Выбрать главу

— Ну-у, што-о вы, ахвотна дапамагу!

Іду! зноў дадому. Перад вачыма — заклапочаны малады бацька. Няёмка ад яго прыніжэння, і ў той жа час вельмі добра яго разумею ды спачуваю — і мы з Косцем былі ў такім становішчы, і нас людзі гэтак жа ратавалі!

У нашым гарадку — усяго адзін інстытут, у ім толькі тры кандыдаты навук. Яны ўсе на віду. Людзі лічаць, што ў нас шмат грошай. Косця ўзяў творчы водпуск, каб папрацаваць. Я хацела здаць сына ў дзіцячы сад. Пайшла запісвацца на чаргу, а там мне сказалі: «Вы добра забяспечаны і можаце сабе ўзяць няньку. Вашае месца ў дзіцячым садзе няхай лепш застанецца сыну якой-небудзь тэхнічкі!» I мы ўзялі хатнюю работніцу. А што выйшла з гэтага? У Косці яшчэ нічога не гатова, грошы некуды разышліся...

Не раз спрабавала давесці знаёмым, расказаць чыстую праўду, але дарма. Іх назаўсёды загіпнатызавала Косцева званне (а мо ім надта хочацца мець багатага знаёмага і яны не могуць адмовіцца ад сваёй фантазіі?!). Абрыдла кожны раз тлумачыць. I цяпер, калі хто дзівіцца, куды мы дзяваем свае тысячы, смяюся: «Дачу будуем на Чорным моры», Большасць ве-рыць.

6.

Крочу сабе па асфальце і паступова забываю пра ўспатнелага настаўніка фізкультуры. Успамінаю выпадак у класе. Не, мяне ані кроплі не мучыць сумленне, што я не праявіла салідарнасці з настаўніцай малявання, не стукнула дзвярыма, не вылецела з класа. Паціскаю плячыма і паварочваю ў бакавую вулачку. Яна высаджана каштанамі, і дрэвы якраз дружна расквітнелі.

Вось і мае прыгажуны. Казачныя кандэлябры белых свечак у зялёных кронах — не адарваць вачэй! Восенню тратуары тут будуць усыпаны лупіннем, вучні стануць дарыць мне грыбочкі з каштанаў, а некаторыя настаўніцы зноў мне пазайздросцяць.

Кіраўніком класа я стала нядаўна. Яму ніхто не мог даць рады. Яго ў настаўпіцкай чамусьці празвалі бандай хуліганаў. Хіба ж мае вучні — хуліганы? Часамі яны чулыя, сардэчныя. У некаторых сваё, мне даверанае. Адзін мусіць няньчыць дзяцей у сям'і, у другога нядаўна бацька пакінуў маці і перайшоў да другой жанчыны. Найцяжэйшы — Янусік. Нястрыманы. Востры на язык. Непаседлівы.

Днямі прыходжу да яго на кватэру. Стукаю ў дзверы. Адчыняе сам Коля. Чыстыя, абстаўленыя новай мэбляй пакоі ўсланы і ўвешаны дарагімі кілімамі.

— Маму? Там яна!— паказвае насцярожанымі вачыма Коля.

На падлозе перад шафай — здаровая самазадаволеная маладзіда перабірае нейкія транты. Яна не ўстае, каб мяне павітаць, толькі паказвае, куды сесці.

Пачынаю сваю скаргу.

Няўважліва слухаючы, жанчына без пераканання падтаквае, абзывае сына «паразітам», паклікае на яго хваробы і гібель. Коля высоўвае галаву з кухні. У яго вачанятах чытаю сорам за маці і адразу спахопліваюся — каму я ўсё гэта кажу?!

Дачакаўшыся нарэшце, калі змоўкну, жанчына дастае з шафы туфлі і, аслепленая шчасцем, хваліцца:

— Паглядзіце, Ірына Іванаўна, якія прыгожыя, праўда? А гэтак танна каштуюць—цяжка паверыць! Сёння ва універмагу давалі...

Колю мне стала шкада, як сына.

Што і казаць, паводле строгіх педагогаў, мае вучні, мажліва, і хуліганы. Толькі менавіта таму патрабуюць яшчэ большай увагі, цярпення і цеплыні. Могуць ляпнуць дзвярыма і збегчы з урока — спіхнуць усё на чужую галаву, каб самому лягчэй жылося...

Хочацца перад кімсьці выліць душу, камусьці давесці, што паводжу сябе правільна. Шкада, Косця гэтак заняты! Некалі ў такіх выпадках запісвала ўсё ў дзённік, і мне адразу рабілася лягчэй. Пацягнула зноў заглянуць у яго. Прыйду дамоў і абавязкова пашукаю старыя сшыткі.

Паміма волі перад вачыма ўзнікае незнаёмы — ах, вунь што не магла ўспомніць!

«Разумееце,— скарджуся яму,— ну, падтрымала б аўтарытэт той настаўніцы малявання. А вучні? Што ім да таго, што дарослыя дзядзькі прыдумалі застылую і нудную форму ўрока: праверка хатняга задання, новы матэрыял, замацаванне?.. Настаўнік здаровым розумам павінен кіравацца і сэрцам, а не шаблонам! Розныя схемы да смерці не падабаюцца ўсяму жывому...

Учора піянерважатая завяла гутарку з маімі вучнямі:

«Давайце на свята арганізуем у школе чай!» Востры на язык Янусік і ляпнуў: «А па колькі лыжачак цукру будзеце класці нам у шклянку?»

Замест таго каб пасмяяцца разам з класам, яна ў амбіцыю:

«Я пайду ў інстытут, дзе твой бацька працуе, паскарджуся ў партарганізацыю!»

Настаўніку, ведаеце, трэба быць таленавітым, яго выхаваўчая работа — заўсёды імправізацыя. Гэта — псіхалагічная і дзелавая рэакцыя на любы ўчынак вучня, калі ты павінен імгненна знайсці адзіны справядлівы ход, і тут ніякія інструкцыі, шаблоны, падручнікі не памогуць.