Выбрать главу

Каб авалодаць сабой, гаспадар гэтым часам, не паднімаючы галавы, нібы прыбірае ў пакоі. З канапы, з крэслаў хапае рознакаляровыя часопісы з загалоўкамі, надрукаванымі лацінскім шрыфтам, з фатаграфіямі на ўсю вокладку ладных жанчын у купальніках ды шпурляе на этажэрку. Адтуль —перакладвае на журнальны столік, совае на кніжныя паліцы, а фатаграфіі з амаль голымі дзяўчатамі стараецца прыкрыць ад мяне.

«Ну-ну, прыбірай, прыбірай! Колькі ты будзеш так прыбіраць!,. Усё роўна не выкруцішся — ад размовы нікуды не дзенешся!..»

Нечакана мяне апякае здагадка:

«I яна тут бывала?!. Напэўна! Спатыкаючыся, яны тут гаварылі і пра мяне?! Што-о?..»

Раптам адчуваю сябе чалавекам, які адышоў ад кампаніі, але спахапляецца, што ў яго моцна парваны ззаду нагавіцы, а праз дзіравыя шкарпэткі бліскаюць пяткі. Аднак я ўпершыню зайшоў да саперніка і мушу адагнаць пабочныя думкі ды браць ініцыятыву ў свае рукі.

— Ну, то што будзем цяпер рабіць? — стрымана кладу рукі на стол.

— Аб чым вы? — дзівіцца ён з фальшывай нявіннасцю ды ўзнімае галаву.

— Я вам не дурань, не разыгрывайце!

На маім баку закон, прынцыпы маралі, якімі звычайна кіруецца грамадства. Гэта я разумею, адчуваю і выкарыстоўваю са злараднай прыемнасцю. Сваю правату выказваю ўпэўненым тонам голасу, позіркам, якога не адводжу ад гаспадара, і нават тым, як сяджу за сталом, як гляджу.

— Так і будзем маўчаць?

— Гаварыце, слухаю...

— Вам няма чаго, вы — цаца?!

— Дакажыце, калі маеце што!— паціскае незалежна плячыма.

Фраза мяне непрыемна коле і расчароўвае. Я нават лепш прыглядаюся: ці не здалося мне? Не, не здалося. Ён нават яшчэ раз нібы спакойна паціскае плячыма.

— О-го, ты ба-ачыш?! — вырываецца ў мяне мімаволі.

— Што «о-го»? А вы дакажыце фактамі! — паўтарае зноў.

Гэта справу мяняла. Ён зараз напомніў мне клішэ фатаграфіі, якое акунулі ў праявіцель, і вось вырысаваліся на ім контуры, твар, а за тым і ўсё астатняе, што вызначае чалавека.

Я не раз чуў у міліцыі, як злоўлены злачынца кідаў: «Што-о, па-вашаму, я — укра-аў? А дзе вашы доказы? Вы мяне злавілі за руку? Спачатку за руку злавіце, тады будзем і гаварыць, бо інакш — я вам пакажу!..» I не раз бачыў, як розныя махінатары за фармальныя кручкі таксама стараліся схаваць свае брудныя справы.

Становіцца як бы радасна, што мой сапернік паказаў сапраўдны твар, ужыўшы менавіта добравядомую мне методу. I хоць ён цяпер сеў на канапу гэтак, каб быць вышэй мяне, і як бы чакаў, калі нязваны госць сабе пойдзе, але ў гэтым доме фактычным гаспадаром адчуваю сябе ўжо я і не адводжу ад яго вачэй.

Вырашаю не траціць часу.

— Мне — пра ўсё вядома. Яна пісала вам ліст, ён выпадкова трапіў мне на вочы. Вось вам і ўсе «доказы».

— Та-ак? — кажа разгублена.

— «Та-ак»!—дражню.— Таму і прыйшоў да вас, каб вырашыць, што нам цяпер рабіць!

Хлапец неспакойна варушыцца па канапе.

— Ірына Іванаўна сапраўды такі чалавек, які выклікае пашану...— пачынае і моўкне.

Тое, што называе яе па імені і па бацьку, у мяне родзіць якуюсьці надзею. Мо перабольшваю? Мо адносіны ў іх не былі аж такімі блізкімі? Ну, пахадзіла, паўздыхала па ім!.. Мо ён да яе адносіцца проста як да настаўніцы? Любоўнікі ж называюць адно аднаго па імені!

— Толькі цяпер вы гэта бачыце? — крычу ўжо больш упэўнена ды спакойна.

Па ўзросту, па сваёй ролі ў данай сітуацыі я магу звяртацца да яго на «ты», але не раблю гэтага, каб не збівацца на фамільярнасць. Адно слова «вы» вымаўляю як — «ты».

— Чаму не паважалі яе ў той час, калі пачыналі ўсю гэтую забаву?!

У мяне затаілася раптам надзея, мне вельмі ўжо хочацца, я надта спадзяюся, што ён вось зараз скажа — нічога ў іх там і не было. Аднак гэтага не здараецца. Вочы яго злосна бліскаюць, а наўме — я выразна бачу — нараджаецца штосьці крыўднае. Найхутчэй за ўсё, набраўшыся рашучасці, ён хоча паслаць мяне к чортавай мацеры, але ў апошнюю секунду стрымліваецца і толькі адводзіць злыя вочы ўбок.

Выходзіць, у іх усё было, і няма чаго мне сябе ашукваць. Было, і гэтага ўжо не вернеш. Хвіліну маўчым.

Адчуваю толькі цяпер усю няроўнасць нашага становішча. Яму — што? Усё гэта — гульня, забава, спорт, флірт, здавальненне фізіялагічных жаданняў. З трывогай успамінаю сваю маладосць нават: ці не выкідваў і я такія конікі гадоў з дваццаць таму назад?! Не, такога, здаецца, не было.