Выбрать главу

— Вось яшчэ навіна, не хапала, каб закахалася! — паўтараю сама сабе перапалохапая.

Замест таго каб неяк ратавацца, каб вырваць з сябе гэтае няшчасце з карэннем, каторы раз прыкідваюся сама перад сабой: а што тут дрэннага? Хіба мы ханжы, хіба замужняй жанчыне не можа, акрамя мужа, падабацца яшчэ і іншы чалавек? Сэрцу не загадаеш ды на вузялок душу не завяжаш! У Косці колькі блізкіх сяброў-жанчын?! У дзень нараджэння або калі выходзіць яго новы твор паштар пачкамі валочыць ад іх паштоўкі і пісьмы з віншаваннямі, і ў гэтым абсалютна нічога не бачу дрэннага ні я, ні ён.

Спытацца ў Сяргея (іх абодвух у душы называю па імені!), дзе яго сябра, не магу. Час доўжыцца. Пакутлівае жаданне ўбачыць гэтага чалавека не пакідае ні на мінуту. Не ведаю, куды сябе падзець. I ў той жа час разумею, што мне нельга, не маю ніякага права з пункту гледжання агульнапрынятай маралі перажываць гэтак і хвалявацца за чужога чалавека.

— Ну і што?! — прыкрываюся зноў фігавым лістом.— Мне глянуць толькі б на яго, хіба ж гэта злачынства?!

Яшчэ, мабыць, ніколі так многа не пісала Косцю. Па два, па тры пісьмы, здаралася, адпраўляла ў адзін дзень. Аднак апісаць мужу ўсё падрабязна, прызнацца яму не магу. Пішу, што надта мне цяжка, што сяджу дома ды паміраю ад суму, што нікуды не хочацца хадзіць, нічога не хачу бачыць, усё валіцца з рук.

«...Твой Рахманінаў — цудоўны!.. Калі б ты яшчэ мне і Бетховена дастаў!.. Як ты ўмудраешся пісаць лісты на лекцыях сваёй псіхалогіі — яшчэ разумею, але як я гэта раблю на ўроках?»

«...Віця сказаў сёння, што ў яго пісьмы да цябе нарыхта-ваны на цэлы год наперад!.. Сёння ўсіх вадзіла ў лазню, а вечарам за сталом спявалі народныя песні. Затым пачалі спяваць ваенныя. Здорава!»

«...Калі прыедзеш? Усё ж такі без цябе мы тут тлеем, а з табой — гарым!.. Нёман пайшоў, хадзіла з дзецьмі глядзець на крыгі. Цудоўна!»

«...Я па вушы залезла ў даўгі. Добра, што ў наш час для такіх людзей няма славутых ямаў, сядзела б у ёй на самым дне!.. Шукала сёння гадзіннік, а Марынка паказала — на руцэ. Вось да чаго дакацілася? Усё ж такі збіваліся мы з табой на драбязу, і яна адцягвала нашую ўвагу ад галоўнага. А мо гэта — якраз тыя кілаграмы солі, якой трэба абавязкова з'есці з пуд, каб пазнаць адно аднаго?..»

«Атрымалі тваю пасылку. Каб ты бачыў, як мы яе патрашылі! У руках сякера, вочы нашыя палаюць агнём, усе чакаем, а потым — задаволеныя!.. У маіх дзяцей з'явіліся першыя даку-менты — праязны білет. Сколькі ўрачыстага гонару, калі Віця падыходзіць да аўтобуса з паперкай у руцэ! Потым будзе іх шмат у яго жыцці і розных, але — гэты?!»

«Захварэла. Дзеці хадзілі ў лес. Прынеслі галінак, а Віця — галку за адну нагу!.. Ваюю з Марынкай і Віцем за сшыткі, за неакуратнасць, за яўныя і ўяўныя ды будучыя грахі. Эх, вырвацца б на пару дзён у Маскву, выплакацца б перад табой!.. У мяне нейкае ўпартае пачуццё страты нечага свайго, цябе, чаму?..»

Косця мне адказвае:

«...У цябе гэта — якійсьці бунт на каленях!»

Падумайце, хіба я яму школьніца? А яшчэ — псіхолаг, доктар чалавечых душ! Ото ж яму зараз дам!

Бяру паперу, саджуся зноў пісаць доўгі ліст. Праз гадзіну нясу канверт у паштовую скрыпку.

9.

Сяджу дома над вучнёўскімі сшыткамі. Раптам адчыняюцца дзверы, заходзіць настаўніца англійскай мовы — Кіра.

— Добры дзень, Ірына! Ледзь цябе знайшла! Праз рана даведалася твой адрас!..

— Што такое здарылася, што ты мяне аж так шукаеш?

Але Кіра гаворыць ужо пра другое:

— Табе падабаецца мой капялюш?

Маўчу. Капялюш — яркі, крыклівы, безгустоўны. Лічу прыгожым толькі тое, што простае. Нічога не гаварыць больш нельга.

— Адкуль ён у цябе?

— З Румыніі!

— Ах, дык ты е-ездзіла?!— успамінаю размову ў нашай настаўніцкай.

— Ну. Была ў турысцкім падарожжы! I, ведаеш, усе грошы прасадзіла на гэты капялюш! Вырашыла паказаць і табе...

Тут штосьці не так. Кіра дагэтуль да мяне не заходзіла ані разу. Шукала мой адрас праз рана, каб адно паказаць абнову? Не веру. Дык у чым справа?

Яшчэ некалькі хвілін сяброўка пераскоквае з тэмы на тэму. Затым робіцца сур'ёзнай ды прызнаецца:

— Ведаеш, была ў адной групе з тваім знаёмым...

— З кі-ім?

— Ну, з Пятром Уладзіміравічам Вавілавым з «Інтурыста». Няўжо не здагадалася?!

Я ледзь не абамлела.

— Та-ак?!

— А ведаеш — ён такі абаяльны і элегантны мужчына! — кажа з захапленнем.— Быў нашым кіраўніком.

— А-а...

— Ты ведаеш, ён так цудоўна скроены!..

— Я-ак? — стараюся апрытомнець.

— Ну... плечы шырокія, а тут вужэй і мускулы тут такімі буграмі!.. Такі падніме цябе — як пушынку!.. У Румыніі гаварылі, што з усёй групы вылучаемся мы двое. Нас нельга было адрозніць ад іншых турыстаў з Заходняй Еўропы!.. Усе два тыдні ён даглядаў мяне, быў ласкавым, уважлівым, прадбачлівым! Клапаціўся вельмі!.. Так мне спадабаўся, што не ведаю, як гэта і выказаць! Абяцаў потым званіць.