Нешта меўся ўспомніць...
Ага, што за трывога мяне мучыць апошнім часам? Вось ужо чатыры месяцы, як вярнуўся з вучобы да сям'і, выдавецкія справы ідуць выдатна, на рабоце хваляць, выбралі мяне нават дэпутатам мясцовага Савета, старшынёй камісіі гарвыканкома, а спакою — няма і няма.
Чорт на яго, чаму гэтак цёпла? Ух, як ласкава мяне нешта грэе...
Паварочваюся на бок. Гэ, дык жа побач са мной — Іра! I выгляд у яе, як у дзіцяці. Часамі яна бывае такой маладзень-кай, бездапаможнай, і тады вельмі яе кахаю. Вось і цяпер сціснулася ўся ў камячок, захутаная шчыльнай коўдрай, прыадкрытая толькі з майго боку, адкуль і абдае мяне мілым, так знаёмым цяплом. Яна заўсёды любіць песціцца, як кацянё.
Пачакай, а хіба ж у яе трое дзяцей? Калі ж яны нарадзіліся? Вядома, няма! Гэта мне снілася пра іх, а на самай справе мы ж з ёю зусім яшчэ нядаўна пажаніліся. У нас няма нічога, і мы нават салому ў ложках накрываем газетамі замест прасцін! Фу, а прыдалося, што ў мяне аж два сыны і дачка! Сына Віцю бачыў як жывога, гаварыў з ім, хадзіў нават разам купляць веласіпед! Ліха на яго, чаго толькі не напляцецца, калі заснеш?!
Робіцца вельмі шкада, што ў мяне няма дзяцей яшчэ. Адначасова становіцца не то радасна, не то лёгка і свабодна ад таго, што ўсе трывогі былі ш ўяўныя. Гм, няўжо ў мяне і ў Іры некалі сапраўды будуць сыны, дочкі? Вядома! А покуль што мушу ад'язджаць у Маскву, таму Іры давядзецца ўставаць ды рыхтаваць мяне ў далёкую дарогу. Эх, як неахвота ехаць, але ж — мушу. Нават трэба спяшацца. Яшчэ неабходна расказаць ёй дзіўны сон пра нашых будучых дзетак — ото ж пасмяёмся.
Асцярожна пачынаю будзіць жонку, Іра не адкрывае вачэй, моліць:
— А-ай, Косцік, не перашкаджай! Мне малінавае варэнне сніцца, дай сон даглядзець!
Хачу зарагатаць, але вобраз жонкі знікае, у вушах зазвінела, зрабілася цёмна ды пачало мяне нібы гойдаць. Расплюшчваю вочы, і гэты раз убачыў сябе ў ложку толькі аднаго. Што такое?
Халера, дзе ж сон, дзе — рэчаіснасць?
Не, цяпер, здаецца, прачнуўся нарыхтык.
На будзільніку — дзесяць гадзін. Промні ў пакой ужо не заглядваюць. Масіўныя двайныя вокны цяпер зачынены, і з вуліцы — ні гуку. Выразна адчуваю — на гэты раз вывела мяне са сну поўная цішыня. Гм, што за ліха, я ж адно намерваўся іх пазачыняць і зараз жа заснуў, хто ж гэта зрабіў за мяне?! Няўжо не памятаю, што раблю?!
Во, не хапала, каб пачаў забывацца, як стары дзед.
Па-ранейшаму галава цяжкая, а ў целе — гэтаксама нервозная ўзбуджанасць, якаясьці незакончанасць і дрыжыкі. Гадзін пяць сну прайшло міма, не зачапілі ні душы, ні цела. Застаўся і неспакой. Ясна адно — болей не засну, таму ўзнімаюся з ложка.
Праз шкляныя дзверы відаць, як у суседнім пакоі за сталом сядзіць Іра, трымаючы па руцэ Валодзю. Значыць, ужо вярнулася? А-га, вунь хто паклапаціўся, каб мужу лепей спалася, і пазачыняў вокны ад вуліцы! Тады ўсё ў парадку, яшчэ з глузду не з'ехаў.
Агортвае ўдзячнасць да жонкі. Зноў узіраюся на яе.
Іра нешта старанна піша. Валодзя ў яе на руцэ спакойна спіць. Другі сын з'явіўся для нас нечакана, і ў мяне покуль што да яго няма тых пачуццяў, якія калісьці ўзніклі да Віці і Марынкі яшчэ задоўга да іх нараджэння,— бо перадаваліся ад маіх бацькоў, якія так чакалі ды не маглі дачакацца ўнукаў і ўнучак, што пават трацілі надзею. А змянілася Іра апошнім часам. На твары ў яе з'явілася незнаёмая мне духоўная прыгажосць — чужая і далёкая. Ад чаго б гэта, няўжо ад родаў?
Пачынаю адзявацца, каб ісці да жонкі і сына.
2.
Іра не бачыла, што я прачнуўся. Яна, відаць, успомніла, што на пліце нешта варыцца малому, бо раптоўна ўсхопліваецца і з Валодзем ляціць на кухню. Спакойна зашпіляю на сабе гузікі, абуваюся ды выходжу ў пакой. Паміма волі мой позірк спыняецца на лісточку паперы, што ляжыць на стале. Да ўсяго напісанага мяне цягне як магнітам — даўняя звычка.
«Мой мілы, родны Пеця! — механічна пачынаюць чытаць мае вочы добра знаёмы жончын почырк.— Нягледзячы на тое, што мы з Валодзем ледзь не цэлыя суткі правялі з Табой...»
Аб чым гэта яна?
Як гэта — «правялі ледзь не суткі з Табой»?
Што-о?! Не можа гэтага быць!.. Яны ж гэты час былі на вёсцы, у маці?!
Раптам здалося, што пада мной расступаецца зямля, маё сэрца замірае ад жаху, я трачу пачуццё вагі, таму лячу і лячу ў нейкую бездань, якой няма канца і краю.
Яшчэ ў часы вайны я заўважыў, як у хвіліны небяспекі ці ў моманты нечаканасці ў мяне — тупаватага і павольнага па натуры чалавека — з'яўляецца нечаканая здольнасць маланкавай рэакцыі ды імгненнага мыслення. Гэтая вось здольнасць абуджаецца ва мне і зараз.