Выбрать главу

— Пойдзеш у школу так.

— Прынясем табе шпулькі туды!—дадае Іра.— Я прынясу.

— А скрыначкі? Што мне Ніне Міхайлаўне сказаць?

— I скрыначкі ў час перапынку атрымаеш.

— Добра.

— Ну то бяжы на двор!

— А-ай, ма-ам, я не хачу на двор! Можна яшчэ дома пачытаю? Мо-ожна, га?

— Чытай. Толькі ідзі сабе адгэтуль.

Віця знікае. На Ірыным твары лаўлю выраз удзячнасці, які, мабыць, з'явіўся б і ў чужой жанчыны, калі б ёй хтосьці выказаў дробную паслугу.

Хвіліну маўчым, не маючы адно да аднаго ніякай варожасці. Сяджу супроць былой сваёй жонкі, а паміж намі — няўлоўны бар'ер, які ўжо ніхто і нішто не ў сілах зліквідаваць. Я перапоўнены жаласцю і смуткам да дзяцей, да ўсяго таго, што перажыў у сям'і, у гэтай кватэры, нават — да рэчаў, якімі напоўнены пакой. Толькі да яе не адчуваю і ценю літасці. Відаць па яе вачах — Іра разумее, што я вырашыў рабіць. Яна, мабыць, памірылася з лёсам і ад гэтага яшчэ больш пазмрачнела, а апухлы яе твар ад перажыванняў зрабіўся непрыгожым і шэрым.

12.

Магу ўжо не гаварыць больш ні слова. Проста трэба збірацца ў дарогу, уцякаць з гэтага месца, дзе з мяне так наздзекаваліся, дзе мяне абдурылі, зганьбілі ды прынізілі — уцякаць ад сваіх дзяцей, ад ладу жыцця, да якога прызвычаіўся, а яно, выходзіць, было суцэльным ашуканствам. Аднак я не спяшаюся, адпачываю. Толькі цяпер адчуваю, як маё цела гудзе ад стомленасці. А яшчэ мне хацелася... есці.

«Нічога,— супакойваю сябе,— паспедаю ў сталовай На вакзале».

Маўчанне наша доўжыцца. Толькі часамі дрыжаць сцены, калі праязджаюць па вуліцы грузавая машына ці аўтобус, ды ў суседнім пакоі Марынка няньчыць малога і спявае яму прыдуманую песню:

Іт із літл гуд бой,

Іт із літл май бой!

Іра цяжка ўздыхае, хапаецца за галаву:

— Столькі натварыла, столькі навычаўпляла, што не маю права ў цябе што-небудзь прасіць!..

— Добра, хоць усведамляеш!..

— ...I ўсё ж такі да цябе звяртаюся — выслухай мяне! Не хачу, каб ты пасля думаў, што я была звычайнай распусніцай. Табе раскажу ўсё, як на споведзі!

— А ці трэба? — са здзіўленнем паварочваю да яе галаву.— Што гэта дасць?

— Не, дасць! Ты для мяне быў і бацькам, і самым справядлівым чалавекам на свеце!

— О-го!..

— Сам ведаеш, гавару шчыра. Нікога я так не паважала і не паважаю! Паслухай і разваж! Ты ўсё мяне папракаў: «Ну і логіка, ну і логіка ў цябе!» Дык пакажы менавіта цяпер ты сваю логіку! Гавары шчыра, я чакаю.

Прымушаю сябе слухаць.

— Вось, напрыклад, наш адзін дзень. Дамовіліся пагуляць за горадам. Я крыху спазнілася — дзеці затрымалі. Усё арганізавала, распісала, што каму зрабіць і ў якую гадзіну ды ў колькі мінут, і нарэшце — адправілася. Ужо крочу па полі. Трава трэцца аб ногі, птушкі шчабечуць, а яго — няма. Зрабілася страшна-страшна — а раптам яго ўжо ніколі і не будзе?! Так мне і трэба! — з забабонным жахам упікаю сябе за грахі, а ва мне ўсё сціскаецца ад ненапраўнай страты ды жалю. Паціху плятуся назад. Раптам бачу — бяжыць задыханы па раллі!

— Я шукаў цябе ўсюды, і мне здалося — болей цябе ўжо ніколі не ўбачу! Як падумаў пра гэта, то, павер, ледзь не памёр ад страху!

— Дзіва — дык і я падумала тое самае!

Болей нічога не гаворым. Узяліся за рукі ды моўчкі плывём праз поле. Адчуваю дзіўную гармонію пачуццяў і думак...

Так апавядае Іра.

Гэтым часам я сабе ўяўляю гэты малюнак і ледзьве стрымліваю абурэнне. Няўжо ты, чалавеча, не разумееш, што слухаць мне такое вельмі цяжка?! Гэтай «гармоніяй» ты адняла бацьку ў сваіх дзяцей, чаму ты такая бязлітасная? Адкуль менавіта ў цябе гэта душэўная слепата, якой ты мяне дапякала?! Раскусіў я твайго «гарманіста» з першага разу. I ў цябе ж дзеці, дзе быў твой розум ды інстынкт мацярынства, калі пачынала ўсё гэта?! Чорт, мабыць, і праўда розум не існуе сам па сабе, ён заўсёды на службе — у кахання, у нянавісці, у карыслівасці, у палітычных пераконаннях чалавека?..

Я ўвесь кіпеў ад абурэння, аднак маўчаў.

— ...Нам не трэба было слоў, усё было і так зразумела. Мы паселі на мяжы і загаварылі шэптам, бытта баяліся, што нас падслухаюць травы, вецер. Ён расказаў аб сваім дзяцінстве, аб сваіх марах і прызнаўся, што яму надта хочацца зрабіць штосьці карыснае людзям, але покуль што так нічога зрабіць не ўдаецца. Я апісала сваё дзяцінства. Расказала і пра свайго бацьку — вялікага барацьбіта за шчасце людзей, які загінуў у змаганні за праўду. Бацьку, вядома, ад пачатку да канца выдумала — гаварыла пра такога чалавека, якім марыла бачыць свайго сына. Гаварыла ўсё гэта ды адчувала яго рукі. Перапоўненыя духоўнай блізкасцю ды ўдзячнасцю адно да аднаго, мы і не заўважалі, калі наступала іншая блізкасць. Адчувала толькі захапленне і здзіўленне, што так бывае. Забывалася мінулае, забывалася сучаснае, забывалася ўсё на свеце...