Праз хвіліну, абвешаныя соннымі артылерыстамі, нашыя кароткаствольныя імкліва ляцяць цераз пусты і змрочны горад. Толькі з-пад гумовых колаў страляюць пырскі ды ляскочуць жалезам перадкі. За горадам батарая крута заварочвае цераз нейкія купіны і парожкі ў кусты.
Усю дарогу я ляжаў на лафеце, абдымаючы яго халодную сталь. Гармата, вядома, падскоквала і здорава набіла мне бараду, грудзі і калені. На мне няма жывога месца – усё баліць і ные.
Толькі саскочыўшы з лафета, зразумеў: купіны – магілы, а парогі – нізкая агароджа з чыгуну. Мы – на могілках.
Гарматы закопваем у момант.
Дзе праціўнік? Чорт яго ведае. Спераду – страляюць. Ззаду заліваюцца кулямёты. Справа і злева – успышкі і выбухі. Чутно: сакавітая руская лаянка пераплятаецца з гартаннай – нямецкай. На долю секунды ўспышкі адсоўваюць цемру, але паспяваю разгледзець толькі чарнату глебы.
То праціўнік быў далёка, за сотню кіламетраў, то раптам...
Кучэрына няма. Камандзірам гармат няма ад каго даведацца пра абстаноўку.
Напружанне пануе з гадзіну, затым хлопцы прызвычайваюцца. Супакойваюся і я. Метраў праз восем ад маёй агнявой маячыць капліца. Адчыняю ў яе дзверы, асвятляю ліхтарыкам.
Памяшканне сухое, абвешана іконамі.
«Адкуль яны тут? –дзіўлюся. –Немцы ж –пратэстанты!»
Ліхтарык асвятляе васковы тварык груднога дзіцяці. Цельца загорнута ў вышываны ручнік...
Трупік закладваю за ікону, клічу хлопцаў. Пачынаем масціцца на начлег. Усе здаволеныя: ах, пашанцавала.
Як мала трэба чалавеку для шчасця!
Толькі ўсе выгодна ўладкаваліся на цвёрдым, але сухім катафаліку, толькі Дубаў і Хілько пачалі смачна храпці, а ўжо ўлятае пасыльны ад Кучэрына з загадам здымацца зноў.
I вось узбаламучаныя стралянінай коні пруць нас што ёсць духу па мокрым асфальце ўжо праз лес, а спакойнае яго дыханне хіліць на сон. К д’яблу гэтую вайну, к д’яблу ўсё на свеце! Невыносна хочацца спаць, спаць, спаць і спаць. З шаснаццатага студзеня каторая ноч – на нагах і на нагах...
З шашы заварочваем у гушчар. Праскакаўшы метраў з дзвесце па карэннях, мая гармата спыняецца на просецы. Пяхоту пакінулі чамусьці ззаду нас: чаму так?
Адводзяць коней. Акопваемся.
«Якога д’ябла вынесла нас гэтак далёка ад перадкоў?» – трывожуся не на жарты.
«Начальства ведае, што робіць. Яно газеты чытае, радыё слухае і чай п’е, – іранізуе Ісаеў. – Наша справа салдацкая – выконвай загад, і кропка!»
Пра загад ён мае рацыю. Дзе камандзір гарматы? Няўжо Разбек застаўся ў Флатау?
Пачынае памалу днець. Начная цемра паступова раствараецца, і ўжо бачыш камлі асобных сосен. Мокры, набрынялы дажджом тоўсты слой моху і кастрыцы, як магнітам, цягне нырнуць у пухкую пярыну ды храпануць на ўсю моц, а там – няхай будзе, што сабе хоча, нават – няхай свет валіцца.
Толькі цяпер заўважаю: там-сям валяюцца нямецкія трупы – вынік начнога бою. Вось якую мы чулі страляніну! Мёртвыя, абвешаныя кацялкамі ў суконных футаралах, з поўнымі ранцамі, ляжаць покатам, шырока раскінуўшы рукі-ногі, іншыя – галавой уніз, абхапіўшы рукамі і нагамі зямлю.
Афіцэрская школа са Шнайдэмюля.
Прарваўшыся цераз кола блакады, немцы зрабілі двухсоткіла-метровы рэйд па нашых тылах, а тут захацелі прасачыцца да сваіх у крэпасць Кольберт. Натыкнуўшыся на нашыя другі і трэці эшалоны, недавучаныя афіцэры пайшлі ў лабавую атаку ды былі ноччу адкінуты назад. Зараз збіраліся недзе ў гушчары перад маёй гарматай.
Пяхота як залягла на грэбені шашы, так і ляжала там – чамусьці да нас перакідваць яе не спяшаюцца. Камандзіра гарматы ўсё няма, даводзіцца выконваць яго абавязкі мне.
Загадваю Дубаву і Хілько – па левы, Ісаеву па правы бок акапацца ды заняць абарону фронтам у глыбіню лесу. Страляць з гарматы буду адзін. На ўсялякі выпадак ад забітых немцаў звалакаю з добры дзесятак вінтовак, кладу іх каля сябе, як дровы.
Толькі закончыў з вінтоўкамі, заўважаю: уперадзе падазроны рух. Наводжу панараму і праз павелічальнае шкло выразна бачу: па прасецы ў наш бок зусім сабе спакойна тупае пара немчыкаў, і гэтаксама спакойна салдаты размаўляюць з тымі, хто крочыць лесам, але мне іх з-за дрэў не відаць. Загадваю сам сабе з хваляваннем: «Ну, давай!»
Заганяю ўказённік асколачны, даводжу крыжавіну ў панараме да жывых фігурак, тузаю спуск.
Бу-ум!
Немцаў на прасецы – бытта і не было.
Ліха на яго, па роўнай, як страла, прасецы відаць далёка, па ёй не падпушчу нікога і блізка, але ж злева і справа – сцяна густога лесу, праз гушчар да нас можна падысці ўпрытык ды пабраць усіх голымі рукамі. Што прыдумаць?