Выбрать главу

— Дамовіліся, калі вам непрыемна... Прабачце, я ад шчырага сэрца...

— Чыталі ў «Літгазеце» апошні артыкул аб раманах?..— абрывае ён мяне ды называе прозвішча вядомага замежнага раманіста, у якога ў нас нядаўна выйшла цэлая серыя кніжак.

— А як жа! — падхопліваю.— Толькі навошта так чарніць тое, што арыгінальна, праўда?

— Мне здаецца, такія рэцэнзіі друкуюць зайздроснікі!

— Або людзі, якія не вераць, што мы самі разбяромся, дзе кепска, дзе добра!

— Некаторыя нашыя аўтары панавучваліся пісаць гладзенька, роўненька, у іх — нібы перадачы па радыё, а не кніжкі! А яшчэ лепш — ілюстрацыя перадавой з газеты! А ў гэтага ўсё суровае, праўдзівае і дыхае жыццём!

Пругкі вецер намагаецца збіць нас з дарогі. Насы і вушы нам залеплівае мокрымі шматкамі снегу. Але гэтага мы нават не заўважаем. Праходзім мост, адну вуліцу, другую.

— Ну, мне сюды...— спыняюся супроць свайго дома.

— Ужо? — дзівіцца шчыра.— Шкада!

— I мне! — кідаю гулліва.

Ён вымае з кішэні кніжку:

— Прачытайце. Вам спадабаецца. Бярыце, бярыце!

— Дзякуй...

— Ну, да наступнага разу!

— Бывайце!

Праз пару хвілін я ўжо дома. Кідаюся да люстэрка. Божа, якая я ўся растрапаная, мокрая — ён на такую мяне глядзеў?!

I не заўважаю, калі спраўляюся з гаспадаркай. Дзеці гуляюць у лато. За сцяной у суседзяў пачынаюцца танцы, там грукоча падлога, дрыжаць сцены. Але на гэты раз мяне не кранае пачуццё самотнасці. На гвалт за сцяной увагі ўвогуле не звяртаю.

Нічога не змянілася ад таго, што мы па дарозе аб нечым гутарылі, нешта крытыкавалі. Аднак я нібы прачынаюся, і на душы адразу палягчэла. Нават — больш! Я раптам як бы ўваскрасаю. Нездарма так многа чакала ад гэтага чалавека — і не памылілася. Даўно не было так хораша. Мяне ўжо распірае ад якогасьці беспрычыннага шчасця, ад вастрыні адчування, што існую. Я задаволена сама сабой, мне лёгка на душы. Успамінаючы хвілёвую размову па дарозе, адчуваю, як яна нас зблізіла. Толькі чамусьці страшнавата.

Сядаю ля печы, разглядаю падараваны томік Олдзінгтона «Усе людзі ворагі». Відаць, так не праглынала ніводнай кніжкі. Чытаю і ўсё лаўлю сябе на думцы: яна ж яму падабалася, а з-за чаго? Праз кожны вобраз і фразу хочацца пранікнуць і ў душу чалавека, які чытаў яе перада мной. Мне неабходна, мне вельмі важна, мне абавязкова трэба іх разглядзець.

Пасля кароткага сну раніцой адчуваю сябе свежай, энергічнай, жывой.

11.

Прыходзіць субота зноў.

Прачынаюся і ўспамінаю — Сяргей на сёння запрасіў на імяніны. Ісці на іх не магу, бо няма з кім пакінуць дома дзяцей. Аднак пайсці хочацца.

Мо адправіць дзяцей да Веры?..

Тупаю на работу ды ўсю дарогу ламаю галаву над нявырашаным пытанем.

Прыбываю ў школу, а там — скандал! Мае вучні нашкодзілі, і цяпер мне ўвогуле не да імянін.

Я ўжо кірую шостым класам. Раніцой вывелі маіх выхаванцаў на школьны двор капаць роў для каналізацыі. Настаўнік па вытворчым навучанні ботам накрэсліў на снезе контуры ямы, раздаў рыдлёўкі, ламы, а сам адправіўся ў прахадную будку скуранога завода. Настаўнік меў там многа сяброў і пайшоў слухаць свежыя анекдоты. Аднак клас мой дружны, працавіты, і дзеці горача ўзяліся за інструменты без наглядчыка.

Прайшла гадзіна, другая. З'явіўся загадчык гаспадаркі, накрычаў на дзяцей, што не там капаюць:

— Бярыце два метры правей!

Мёрзлую зямлю дзеці выкалупвалі па крышынцы, ім зрабілася крыўдна. Заггас пайшоў, а яны замітынгавалі:

— Чаму нам адразу пра гэта не сказалі?!

— Мы працуем, а ён сабе грэецца ў будцы!

— Гэта — несправядліва, не будзем больш капаць ніякіх ямаў!

— Бастуем, рабяты!

Мала гэтага. Дзеці як дзеці, трэба ж ім зрабіць усё з фокусам і фантазіяй. Інструмент засыпалі пяском, снегам. Хтосьці збіў з дошак крыж, уваткнуў у капец. Клас разыграў камедыю хаўтур. Стараста паклаў на галаву дзіравы таз, пачаў хадзіць вакол капца ды пацаркоўнаму спяваць, астатнія яму падпявалі.

Праз акенца з будкі ўбачыў «настаўнік», што робіцца на школьным двары, вылецеў на вуліцу. Дапаў да дзяцей, сарваў са старасты тазік і ўдарыў хлопчыка па вуху. Рабяты абурыліся, грудамі зямлі дружна атакавалі мужчыну, і ён мусіў зноў уцякаць у будку.

Да майго з'яўлення ў школе адбылася ўжо лінейка, і ўсім дзецям дырэктар аб'явіў вымову. Вучні мяне акружылі, пачалі адзін перад другім скардзіцца:

— Хіба ён меў права біцца?

— Чэславу вока ледзь не высадзіў!

— Сціхніце! А вы таксама добранькія! Што вы там спявалі?

— Ірына Іва-аўна, мы — жартава-алі! Чэслаў з тазам, як бацюшка, цягнуў: «Согреши-ихом... и во лености животе мое ижи — их...»