— Бо-ожа, што вы натвары-ылі?!
Прапіраю дзяцей з кухні, адчыняю фортачку, выціраю з падлогі муку, разглядаюся па кватэры. У пакоях, дзякуй богу, падмецена і прыбрана. У халадзільніку накуплены харчы для наступнага дня. Удалося знайсці сталую і гаспадарлівую жанчыну, яна заходзіць да мяне на пару гадзін, а карысці ад яе болей, чым ад Тосі. Але я ўжо не задаволеная жанчынай, што ўсё прыбрана — няма мне за што зачапіць рукі!
Шукаю пісьмо ад мужа, каб нібыта знайсці ў ім адказ на мае клопаты. Канверта не відаць, і я пытаюся ў Марынкі. Не, пошты сёння не было. Выходзіць — няма чым заняць сябе, і — нікуды не дзенешся — мушу ісці ў праклятую цырульню.
— Марынка, прыглядзі за братам, я — ненадоўга... У цырульню плятуся неахвотна, без упэўненасці ў слушнасці таго, што раблю. I ў той жа час не ў сілах супрацівіцца сабе, не магу павярнуць назад.
— Як будзем стрыгчыся? — ветліва пытаецца майстра.
Нешта мычу, сарамліва мнуся. Мужчына велікадушна паказвае, што вельмі добра разумее маю збянтэжанасць, яе нават адабрае, што ведае, чаго хачу, і бярэцца ўпэўнена за работу. Уздыхаю з палёгкай, стаўлю ногі гэтак, каб можна было выцерпець без руху цэлую гадзіну. I насцярожана, нібы ў нечым вінаватая, нібы штосьці хаваю, аглядаю ў зале людзей.
Ля акна — дзяўчынка ў белым халаціку ляскае нажніцамі. У люстры бачу яе стройную фігурку. У пышна ўзбітых валасах — жоўтая пластмасавая пласціначка, і яна прыгожа ўпісваецца ў дзявочы профіль. Ляскае дзяўчына пяць, дзесяць мінут, ляскае пятнаццаць...
— Вучаніца, трэніруе пальцы! — паясняе майстра.
— Та-ак?
— Заўважце: і пры гэтым не праміне аглядзець кожнага прахожага,— майстра дадае з паблажлівай усмешкай старэйшага чалавека, які разумее падлетка.
Сяргей навядзе на вечар вось такіх фіфачак — сваіх знаёмых, а што я там буду рабіць? Зрэшты, зусім не збіраюся туды ісці, гэта маё рашэнне — канчатковае і беспаваротнае; мне толькі патрэбна прычоска. Ды і каб нават хацела пайсці, не змагла б — няма ж з кім дзяцей пакінуць!
А мо ўсё ж такі схадзіць? Толькі на пару хвілінак, каб аддаць падарунак і адразу ж вярнуцца? Сукенка ў мяне новая ёсць, і галава будзе ў парадку...
Ці аддаць аўтаручку заўтра? Не, ужо не той эфект. Эх, выкінула на яе аж шэсць рублёў!..
Покуль сябе мучу пытаннямі, з такой жа пластмасавай пласціначкай на патыліцы другая маладзенькая асоба ля пустога крэсла чакае кліентаў, а яны ўсё не ідуць. Дзяўчына неспакойна круціцца, не ведае, куды падзець сваю энергію. Абедзве напамінаюць нечым Марынку, Віцю, шасцікласнікаў...
— Ой, сумо-ота! — кажа ў адчаі дзяўчына.
— Няма чаго рабіць?— спачувае мой майстра.— То пазвані ў заапарк!
— О, ідэя, дзядзька Рыгор!
Маладзенькая цырульнічыха кідаецца да апарата і набірае нумар.
— Гало, гэта — заапарк? Паклічце мне, калі ласка, да тэлефона старэйшага мядзведзя! Што — ён заняты? Нічога, я пачакаю!
У цырульні дружна рагочуць.
Не смяюся толькі я. Агіднае пачуццё. Бытта нешта краду ў гэтых перапоўненых жыццёвымі сокамі ды энергіяй дзяўчатак, бытта падстройваюся пад іх. Каб можна было ўстаць ды пайсці, я, вядома, пайшла б і не задумалася б, але на маёй галаве — металёвая сфера, як у марсіянкі, яна злучана са сцяной шнурком, а я сама прымацавана яшчэ грунтоўна да крэсла.
— Гатова! — з прафесійнай ветлівасцю, з ласкавай і бадзёрай значнасцю здымае майстра з мяне прычындалы ды папраўляе там-сям валасы.
Сорамна перад людзьмі разглядаць сябе ў люстэрку. Навошта мне, замужняй жанчыне, якую дома чакаюць дзеці, у будні дзень займацца прычоскай? Ці я здурнела? Што мае малыя навычаўплялі дома там зноў?
— Дзякуй вам! — хвалю работу майстра, а сама ўжо вырашыла цвёрда: вярнуся дамоў, падстаўлю пад кран галаву, усё змыю. Сказала сабе так і адразу ўздыхнула з палёгкай.
Праз пяць мінут я дома. Першым чынам паспяшаю да люстэрка. Адтуль глядзіць на мяне нешта чужое, з ненатуральным штучным тварам. I гаварыў жа Косця — завіўка не для мяне! Ах, стары падліза,— лаю цырульніка,— табе — абы грошы вырваць!..
Калі і былі ў мяне якія ваганні — ісці ці не ісці на імяніны, то цяпер не стала. Настрой псуецца дарэшты. Бяру сябе ў рукі, уздыхаю, адзяваюся ў хатні халат. Пачынаю азірацца па кватэры цвярозымі вачыма.
Ядзі і Олі ўжо не відаць. Бо-ожа, як мае малыя перавярнулі ўсё дагары нагамі — тут за гадзіну не дайсці да ладу А! дзе ж яны самі, чаму папрыціхалі?
З туалета валіць дым. Бягу туды, адчыняю дзверы. Перапэцканыя ў муку Віця і Марынка рвуць з газеты істужкі і пякуць там бліны.