Вось і пакінь іх адных!
— Вы што, хату спаліць сабраліся? — крычу з роспаччу, а ў душы кажу сабе: чаго да іх чапляюся, хіба ж яны вінаватыя? Жывыя дзеці!
Там недзе пачынаюць прыбываць на вечар у святочных гарнітурах і накрухмаленых кашулях госці ды гавораць дамам кампліменты... Ну і няхай. Гэта ж злачынства — пакідаць малых на ноч, а самой перціся на гулянкі!
Ад канчаткова прынятага рашэння нікуды не ісці робіцца зусім лёгка. Вось і добра — даўно б так.
— Ану, рабяты, за работу! — кідаю без злосці.
Адчыняем вокны, дзверы. Дружна чысцім памяшканне. Тады садзімся чытаць кніжку. З вуліцы пазванілі — каго там нясе?!
— Можна да вас, Станкевічы? — з'яўляецца раптам на парозе Вера з сынам.
— Ура-а-а, Ігар прыйшоў!— вішчаць мае малыя ды кідаюцца распранаць сябра.
А я ад інстынктыўнага жаху, ад нейкага прадчування аж прысядаю, прыгінаюся ды нават — адступаю.
«Ве-ерачка, ро-одная, мі-ілая, навошта табе было прыходзіць да мяне якраз сёння і ў гэтую пару? Не магла з'явіцца хоць на гадзіну пазней?!»
— Ты некуды збіралася, Іра, дык можаш адпраўляцца! — чую бы з-за сцяны голас сяброўкі.
— От малайчына, што выручаеш...— адказвае Верын голас, падобны на мой.
13.
У госці іду сама не свая. Разумею, што раблю дрэнна. Сяргей правёў бы імяніны выдатна і без мяне, а падарунак аддала б і заўтра. Ну і што, калі жыве з маці? Усё роўна — халасцяк, а я — замужняя жанчына і мужава жонка. А тут яшчэ новая прычоска дадае няўпэўненасці, бянтэжыць дарэшты. Галаву трымаю прама, хвалююся ад сустрэчы з тым, пра каго зумысна цэлы дзень старалася не думаць. З-за яго робіцца страшна, млеюць ногі — жыва ўяўляю, што зараз адбываецца на кватэры нашага настаўніка гісторыі. Стукаю ў дзверы.
— Калі ласка, калі ласка, заходзьце!—запрашае Сяргей.— Вас мы якраз і чакаем! Нам, мужыкам, не хапае вельмі жаночага духу хоць на развод — царыцай балю вам быць!.. Здымайце паліто!
У калідоры ён мяне распранае, а ў гэты час чуваць галасы вясёлай і падпітай кампаніі. Насцярожана слухаю. Знаёмы голас штосьці цікава расказвае, яго забіваюць выбухі смеху. Я даўно заўважыла: Косцю рассмяшыш тады толькі, калі нечым здзівіш, а тут здаровыя мужчыны рагаталі, бо ім проста было весела. Рогат чужых мужчын мяне насцярожыў, адштурхнуў, але адступаць позна.
Здымаю высокія боты, абуваю туфлі, папраўляю каля люстэрка валасы і заходжу ў пакой.
Ад гоману, ад жывога клубка людзей, ад папяроснага дыму ды паху віна губляюся дарэшты. У маіх руках — падарунак! — успамінаю. Сарамліва аддаю імянінніку скрыначку з аўтаручкай, забываю сказаць нават тыя словы, што прынята казаць у такіх выпадках. Гаспадар садзіць мяне побач з тым, хто забаўляе кампанію.
Маё сэрца не ашукала ў прадчуванні: той, каго чакала,— тут.
— Ірыну Іванаўну аддаю на тваю апеку, Пятро! — загадвае яму гаспадар.
Толькі ён чамусьці не надта радуецца нашай сустрэчы. На прывітанне стрымана ківае галавой. Дагэтуль ён забаўляў кампанію, а сваім прыходам я нібы выбіла з яго рук ініцыятыву. Хвіліну позіркі затрымліваюцца на мне, ляцяць у мой адрас агульныя словы ўвагі, жарты, якія прынята гаварыць у такіх выпадках. Затым увагай гасцей авалодвае ўжо другі гаварун.
Пятро маўчыць некалькі хвілін ды нечакана шэпча:
— А я вас чакаў!
— Пра-аўда? — палохаюся сваёй радасці.
— I ведаў, што з'явіцеся так позна!
— А мне здалося, вы незадаволены, што тут з'явілася яшчэ і я!
— Памыляецеся!
— Прыемна гэтак памыляцца...
— А мне прыемна, што вам прыемна!
— То і добра!..
— Я чакаў, чакаў...
— Раней прыйсці не магла. Покуль управілася са сваім калгасам...
— Покуль пачысцілі свае пё-оркі...— паказвае вачыма на прычоску.
Я рагачу.
— Ну, давядзецца цяпер нас даганяць! Па-першае, вам — штрафны!
— Толькі не шмат!... Хопіць, дзякуй!
— Будзем здаровы! Да дна, да дна!.. Во-о, та-ак! А цяпер чым вас пачаставаць?
— Усё роўна — не галодная.
Па нейкім часе адчуваю сябе ўжо свабодней — аж занадта. Мне даўно не было так добра..
14.
Непрыкметна мінае ў гасцях гадзіна, другая.
Пасля тостаў і пачастункаў нехта здагадваецца ўключыць музыку. Ідзём танцаваць. Пятро ўпэўнена водзіць мяне па невялічкім пакоі, то падпявае пласцінцы, то нешта спрабуе расказаць. Раптам нахіляецца ды шэпча:
— Можна вас называць па імені?
— Можна...
— Іра, вам вельмі прыемна апавядаць. Гаварыў вам хто-небудзь пра гэта?
— Не. Чаму прыемна?
— У вас чароўная звычка слухаць з наіўнасцю малога дзіцяці нявіннага.