Выбрать главу

З Сяргеем Міхайлавічам рагочам.

— А яшчэ ехала пара французскіх мільянераў. Па графіку ім прыбыць заўтра, так і запланаваны гасцініцы, рэстараны. «У Парыжы заўтра забастоўка авіён!» — апраўдваюцца. I вось думай, дзе іх размясціць! Цэлы дзень з імі правалэндаўся! Нейкія жулікі прыбылі ў горад на «гастролі», баяўся, каб французаў не абакралі...

— А міліцыя навошта? — абураюся.

— Не так проста.

— Французскія лётчыкі якраз для такіх дармаедаў пачынаюць забастоўку, каб выціснуць з іх сваё, а ты — саўдзельнік мільянераў, дапамагаеш ім выкручвацца — корміш, апякаеш! — кпіць Сяргей.— Штрэйкбрэхер ты, штрэйкбрэхер!

— Выходзіць.

Я, мабыць, ніколі ў жыцці не слухала з такой увагай.

— Найбольш апрыкралі мне багатыя амерыканскія гультайкі, што швэндаюць па свеце. «Гэло, містэр, вы з «Інтурыста»? Вельмі добра, вельмі добра, о'кэй!» — папанібрацку ляпае цябе па плячы, рагоча задаволеная на цэлы пафарбаваны рот ды пачынае: тое ёй трэба зрабіць, гэта прадбачыць. На такую зараз, здаецца, у звычайных умовах нават не зірнуў бы, а тут мусіш цярпець, усміхацца, дыпламатнічаць. Па-вашаму — цікава?

— Вельмі! — горача кажу.

— Ну яго к д'яблу з такой цікавасцю!

— Я і кажу — швейцар на граніцы! — зноў кідае свой жарт гаспадар ад радыёлы.

— Самы сапраўдны.

Аднак у мяне да Сяргея нараджаецца непрыязнасць. Пятра Уладзіміравіча хачу абараніць:

— Дык не ўсё ж вы самі там робіце, ёсць жа ў вас розныя гіды, перакладчыкі?!

— Часта яны бяссільныя...

— I ўсё роўна ў вас цудоўная праца! Заўсёды бачыце розныя народы, можаце параўноўваць, вывучаць людзей...

Пятро, пешта ўспомніўшы, ажыўляецца зноў:

— Наконт гэтага маеце рацыю. Цікава, напрыклад, назіраць за італьянцамі. Як дзеці часамі! Абрынуцца на аднаго за нешта, здаецца — раздзяруць! Праз пяць мінут, бачыш, усе разам мірна і спакойна крочаць на абед у рэстаран! У нас пасля такой узбучкі з чалавекам, прынамсі, не размаўляюць з тыдзень!..

Якія мы маленькія людзі са сваімі клопатамі ў параўнанні з клопатамі чалавека вось такой прафесіі! На ім — прэстыж дзяржавы, народа! У яго дзеяннях — элементы вялікай палітыкі!..

А яшчэ сумнявалася, ці ісці сюды. Свае, простыя хлопцы. Ні ў аднаго з іх і ў намерах няма, каб падрываць мае «маральныя ўстоі»! Затое мне даўно не было так прыемна.

— Апарат гатовы! — аб'яўляе Сяргей.

Слухаем Рахманінава ў выкананні Кліберна. Сяджу на крэсле супроць кушэткі. На ёй, прыкрыўшы вочы далонямі,— гаспадар. Збоку — госць. Туды саромеюся глянуць, аднак Пятра адчуваю кожнай клетачкай свайго цела. Яго прысутнасць памалу зліваецца з музыкай, і я паступова трачу адчуванне, дзе знаходзімся і што з намі адбываецца. Перад намі ўсё выслана нейкім не то крышталем, не то шоўкам, не то палоскамі сіняга золата — лёгкімі, як туман; я трачу адчуванне важкасці. Нешта роднае, таямнічае, запаветнае агортвае нас, павялічвае ў мільён разоў, нясе ў чароўнае небыццё. Колькі гэта адбываецца — хвіліну, вечнасць, сказаць не змагла б.

Апарат змаўкае, і ў пакоі некалькі мінут пануе цішыня.

— Падабаецца? — пытае гаспадар.

Сказаць пра буру, якая разыгралася ўва мне,— бытта агаліць сябе, выставіць напаказ сваё нутро.

— Пра гэта гаварыць немагчыма,— раптам чую збоку.— I гаварыць не трэба, гаварыць нават грэх, як пра нешта толькі тваё, інтымнае...

Мяне ўражвае дзіўнае супадзенне: дык і я ж адчуваю дакладна тое самае!

...Назаўтра мяне ўсю напаўняе святочная радасць: у нашым гарадку ёсць аднадумец, блізкі чалавек, і пра гэта ў цэлым свеце ведаю толькі адна я!

Вестка, што ён скончыў інстытут міжнародных адносін, што яго бацька дыпламат, стварылі ў маім уяўленні вобраз зусім іншы — я яго сабе ўяўляла нават крыху беларучкай. Цяпер жа ўбачыла маладога мужчыну з глыбокім перакананнем у слушнасці таго, што робіць, з практычным поглядам на жыццё. Гэта быў чалавек, які шмат перадумаў, а магчыма, і перажыў. То была натура дзейная, непадкупная, клапатлівая — нечым вельмі напамінала мне Косцю, асабліва таго Косцю, якога ведала гадоў з дзесяць таму. Толькі муж і тады быў раўнадушны да музыкі. Нешчаслівы чалавек. Бетховена ад Шапэна не адрозніць, як сіні колер ад блакітнага (а мо гэта адно з другім звязана?!). I гэтая паблажлівасць да ўсіх і да мяне...