! У людзей з гэтай установы — цікавая работа, яны бачаць рамантычны, заманлівы свет. Хто там працуе, вядома, і не цэніць. Што ж, заўсёды так...
Аднойчы чакала з Мінска Косцю. Поезд спазняўся, і я падышла да касы замежных білетаў. Мне аж крыўдна зрабілася, што такі сабе звычайненькі лысы чалавечак-смецюшок кволенькім галаском звярнуўся да звычайнай касіркі з рэдзенькай «бабетай»:
— Мне ў Сірыю. На дваіх выпішце купейны. Чым плаціць? Мне лепш — у індыйскіх рупіях!..
З'ездзіць бы туды, сваімі вачыма паглядзець на тое, што ведаю толькі з кніжак. Пахадзіць бы па Луўры, Акропалі, Калізеі, паўзірацца на розных людзей! Даўно з Косцем збіраемся павандраваць па Еўропе, і ўсё аніяк не выходзіць. Мо і надарыцца магчымасць? Толькі куды дзяцей уладкаваць?..
Аднаго дня зайду ў кабінет да гэтага інтурыстаўскага начальніка ды пракажу:
— Вось — візы. Мне — два білеты да Рыма. Лепш нам у лірах падлічыце. У крайнім выпадку — у доларах...
I ўсё гэта скажу такім самым раўнадушным голасам, хоць на душы будзе неабыякава — выгляд на сябе напускаць умею, яшчэ як!
Зусім мажліва — так яно і будзе.
Ух як цікава жыць на свеце! Толькі што за супадзенне са сном, што за містыка?!
Па дарозе з лазні ногі мяне нясуць у касметычны кабінет, існаванпе якога дагэтуль я бытта і не заўважала. Тады купляю ў кіёску польскія часопісы з модамі. Добрую бялізну, свежую пасцель, тонкія пахі, модныя туфлі, прычоскі, кофты любіла і раней, але не прыдавала ім вялікага значэння, бо не прыдаваў значэння гэтаму Косця. Цяпер жа ва мне раптам абуджаецца жаданне нагвалт зрабіцца прывабнай. Цярпець ужо не магу на сабе трантаў, як і зразумець — як змагла на сябе іх надзець?!
Заношу сумку з мылам дамоў, адпраўляюся ў ашчадную касу. Затым ва універмагу купляю матэрыю адразу на дзве сукенкі ды бягу да нашай настаўпіцы англійскай мовы, ультрамодніцы Кіры, каб спытацца адрас добрай краўчыхі. Ужо не магу апрануць яшчэ новую, але крыху не па модзе пашытую сукенку.
3.
З Ленінграда прыехаў сімфанічны аркестр. Тэатра, вядома, у нашым горадзе ніколі і не было. Гасцям доўга шукалі памяшканне. Нарэшце на нядзелю аб'яўляюць у раённым Доме культуры так чаканы канцэрт.
Аматараў сімфанічнай музыкі ў нашым гарадку не многа, сустракаючыся на канцэртах, мы ўжо ведаем адзін аднаго нават з твару. Знаёмага з «Інтурыста» я ўжо заўважыла на «Песнярах». Тое спатканне было для мяне нечаканым, была непадрыхтаваная ды так збянтэжылася, што цэлы канцэрт знаходзілася пад гэтым уражаннем. З-за гэтага добра не разгледзела і славутых артыстаў. Супакоілася тады толькі дома. Але цяпер аж загараюся ўся насцярожанай цікавасцю: калі спаткаемся зараз на канцэрце ленінградцаў, ці ўспомніць, што мы знаёмыя? Хавацца ўжо не стану — не буду дурной.
Настае нядзеля. Куды дзяваць дзяцей? Вера з сынам месца ненадзейнае — яшчэ прыйдзе п'яны Барыс і малых мне напалохае!
Бяру таксі, Віцю і Марынку вязу ў вёску да маці.
Мамы дома няма. Агорнутая ўсё тым жа ўзбуджаным неспакоем, паспешлівасцю ды адчаем, што калі не паспею, то нешта надта важнае згублю, малю гаспадыню паназіраць за малымі, покуль вернецца іхняя бабка. Жанчына адразу садзіць іх са сваімі ўнукамі лушчыць фасолю.
Ну, дзякуй богу, з малымі — парадак. Выбягаю на вуліцу.
Імчыць грузавік. Упіваюся вачамі, гляджу на шафёра, бытта пазнаючы ў ім брата.
— Девушка, вам у горад? — паддаецца ён на маю хітрасць, але не адчуваю нават няёмкасці.
Праз пару мінут вяртаюся ў горад поўная ўздыму і хвалявання. За апошні час сваю краўчыху не раз здзіўляла выдумкамі фасонаў. Цяпер гэтыя ўбранні старанна прасую, прымяраю, так і гэтак прыладжваю.
Прыносяць пошту. Ладна, пагляджу потым...
Нарэшце, падрыхтаваная, выходжу ў тэатр і адчуваю, што, мабыць, ніколі ў жыцці так добра яшчэ не выглядала. Калісьці, дурніца, саромелася нават новых туфляў, новай сукенкі і цешылася з іх перад люстэркам, зачыніўшыся ў пакоі. Цяпер — наадварот! Вельмі прыемна сваім выглядам рабіць уражанне навокал. Скурай адчуваю нават ветрык, які выклікаю сваёй хадой. Што ж, стала дарослай, як сказаў бы Косця. I я шчаслівая ад усведамлення, што вырасла, я — надта багатая.