Выбрать главу

Прадчуванне не ашукала.

У фае сустракаю знаёмага элегантнага мужчыну ў чорным гарнітуры. Ён ветліва кланяецца, і мы разыходзімся. Але і секунднага спаткання дастаткова. Плыву на крылах сярод нейкіх чароўных гукаў, паху духоў ды дзіўных вобразаў, поўных незямной раскошы і значнасці. Колькі гэтае лунанне працягваецца: секунду, гадзіну — не змагла б вызначыць.

На перапынку да мяне набліжаецца выкладчык гісторыі Сяргей Міхайлавіч.

— О-о, якая вы сімпатычная асоба! — крычыць здалёк.

— Толькі сёння заўважылі?

— Вінаваты!

— Вінаватых б'юць!

— Ахвотна панясу кару! Даю сваю галаву на адсячэнне — бярыце яе!

— Велікадушна вам дарую!

— Ірына Іванаўна,— пачынае ўжо таямніча.— Пойдзем, пазнаёмлю вас з маім найлепшым сябрам. Таксама, як і мы,— аматар класічнай музыкі.

Мяне агортвае з ног да галавы жудасны страх.

— Куды вы мяне валачэ-эце? — бытта бы дзіўлюся, інстынктыўна ўпіраючыся.

— Нічога, нічога, смялей! Я ведаю напэўна — ён вам спадабаецца!

Сябра пераходзіць на шэпт ды робіцца паважным:

— Скончыў інстытут міжнародных адносін у Маскве. Валодае аж трыма замежнымі мовамі!

— О-о, палігло-от!..

— Бацька яго — былы дыпламат... Другі раз здзівіцца не паспяваю.

— А вось і ён сам! — Выкладчык ажыўляецца.— Ірына Іванаўна, перад вамі...

— Пятро Уладзіміравіч! — апярэджвае яго мужчына ў чорным гарнітуры ды працягвае руку.

Нешта гавару, што належыць казаць у такіх выпадках, падаю руку таксама і чырванею.

— Шчыра кажучы, Сяргей, то мы — знаёмыя!

— Ну-у?!

— Я заходзіў да Ірыны Іванаўны ў школу! I, калі быць дакладным, вельмі здзівіўся!

— Чаго-о? — прыкідваюся.

— Першы раз убачыў такога маладога ды абаяльнага начальніка. Слова гонару! Дырэктары школ — худыя зануды альбо мардатыя тыпы, а спаткаў — чароўную і сімпатычную істоту!..

— О-о, пра гэта мы ведаем даўно-о! — падхоплівае адразу гісторык.

А я адчуваю, як мяне залівае новая хваля чырвані, але цяпер ужо толькі ад таго, што ў гэтую хвіліну пачырванець мне выпадае. Бо я поўнасцю сабою валодаю. Сама з сябе нават дзіўлюся: як усё лоўка ў мяне атрымліваецца, і працягваю, як роўная з роўнымі, гульню. Пра тое, што абодвум мужчынам я нераўня, што парушаю прынятыя грамадствам правілы паводзін замужняй жанчыны, што існуюць забароны, не хачу і ведаць. Бо так здараецца ўжо, што не бачыш, не хочаш бачыць мяжы і ты — шчаслівы.

На жаль, у гэты момант якраз тры разы звоняць, і мы разыходзімся па сваіх месцах.

Потым на вачах у людзей, цалкам занятыя сабой, цэлы перапынак ходзім утраіх у фае. Пятро Уладзіміравіч расказвае эпізод з дзяцінства:

— У вайну я быў яшчэ зусім малым і, памятаю, усё прасіў: «Мама, хачу бачыць партызан!.. Партызан пабачыць хачу!..» А яна: «Трэба, сынок, усю ноч не спаць, адно тады і ўбачыш!» А як жа ты спаць не будзеш у такім узросце? Але аднойчы маці мяне пабудзіла...

Я так уважліва яго слухаю! Жанчыны, калі хочуць каму-небудзь палесціць, дзівяцца кожнаму яго слову. I не спадзявалася, што і з мяне такая тэатралка, што і я магу гэтак падтакваць, охаць ды ахаць.

— Ой, няўжо вы іх уба-ачылі?!. Раскажы-ыце!..

— Уявіце сабе! I нават добра памятаю тую ноч! — падхоплівае новы знаёмы.— Вось вам малюнак. Цьмяна гарыць газнічка. На кухні мама ў балейцы нешта сцірае, а ля ног яе валяецца цэлая гара чужой бялізны. На падлозе ў нашай хаце поўна саломы. На саломе ўпокат, абняўшы зброю, ляжаць змардаваныя ўшчэнт дзядзькі і дружна храпуць. Спаўзаю з ложка і давай прыглядацца да іх бліжэй.

Доўга лазіў паміж імі, балюча стукаўся каленкамі аб прыклады і боты — хоць бы каторы прачнуўся! Паспрабаваў у бліжэйшага мужчыны пацягнуць аўтамат. Партызан праз сон нешта прамычэў ды паклаў на зброю галаву...

Я цалкам ужо асвоіўся. А была і ў мяне стрэльба. Шпулькай ад нітак пры дапамозе гумкі і шпяня пстрыкаў гарохам. Выняў я свой «пісталет», стрэліў ды знячэўку трапіў партызану ў бараду. Чалавек як усхопіцца, а за ім — астатнія. Узняліся на ногі, ляскаюць зброяй, прыцішана пытаюцца:

«Дзе?.. Га?.. Што-о?!.»

Мама з кухні іх супакойвае: «Здало-ося вам!.. Спіце, хлопчыкі, шчэ нават пеўні не спявалі!..»