Выпадак з машынай мяне крыху бы цвярозіць. Спыняюся, пачынаю азірацца, меркаваць, дзе я і што са мной адбываецца. Ага, мінуў дзень, прайшла і ноч, наступае раніца. Спаць не хочацца, толькі кружыцца галава, а калі глядзіш на сонца, то двояцца і трояцца яго чорныя дыскі. Такую з'яву ўжо назіраў у вайну, калі наш полк доўга не выходзіў з баёў і спаць не даводзілася некалькі сутак. Чорны дыск, здаецца, у падобнай сітуацыі ўспамінае і Шолахаў у «Ціхім Доне»...
Неахвота лазіць па полі, неахвота — ісці і ў горад, але апошняя неахвота — меншая, і я плятуся туды, яшчэ сам не ведаючы чаго.
У горадзе ўжо гаспадыні крочаць з сумкамі ў магазін. Плююцца, дакурваюць на аўтобусных прыпынках рабочыя ў спяцоўках. Вясковыя жанчыны на веласіпедах пруць бітоны з малаком. Машына з цыстэрнай палівае вуліцу... Дыханне горада, які паволі прачынаўся, па нейкай індукцыі перадаецца мне, і я адчуваю сябе крыху бы дужэйшым ды жвавейшым. Ва мне, як кажуць спартсмены, пачынае абуджацца другое дыханне. Вяртаецца і цікавасць да жыцця. Памалу аднаўляецца і здольнасць разважання над сваім лёсам.
7.
Хаджу па горадзе і думаю. Злосць і крыўда да Іры пераходзяць у адчужанасць.
Бачыў я на ўласныя вочы чалавека, з-за якога яна страціла галаву, і адразу зразумеў, чым усяго яна для яго была. З ёю здарылася няшчасце. На яе найшло асляпленне, як тады са «свежай рыбай». Але ёсць пэўная мяжа ў паводзінах мужа і жонкі, Іра яе парушыла. Каб і хацеў, не змог бы цяпер дараваць ёй здраду ды жыць разам, бо тады перастаў бы сябе паважаць, як перасталі б паважаць мяне яна і дзеці. Не буду самім сабой, калі зраблю інакш, гэта ясна. I хоць сабе не ўяўляю, як перажыву разлуку з дзецьмі, з прывычным укладам жыцця, але, што мушу знайсці сілы ды пераадолець усё гэта, мне ясней яснага.
Трэба ўсё давесці да канца.
У імя тых дзён, якія мы разам перажылі, у імя дзяцей я павінен зрабіць цяпер развітанне па-мужчынску стрымана, разумна ды без істэрыі.
Каб хоць хапіла вытрымкі па гэта!
Мушу вытрываць, што зробіш, калі так здарылася.
Хачу я ці не, а дзецям заставацца пры Іры. Давядзецца неяк вытлумачыць ім усю складанасць маіх адносін да іхняй маці. Вытлумачыць цяпер абы-як, а вырастуць — мяне напэўна зразумеюць. Вядома, і не Іры з малымі трэба выязджаць з кватэры.
Чорт на яго, з'явяцца цяпер такія незвычайныя рэчы, як аліменты, падманванне сябе, што жывуць недзе сын і дачка, што я іх надта люблю...
Што зробіш, калі так выйшла. А як жывуць тыя бацькі, дзеці каторых загінулі ў катастрофе або пры іншым няшчасці? У мяне нават больш выгадная сітуацыя — змагу іх бачыць кожны раз, калі адно захачу. А то — буду высылаць ім пісьмы, падарункі... Ліха на яго, трэ будзе прыдумаць нейкае тлумачэнне?
У сваім становішчы нечакана бачу нават пэўную выгаду і нязведаную навізну. Як-ніяк, а сям'я адымала ў мяне пэўную колькасць часу і ўвагі, цяпер і гэта нё будзе перашкаджаць. Ото ж настане магчымасць тварыць! Дагэтуль проста браў вядомыя тэмы з вучэбніка псіхалогіі і пашыраў іх, як бы расшыфроўваў, але не ўдаваліся мне мастацкія творы. Цяпер не толькі кніжку пра Макарэвічаў — а і на сямейную тэму напішу. Тэма гэтая прайшла праз кожную маю клетачку, крывінку, праз кожны нерв і жыліну. Ды гэта не будзе калупанне сваёй балячкі, калупанне мазаля. Дзень у дзень у газетах змяшчаюць аб'явы аб разводах, а за кожнай такой аб'явай — цэлая трагедыя, ненапісаны раман. Такую тэму хтосьці ж павінен тыпізаваць і ўзнімаць, дык чаму ж за яе не ўзяцца мне?
Перажыць бы толькі хутчэй удар, няхай хутчэй зажыве адно траўма.
Зрэшты, не памятаю выпадку, каб у мяне што-небудзь вартае атрымалася тады, калі справы ішлі выдатна. А бывалі дні, нават і тыдні, калі дома ляжалі немалыя грошы, адна за адной хвалілі мяне газеты, расхвальвала ў сваіх выступленнях начальства, а я не вылазіў з прэзідыумаў, і кожны дзень для мяне быў як бы святам, ну і што? У тыя дні не стварыў аніводнага каштоўнага абзаца. Мінаў такі перыяд, і я з жахам заўважаў, што развучыўся пісаць, і трэба было цягнуць з сябе жылы нанова. Выходзіць, якраз беднасць і гора з бядой нараджаюць што-небудзь вартае?! А мо — неабходнасць?..
Ад творчай перспектывы, што адкрывалася перада мной, акрыяў да таго, што пры сваім няшчасці пачынаю нават заўважаць прыгажосць раніцы.
8.
А горад усё ажыўляецца. Ужо пругка і бадзёра стукаюць па тратуары абуткам задаволеныя ды шчаслівыя групкі людзей. Іхняе шчасце здаецца такім зразумелым ды недасяжным, што з мяне вырываецца нейкі стогн. Каб не расплакацца, стараюся заглушыць у сабе боль і да ўсяго занадта пільна прыглядаюся.