Выбрать главу

— Вы бачыце, Эвiта, што б нi казалi, гэтая краiна застаецца краiнай сумленных людзей. Плошча Iталi!.. Я шукаў гэты бумажнiк паўсюль! Я разабраў сядзеннi ў машыне, я вярнуўся ў гараж, я распытаўся ў кансьержкi. Плошча Iталi! Я нават больш i не думаў пра яе, i аднак я больш нiдзе не мог яго згубiць — менавiта там я спынiўся, каб купiць гваздзiкоў. Пэўна, заплацiўшы, я сунуў гэты чортаў бумажнiк мiма кiшэнi. Я спяшаўся…

Ганзаг убачыў, што тоўстая Эвiта пачынае ўсмiхацца. Ды ён сам разявiў рот ад захаплення! Каб зручней было хлусiць, Керфаўэ выкарыстоўваў i праўду. Ну, вядома, ён згубiў бумажнiк, купляючы кветкi, але кветкi былi не ёй. Аднак выдатны Вiльям iмправiзаваў з красамоўнасцю, якая сведчыла пра добрую падрыхтоўку:

— Я спяшаўся… У апошнi момант я заўважыў, што не ўзяў буйнога шроту. Прыкрая хiба, бо мне маглi патрапiцца дзiкi. Зброевыя крамы адчынялiся пазней, i я вырашыў, зрабiўшы круг, заехаць у Шуазi, дзе жыве гэты заўзяты паляўнiчы, вы яго ведаеце — мой кузен Ражэ… Я спадзяваўся пазычыць у яго некалькi патронаў. Мне здалося, што з майго боку будзе далiкатна, калi я запасуся букетам ягонай жонцы…

Заблытаўшыся ў сваiх меркаваннях, шчаслiвая таўстуха расплылася ва ўсмешцы. Яе невычарпальны муж заводзiў сваё апавяданне яшчэ далей, каб яго ўжо нельга было праверыць.

— Добра, што мне ў галаву прыйшла думка набраць бензiну каля Шуазi. I яшчэ лепш, што я сунуў руку ў кiшэню перш, чым мяне абслужылi. Во б меў я тады выгляд!

Апраўданы i нявiнны Керфаўэ добра ведаў, што любы каментарый сапсуе яго легенду. Таму ён павярнуўся да Ганзага i, не даючы нiкому i рота разявiць, загаварыў саладжавым голасам:

— Сапраўды, пане, я i не ведаю, як вам аддзячыць. Страта грошай, чорт iх бяры, — справа не смяротная. Страта папер — гэта ўжо горш, але заўсёды можна атрымаць дублiкаты. Аднак самы каштоўны мне сам бумажнiк. Ёсць падарункi, якiя…

Ён не скончыў фразы i з пяшчотай паглядзеў на жонку. Тая сцiпла прабуркавала:

— Мой дарагi!

Ганзаг хмурнеў. Керфаўэ быў майстар, але гэта было ўжо занадта. А жонка з усiмi яе грашыма была не хiтрэйшая за тых шлюх, якiя слухаюць развесiўшы вушы ўсялякага прайдзiсвета, якi абдзiрае iх да нiткi. Прыгожанькi дуэт! Проста чароўная сцэна, дзе невялiчкая роля адведзена яшчэ аднаму iдыёту, якi, як толькi напiўся, даў свайму анёлу-ахоўнiку ўвесцi сябе ў зман i пайшоў аддаваць грошы, якiя самому былi патрэбныя. Але што зроблена, тое зроблена. Чорт з iм! Аднак трэба было з гэтым канчаць. Ганзаг раптоўна запусцiў руку за пазуху, дастаў бумажнiк i падаў яго ўладальнiку, выцiснуўшы з глыбiнi горла:

— Вось ваша рэч! — Пасля, з пагардай: — Калi вы хочаце праверыць…

Ахвяра была прынесена. Не вельмi спяшаючыся, але i не марудзячы, Керфаўэ ўзяў сваю маёмасць, сунуў яе ў кiшэню i адказаў з трохi напышлiвай знявагай:

— О, я вам цалкам давяраю!

Наступiла маўчанне. Маўчанне, якое ахалоджвае недарэчны запал i нагадвае пра тое, што прыйшоў час развiтацца. Калi Керфаўэ загаварыў зноў, голас яго гучаў ужо не так урачыста.

— Яшчэ раз дзякую вам. Я не ведаю, што б мы маглi вам зрабiць, каб засведчыць нашую…

Слова «ўдзячнасць» так i не прагучала. Цi могуць багацце i раскоша быць удзячнымi рызманам? Удзячнасць заўсёды выказваецца па ўзыходнай лiнii, а не наадварот.

