Агортвае інстынктыўна страх перад нечым. Сорамна перад дачкой і нават — перад Сяргеем Міхайлавічам: што ж ён пра мяне падумае пасля сённяшняга вечара?! Трэба выкрасліць, трэба выкінуць нават з галавы ўвесь гэты ажыятаж — ён мне зусім-зусім непатрэбны! Трэба, мабыць, змяніць месца работы.
— Дачушка, ты хацела б, каб я працавала ў тваёй школе настаўніцай?
— О-ой, хачу-у! — віскнула малая.— Ма-ам, пераходзь да нас, добра?
— А чаго ж ты радуешся? Я буду вельмі строгая, ты ж мяне ведаеш!
— Ну і будзь сабе! Але як прывязуць што смачнае ў школьны буфет, а ў мяне не будзе грошай, то пабягу да цябе ў настаўніцкую, як заўсёды бегае з нашага класа Люда Салаўёва, і ты адразу купіш! Праўда?
— Куплю.
— Ой як до-обра!.. Цяпер і я буду ўсё мець!..— Дачка нешта ўспамінае ды робіць вялікія вочы: — Ма-ам, а ў Шурыка дома ў буфеце стаіць гарэлка, віно — як у магазіне!
— А сшыткі ў яго ёсць?
— Не-а! У мяне заўсёды цягае!
— Бедны хлопчык!..
— О-ой, мама, ён — няшча-асны! Заўсёды абарва-аны, бру-удны, недагле-еджаны!..
Гляджу на Марынку — бытта першы раз яе ўбачыла. Упершыню мы так разумеем адна адну. Разумеем ужо нават цяпер! Уражвае шчаслівая думка: неўзабаве можна будзе з ёю размаўляць пра ўсё-ўсё! Ой, хутчэй бы мець напарніцу, вернага чалавека пад бокам і не быць такой самотнай! Удыхаю пах жывога цельца, які сагравае мяне аж да сэрца ды ўяўляю сабе ўжо, як мы з Марынай ходзім па горадзе, як паказваю ёй любімыя мясціны і гавару, гавару, гавару...
— Ма-ам, то перахо-одзь да нас!
— Паглядзім...
— Толькі — напэўна!
— Спакойпай ночы. Пацалуй мяне... Ну, спі цяпер. Пайду пагляджу, што прыслаў тата!
— Адно схавай фатаграфіі, бо Віця парве! Або вусы артысткам дамалюе, я яго ведаю!
— Схаваю, дачушка, не бойся!
Выключаю святло, выходжу ад дзяцей.
Бяру з піяніпа канверт. У ім — фатаграфіі, маркі, этыкеткі ад запалак. На аркушу паперы — Косцева апісанне змены варты ля Маўзалея. Усё вельмі цікавае ды карыснае для малых, будзе пра што ім пачытаць і пагаварыць. Аднак для сябе не зпаходжу ніводнага радочка.
Ці ён мяне не кахае? Ці ў ім гордасць загаварыла з-за апошніх паводзін жонкі? Ці такая ў яго ўжо натура?!
Ох, каб цяпер дапала да мужа, то выказала б яму ўсё! Да раніцы лапатала б і прымусіла б слухаць. Тады прытулілася б, заснула, і мне было б добра, як ніколі!
Бяруся за пакет, разрываю паперу ды з недаўменнем гляджу: там — дзве кніжкі ленінградскага прафесара Васільева. Адна называецца «Сон і сны», а другая — «Тэлепатыя». Успамінаю: я. ж Косцю пісала пра дзіўную з'яву — пазнаёмілася з чалавекам, якога дагэтуль бачыла ў сне! Гэта — мужаў адказ па маё пісьмо?
Сумна і крыўдна — вось-вось заплачу. Што рабіць?
Так, мабыць, становяцца алкаголікамі. Чалавеку нудна, адзінока, і ён пачынае ў бутэльцы шукаць прыяцеля.
Нельга распускацца!
Бяру сябе ў рукі і цешуся, што зараз забяруся пад цёплую коўдру ды буду марыць пра нешта такое, каб цікава было заснуць. Дзякуй богу, мрояў тваіх ніхто не бачыць, і ніхто цябе не зможа прагнаць з іх салодкага ўлоння.
6.
З Сяргеем Міхайлавічам вяртаюся са школы. Для настаўніка гісторыі мой Косця здаецца богам. Да мяне сябра адносіцца таксама з павагаю, як да жонкі вучонага з імем. I — чалавека больш вопытнага. Адносіны яго цаню.
— Ірына Іванаўна, ці вы ведаеце, як у нашым двары дзеці гуляюць у мячык? — гаворыць ён ажыўлена.— Б'юць яго аб зямлю ды ў такт: «Я ведаю пяць колераў: чорны — раз, белы — два, сіні — тры, зялёны — чатыры, жоўты — пяць!.. Я ведаю пяць пісьменнікаў: Маякоўскі — раз, Шолахаў — два, Пушкін — тры, Станкевіч — чатыры...
Смяюся.
— Слова гонару!
Такую гульню малых назірала і я на нашым падворку. Папулярнасць Косці тут вызначалася галоўным чынам мясцовым патрыятызмам. Аднак прыемна пачуць вестку і з вуснаў адданага маёй сям'і чалавека.
— Во, бачыце, як проста стаць класікам! Выдаў з дзесятак брашурак — і гатова! Давайце і вы што-небудзь напішыце! З гісторыі, напрыклад!
— Каб гэта было так лёгка! Я вунь нават ажаніцца ніяк не магу!
— Што праўда, то праўда. Уся настаўніцкая марыць, каб вы нарэшце знайшлі сабе каго-небудзь. Жанчыны падбіраюць і падбіраюць вам кандыдатуру, і вы, мабыць, пра гэта ведаеце? У вас жа, здаецца, была сімпатыя. Ліда, як яна?
Халасцяк не мае перада мной душэўных таямніц і ў адказ безнадзейна махае рукой.
— Чаму-у? Вы ж так яе не хвалілі?!
— Расчараваўся.
— Надта ж вы патрабавальны! Глядзіце, так можна на ўсё жыццё і аднаму застацца!.. На сімфанічным канцэрце бачыла вашу сімпатыю. Гэты раз давай, думаю, прыгледжуся. Нішто сабе дзяўчына.