— I што? — ледзь сябе стрымліваю.
— Не звоніць! Кіра ўздыхае.
— I болей не бачыліся? — пытаюся асцярожна.
— Спатыкаемся ў горадзе. Ён такі ж ветлівы, але толькі элегантна вітаецца ды праходзіць міма. А мяне кожная сустрэча хвалюе, пасля не знаходжу сабе месца!
Ух, як адлягло — аж успатнела. Уздыхаю з палёгкай ды раблюся больш адважнай.
— Дык пры чым тут я-а?
— Іра, малю цябе, калі ўбачыш яго, зрабі для мяне паслугу! Ты нават і не ўяўляеш, як мне гэта важна! Магчыма, гэта мой лёс! Зрабі паслу-угу!..
— Яку-ую? — дзіўлюся пераможна.
У вачах Кіры ўніжэнне:
— Напомні яму мой тэлефон, ладна? Я табе яго напісала на паперцы. Адну дома пакінь ля апарата, другую ў сумку пакладзі...
У старэйшых класах сярэдняй школы ў Кіру ўлюбляліся амаль усе хлопцы. Закахаўся ў яе і дзесяцікласнік, які мне быў не абыякавы. Хлапец дзяліўся са мной перажываннямі, прасіў парады, не заўважаючы маіх мучэнняў. З-за гэтага нават школу кідала. Дзякуй добрым людзям, навучылі...
Ужо даўно вылечылася ад захаплення тым школьнікам. Мая сімпатыя вось гадоў з дзесяць працуе шафёрам таксі, вечарамі бачу яго часамі п'яным і ў кампаніі гарадскіх гуляк ды абармотаў — такіх жа агідных, якім стаў ён: з жыццёвым дэвізам, як яны самі прызнаюць, «хап-хап!». Аднак з таго часу да Кіры ў мяне непрыязь.
Напамінаю ёй са з'едлівым сарказмам.
— Што ж, мне не прывыкаць. Яшчэ ў школе хлопцы ўлюбляліся ў маіх сябровак, а мяне прасілі толькі стварыць ім умовы, каб дасягнуць мэты, ці не так?
— О, Ірачка, я ведала, што ты — добрая, што зго-одзішся, таму і...
— Пачакай! Напомніць? — Гуляю з ёю, бы кот з мышшу.
— Ну і што? Напо-омні! Фактычна мне ад яго нічога, абсалютна нічога не трэба! Ну, спаткаемся, пагаворым...
— Ты думаеш, што гаворыш? Ні з таго ні з сяго завесці гутарку з гэткім чалавекам на такую тэму? Ты пры сваім розуме? Ты ўяўляеш, як усё гэта будзе выглядаць?
— І-ірачка, а я цябе навучу! Ён там быў з фотаапаратам. Адна мінская турыстка прыслала мне пісьмо і просіць здымак. Гэта табе і паслужыць прычынай зачапіць яго!..
— Дык і табе яна — прычына!
— Табе зручне-ей! Разумееш, я баюся, што пры размове выдам сябе...
На Кіру ніякія аргументы не дзейнічаюць. Змаўкаю і адно слухаю. Прызнанне і ацэнка гэтага чалавека жанчынай, да якой беспаспяхова заляцаліся дзесяткі кавалераў, узбуджае, хвалюе ды прыспяшае ход маіх думак.
10.
Памалу ўцягваюся ў работу.
Адна настаўніца захварэла, пару ўжо тыдняў яе замяняю. Няма калі нават дыхнуць. Адчуваю прыемнае задавальненне ад працы, якая забірае з мяне ўсё.
У суботу вяртаюся са школы. Надвор'е стаіць дрэннае, сырое, а я — стомленая ды як бы выціснутая, бы той лімон пасля чаю. Ледзьве перастаўляю ногі. Успамінаю: няма нічога на вячэру падаць на стол. Кірую ў магазін, купляю вянок каўбасы, абыякава загортваю яго ў газету, прыціскаю локцем, плятуся дамоў.
I вось якраз цяпер, калі я гэтага найменш чакала, перада мной раптам узнікае ды спыняецца Пятро. Неакуратны пакецік выкінула б прэч, ды — позна.
— Добры дзень слаўным работнікам фронту народнай асветы!
Спыняюся і я, узнімаю галаву.
Элегантнае, шэрае, вышэй калень, паліто. Новы капялюш. Вастраносыя туфлі... Можна было б сказаць, што — тыповы стыляга, калі б не вочы: чыстыя, добрыя, разумныя.
— Ну, пойдзем! — прапануе.
Ведаю сама — у маіх вачах свеціцца радасць, вусны расцягваюцца ад усмешкі; мне не выпадае так сябе паводзіць, але радасці гэтай ужо згасіць у сабе аніяк не магу.
— Нам жа не па дарозе?!
— Якраз па дарозе! Бо добрых людзей я заўсёды праводжу. Прынамсі — да моста!
Выбухаю смехам, і стомленасць маю нібы хто рукой здымае.
Ідзём. Дзьме моцны вецер, сячэ дажджом і снегам. Мой напарнік пачынае жыва расказваць пра Румынію. Але гэта яму не перашкаджае непрыкметна засланіць сабой ад ветру. За яго вялікай фігурай значна цяплей. Абуджаецца да яго ўдзячнасць.
— Вам часта даводзіцца бываць за мяжой, я бачу!..
— Ат, такая прафесія,— кажа без рысоўкі.— У несезон турыстаў едзе да нас мала, работы ў нашым агенцтве няма, і нас пасылаюць кіраўнікамі груп за мяжу.
— Вы самі не ведаеце, у якім выгадным становішчы знаходзіцеся!
— Так вам здаецца. Зрэшты, давайце не будзем пра гэта, добра?