Храм толькі што пабудавалі, запоўнілі паслушнікамі і манахамі. Ішлі ў яго ахвотна. То дзіва. За адныя харчы, адзенне і жменьку солі князі набіралі цэлыя дружыны, што гатовы былі за іх біцца на смерць. I Каложа гарантавала чалавеку стабільнасць. Калі іншы год спарына («галаўня») пляжыла ўшчэнт мужыкам жыта, хлеб елі кожны дзень толькі ў манастырах.
У атмасферы дзікіх забабонаў, грубай сілы і бяспраўя сякі-такі лад ды цывілізацыя існавалі ў храмах. Туды сцякаліся весткі. Там навучалі грамаце і стваралі ўмовы мастацтву... Трапіць у той час у манастыр азначала — зрабіць кар'еру куды большую, чым цяпер, пераехаўшы з якой-небудзь вёсачкі Палесся на пасаду прафесара ў сталічную акадэмію.
У паслужнікі для Каложы, напэўна, навербавалі хлопцаў з прынёманскіх вёсак — тых, што князь Усеваладак (ці іншы праўнук Яраслава Мудрага, якія па калейцы правілі Прынёманшчынай) сагнаў у свой час на будаўніцтва храма. Пад наглядам якога-небудзь барадатага айца Філарэта са святога Афона хлопцы спачатку мясілі гліну для плінфы, гасілі вапну, малаком ды бычынай крывёю разбаўлялі раствор, закладвалі ў сцены магічныя галаснікі, і айцу Філарэту была магчымасць да іх грунтоўна прыглядзецца, прыслухацца і выбраць сабе лепшых з найлепшых.
I вось у Барысаглебскім храме паслушнікі кожную раніцу сталі няўпэўнена вымаўляць словы малітвы. Галаснікі стваралі акустычны эфект. Хлопцы смялелі. Словы гучалі ўсё больш выразна ды пранікнёна — нездарма набожныя тэксты стваралі найвялікшыя таленты свайго часу: Іаан Златавусты, Георг Пісійдзійскі, Раман Сладкапевец, а доўгі ланцужок пакаленняў нашых продкаў тэксты адшліфаваў да крыштальнага звону.
Паступова малельшчыкі словы божыя вызубрылі (а куды дзенешся!). Здольныя хлопцы неўзабаве зжыліся з імі ды пачалі тэксты перарастаць: тыя паслушнікі ды манахі былі не дзеці, манатонная аднастайнасць рэчытатыву, паўтарэнне гукаў на адной вышыні ўжо апрыкрала. Як у іншых храмах (гл. «Историю русской церкви» М. Нікольскага), давялося ставіць старога з кіёчкам, каб будзіў паслушнікаў, якія засыналі.
Адным словам, сытым, апранутым і з дахам над галавой хлопцам рабілася сумнавата. Але, харавое пенне — вышэйшая форма духоўных зносін, яно — спрыяльнае асяроддзе для сумеснай творчасці.
3.
Аднойчы, калі ў Каложы не было іпадзіякана, на хорах, як звычайна, паслушнікі цягнулі аднатонную мелодыю. З левай нефы Сямён, Уладзімір і Мікола, якіх ведалі дома як Пракоп Рукавіца, Сяргей Крывалупка і Касавокі Серафім з-пад Ваўкавыі, раптам ірванулі гэтак, як спявалі ў сябе на вясковых вячорках — тэнарамі ды на актаву вышэй. Ім на падмогу з правай нефы азваліся любчанскія зухі Хведзька Капуста, Сашко Паджары і Дзяніс Сіла — ужо басам. I толькі цяпер галаснікі са сваёй няхітрай канструкцыяй упершыню споўнілі тую, менавіта, функцыю, што была наканавана ім гліняным лёсам: акустыка акорд зліла, павялічыла.
Здарыўся цуд галасавога эфекту. Для хлопцаў у манастырскіх балахонах ужо здалося, што падхапілі іх ласкавыя і чыстыя хвалі магутнай ракі. Некуды яны плылі, а навокал гучалі песні купалаўскай ночы, гулі кроны дубоў, на ветры звінела лісце асін, шалясцелі кусты...
Так узрадзілася ў храме новая галасавая форма.
Але і сярод манахаў Каложы не абышлося, вядома, без даносчыкаў.
Прыпадымаючы даўзёрны падраснік, прыляцеў запыханы архімандрыт. За ім — перапалоханы іпадзіякан. Абодва напалі на імправізатараў:
— Багахульнікі! Самавольнічаць уздумалі?!. Божыя словы чытаюць, а не выводзяць у песні!
— Карысць не ў салодкай песні, а ў — набожнасці!...
Эх, доля наватараў!
Пракопа Рукавіцу, Сяргея Крывалупку, Касавокага Серафіма пасадзілі на хлеб і ваду. Хведзьку Капусту, Паджарага Сашко і Дзяніса Сілу прымусілі стаяць усе ночы на маленні.
I зноў бедныя паслушнікі ды манахі павінны былі нудныя тэксты бубніць рэчытатывам альбо ва унісон.
Аднак вестка пра смелы іх учынак дайшла да Прачысценскай, Ніжняй ды астатніх цэркваў, дзе прынёманскіх хлопцаў у балахонах гэтаксама да смерці заядала манатоннасць. Учынак суседзяў узбудзіў жаданні такой жа выхадкі, насяліў у бунтарскіх душах надзею.
Манастырскі інадзіякан у сабе чалавека цалкам яшчэ не засушыў, да славы наватараў аднёсся з затоенай пашанай, віну захацеў як-небудзь згладзіць. Са шчырай цікавасцю стаў да іх падлабуньвацца.
4.
Як там усё адбылося на самай справе, цяпер нам ніхто ўжо не скажа. Дапусцім, што запудлівы архімандрыт аднаго разу адправіўся ў Полацкую Сафію на чарговы сабор. Манастыр уздыхнуў на поўныя грудзі — яго жыхары адчулі сябе адразу вальней. Два дзесяткі паслушнікаў і манахаў у той дзень, ідучы на абедню, не надта спяшаліся, тым больш што па дарозе было на што паўзірацца і паслухаць.