— Як бы мы маглi?.. — неахвотна пачала гаспадыня. — Вiльям, мне здаецца, што звычайна ў такiх выпадках…

Здавалася, што ў гэтым доме часта не канчалi фразы. Але муж падтрымаў жонку:

— Мне вельмi няёмка… Грашовая аддзяка! Самi словы гэтакiя ж недарэчныя, як i рэч, якую яны азначаюць. Я не хацеў бы вас пакрыўдзiць, пане…

Ён напружана паглядзеў на Ганзага, i той усё зразумеў. Грашовая аддзяка? Немагчыма было ўдакладнiць яе памер, не адкрыўшы велiчыню сумы ў бумажнiку. Сумы грошай, «цярплiва (а значыць, употай) сэканомленых на маленькiх шчодрасцях Чылiйкi». Плакалi яго дзесяць адсоткаў! Невядома, што яго стрымлiвала: гордасць цi «склад розуму», далiкатнасць цi «вернасць прынцыпам» — справа была не ў словах. У любым выпадку Ганзаг, якi бярэ, але не жабруе, быў няздатны пратэставаць, таргавацца або шантажыраваць.

— Пакiнем гэтую справу, — сказаў ён сурова. — Мне нiчога не трэба.

Керфаўэ таксама больш нiчога не патрабаваў. Некалькiмi фразамi ён нiбы запакаваў i перавязаў стужачкай гэтае высакароднае адмаўленне:

— Мне вельмi няёмка, але я вас добра разумею. На вашым месцы я б зрабiў тое ж самае. Сумленнасць аплочваецца сама па сабе. Ёю нельга гандляваць… Цi магу я, прынамсi, ведаць ваша iмя?

— Не, я не хачу, каб мяне ведалi.

Ганзаг адказваў усё больш суха. Ён выходзiў з сябе, але нiчога не мог зрабiць. Гэтыя людзi рабiлi сваю справу. А ён зробiць сваю. «Ключ звычайны, равок злева, шэсць зубцоў лесвiчкай…» А чаму не? Яго сумленне сапраўды звычайна аплочвалася само па сабе! На сто адсоткаў.

— Урэшце, калi вам калi-небудзь штосьцi спатрэбiцца — рэкамендацыя цi якая-небудзь дапамога — не вагайцеся. Паслуга за паслугу. Мы маем пэўныя сувязi.

Гэтымi словамi Керфаўэ кампенсаваў няпэўную маральную перавагу Ганзага i аднавiў здаровыя сацыяльныя адносiны.

— Яшчэ раз дзякуй, мой дружа!

I, не зважаючы больш на Ганзага, ён бесцырымонна прадаўжаў.

— Прабачце мне, Эвiта, я выйду патэлефанаваць. Я паеду ў Салёнь паслязаўтра. А сёння ўвечары…

Ганзаг, якi ўжо падыходзiў да дзвярэй, уважлiва прыслухаўся.

— …Сёння ўвечары мы пойдзем у тэатр.

— Да пабачэння, панове! — сказаў Ганзаг, неяк хiтра расцягнуўшы апошняе слова.

Абое Керфаўэ зняважлiва кiўнулi.

* * *

Наступнага дня, прыблiзна ў гэты самы час Ганзаг сядзеў за столiкам кавярнi перад цэлым стосам сподкаў — адпаведна лiку выпiтых шклянак — i дзесяты раз перачытваў рубрыку апошнiх падзей у паўдзённым выпуску «Пары-Прэс». Праўду кажучы, ён нават не чытаў, а расказваў яе на памяць, бо ўжо не вельмi добра бачыў:

«ПРАЗМЕРНАЯ СУМЛЕННАСЦЬ! — У адсутнасць пана i панi дэ Керфаўэ нехта невядомы прабраўся сёння ноччу ў iхнюю кватэру на авеню Анры-Мартэн i ўкраў каштоўнасцяў на вялiкую суму. Знiкла таксама шмат грошай, якiя пан дэ Керфаўэ пакiнуў у скрынцы сакрэтнiка.

Цiкавая падрабязнасць: ранiцай таго ж дня пан дэ Керфаўэ згубiў бумажнiк з гэтымi грашыма на плошчы Iталi. Бумажнiк быў вернуты нейкiм маладым чалавекам, якi адмовiўся ад узнагароды i знiк, не назваўшы нават свайго прозвiшча. Камiсар Цюмань, якому даручана весцi следства, мае сумненне адносна шчырасцi гэтага сумленнага ўчынку, якi мог з'явiцца нагодай для азнаямлення з укладам кватэры…»

— Гэта няпраўда! — бурчаў Ганзаг, абураны скептыцызмам камiсара.

Але восьмая шлянка «перно» колеру маладога лiсця ўжо ўзбуджала ў iм расткi дабрачыннасцi. Пiтво, як звычайна, замест таго каб падвойваць прадметы ў ягоных вачах, падвойвала ягоную душу. Ён апусцiў нос i прачытаў апошнi сказ:

«…Палiцыя шукае гэтага сумленнага чалавека, якi адчыняе дзверы злачынцам».

— Бертран, «крывавую Мэры»! — крыкнуў Ганзаг i на нейкi час зноў адчынiў перад сабой дзверы ў сумленнасць.