Няўжо нельга ўцяміць, што вучні — пасудзіны пустыя, куды на ўроках мы павінны напампаваць энную колькасць ведаў?! Яны — каганцы, якія трэба запаліць!.. Пафатыгуйся, намацай у кожнага кноцік, запалі, і дзіця будзе табе паслухмянае, удзячнае і не выкіне глупства!..
Падтрымаць піянерважатую і настаўніцу, бо ім усяго па дваццаць гадоў? Педагогі не маюць узросту. Няважна, колькі табе — ці сорак, ці дваццаць,— вучні хочуць бачыць у табе чалавека, мудрага жыццёвым вопытам!»
Параўнанне з каганцом недзе я вычытала, але думку выдаю за сваю. Прыдумваю, што адказвае незнаёмы, і гавару, гавару, гавару. Нават прызнаюся яму, якая з мяне чараўніца на ўроках, як навязваю свае думкі іншым.
7.
Аж шкада, што канчаецца дарога.
Зварочваю з тратуара, саджуся на нейкую лаўку. Паступова нібы прачынаюся ды бачу бессэнсоўнасць такой дыскусіі.
Пачынаю гадаць зноў: хто гэты чалавек? Яго воблік спалучаецца з героямі, што асвойваюць Поўнач, пракладваюць трасы ў тундры, капаюць каналы ў пустынях. Чамусьці ўпэўненая — ён інжынер.
Абуджаюся ад нейкага спеву і гляджу, дзе я.
У парку. Пад вечар ён прыкметна напаўняецца людзьмі. Перада мной плывуць дзве маладзіцы: не то п'яныя, не то вар'яткі, не то надта ўзрадаваныя нечым. Рукі переплеценыя, вочы ад радасці нічога не бачаць. Адна прыслухоўваецца да свайго голасу і цягне:
В тол-пе-е народа
Он глаза-ами ме-ня по-иска-ал!..
На іх аднолькавыя стракатыя пацеркі, старамодныя кофты, шырокія і разбітыя туфлі.
Мабыць, сёстры з вёскі тут, у горадзе, спаткаліся...
Да мяне нясмела набліжаецца салдат. Доўгі, няскладны, белабрысы, з прышчыкамі на твары.
— Вы сумуеце? — пачынае ён са штучнай зухаватасцю.
— Не.
— А чаму вы адны?
— Мне так падабаецца.
— Падаба-аецца?
— Ага.
— Адной?
— Адной.
— Гм...
Салдат ужо не ведае, што гаварыць.
— Дык вы сумуеце?
— Я ж вам ужо сказала!
Мой спакойны настаўніцкі тон збіў беднага з панталыку. У яго выйшаў увесь набор фраз для такіх сустрэч. Ен добра разумее, што трапіў у смешнае становішча, але адысці ўжо не можа.
Хлапцу памагаю:
— Вунь пайшоў ваш сябар з дзяўчынай. Вы б у яго спыталі, як завалодаць яе сэрцам, і павучыліся!
Салдат раптам робіцца шчырым, цяжка ўздыхае і даверліва скардзіцца:
— Ага, яму толькі скажы!
— А што?
— Аблае размазнёй, потым вернецца ў казарму і яшчэ пачне ўсім расказваць...
— А-а...
Божа, якія бываюць праблемы!.. А ён добры хлопец! Робіцца цёпла па душы. Успамінаю сваю Тосю.
— Увечары прышлю сяброўку. Прыйдзеце сюды?
— Абы не надта позна, бо нас не пускаюць...
Спяшаюся дамоў. Дзеці мяне чакаюць.
— Ну, што ў цябе, Марынка, было ў школе? Пыталіся цябе на ўроках?
— Не пыталіся. На арыфметыцы Валянціна Мікалаеўна задала загадку: у мяшку восем кілаграмаў яблык. Усыпалі яшчэ два кілаграмы. Што трэба зрабіць? Мукасей кажа: «Я ведаю! Трэба яшчэ раз адважыць!..» Ой, мама, а потым на ўроку спеваў наша настаўніца так стукнула па стале, што гадзіннік спыніўся!
— Давялі яе, бедную!
— Мам, а ў Міколкі Кастыля машына ката забіла! — перабівае Віця.— I мы з Колькам закапалі яго ў двары, каб посфар выходзіў і ўсе баяліся!
— Фосфар?
— Ну. Ноччу...
— I ты браў дохлага ката? Марш на кухню, мый рукі! I з мылам!
Выпраўляю дзяцей на двор, перадаю Тосі запросіны ў парк.
Іду да Косці, каб расказаць яшчэ раз пра незнаёмага. Падыходжу здалёк, з выпадку ў школе. Косця прыслухоўваецца.
Дарэмна ўзрадавалася. Ён адвярнуўся ад машынкі адно на хваліну, каб запісаць пра выпадак з прыёмнікам і сустрэчу з салдатам. Потым механічна хавае блакнот ды паглыбляецца ў рукапіс.
Застаюся зноў адна. Саджуся правяраць сшыткі і ўспамінаю пра дзённік.
Пасля доўгага перапынку зноў пачынаю пісаць у дзённік уражанні. Адвыкла. Запісваюцца толькі ўрыўкі думак, і то бессістэмна. Лянуюся напружыць мазгі. Навошта мне гэта, хопіць аднаго пісьменніка ў сям'і!..
Успамінаю просьбу маладога бацькі, хаваю сшытак і адпраўляюся да сяброўкі.
8.
Спатыкаемся ля дома і радуемся, як дзяўчынкі.
— Ой, Вера, суткі цябе не бачыла, а здаецца — вечнасць! — кажу.— Ведаеш, Косця гаворыць, што шчэ не бачыў, каб жанчыны так шчыра сябравалі!
— Пра-аўда? — смяецца Вера. I сур'ёзна: — Ён у цябе вельмі разумны, ты шчаслівая...
— Куды там!.. Быў бы ён лепш звычайным! А то дома ён і — няма яго!..