Выбрать главу

Перад пультам два крэслы - пiлота i штурмана. Пасько сеў на штурманскае. У iм яму здалося больш прывычна, ён нават памацаў некаторыя кнопкi, нiбы там у сябе на "Валдаi". Хутчэй выпадкова, чым па натрэнiраванасцi, трапiў пальцам на патрэбную кнопку. Штурманскi экран раптам засвяцiўся. Некалькi секунд на iм чарнела нерухомае неба Бальдара, знаёмае Пасько па нядаўнiх назiраннях, потым паплыло, быццам зоркалёт зрушыўся з месца. Адно за другiм на экране ўзнiкалi невядомыя сузор'i, праз якiя цягнулася тонкая сiняватая лiнiя з мiнiяцюрным зоркалётам на канцы. Па яго руху Пасько здагадаўся, што кадры з трасай палёту плывуць у адваротным парадку. Цяпер гэта не мела iстотнага значэння. Шлях можна было прасачыць.

Зоркалёт нiдзе не рабiў пасадкi, Толькi зусiм нямнога не даляцеўшы да сiстэмы Сiрыуса, ён на нейкi час спынiўся i чамусьцi павярнуў назад. Напэўна, здарылася нешта непрадбачанае, калi каманда прыняла такое рашэнне, не выканаўшы задання. Пасько стаў шукаць вахценны дзённiк - можа, ён растлумачыць прычыну.

Гуказапiсы назiранняў дзяжурных ён знайшоў у невялiкай скрынцы з палiцамi, уманцiраванай у сцяну побач з пультам. Дзённiк быў звычайны, падобны на тыя, якiя здаўна вялi на марскiх, а потым i на касмiчных караблях. Дата. Каардынаты. Паказаннi прыбораў. I нiводнага слова, якое выказвала б эмоцыi або давала якую-небудзь ацэнку падзеям.

Павольна круцiўся дыск, на розныя галасы паведамляючы амаль адно i тое ж. Пасько слухаў, паступова трацячы ўважлiвасць пад уплывам безлiчы абстрактных для яго лiчбаў i кодаў. I раптам адна фраза вярнула яго да рэчаiснасцi. У шлемафоне, падключаным да гуказдымальнiка, пачулася нешта новае: "Памёр Майкл. Цяпер нас толькi трое".

У голасе адчувалася разгубленасць. Пасько паскорыў рух дыска. Праз трыццаць запiсаў зноў: "Здаравяк Бент, непахiсны Бент не прачнуўся. Не разумею". Пасько стала не па сабе: столькi адчаю было ў гэтых словах. А пазней той самы касманаўт зазначыў: "Непакоiць Ральф. Чаму на планетах павiнны быць пачвары ў вобразе чалавека?.. А дадому так далёка".

Вiдаць, аўтар запiсу быў моцны чалавек. Да канца плёнкi Пасько не пачуў больш нiводнай скаргi. I гэтага моцнага чалавека, мабыць, таксама не стала. Запiс абарваўся, нiчога не паведамiўшы пра пасадку. Значыць, выжыў толькi Ральф, той самы звар'яцелы Ральф?

Пасько ўявiў сябе на месцы Бента i таго, другога, што застаўся з Ральфам сам-насам, i скалануўся. Няўжо iх таксама напаткаў лёс Пунтуса i Марцалiса? Ён паклаў на месца плёнку, зачынiў скрынку i, кiнуўшы апошнi позiрк на пульт, выйшаў з рубкi. Адчуваў, што больш ужо нiколi не зможа вярнуцца сюды. Такое вiдовiшча яму не пад сiлу. Але перш чым назаўсёды развiтацца з караблём, ён павiнен быў пайсцi яшчэ на адно выпрабаванне наведаць каюту Ральфа. Ён не хацеў верыць, што космас можа давесцi чалавека да такога стану, i пераканаць сябе ў гэтым яму было надзвычай важна.

Знайшоўшы замкнёную каюту, Пасько спынiўся, упэўнены, што гэта iменна i ёсць жыллё Ральфа. Невялiчкае памяшканне было захламлена. На падлозе кучай ляжалi старыя скафандры, пустыя балоны з-пад кiслароду, свiтэры касманаўтаў. Быццам Ральф нацягаў iх сюды з усiх кают. Пасько прайшоў да стала - ён, гэты стол, бадай, з усяго i заслугоўваў тут увагi. Гэта нават быў не стол масiўны, стальны, ён больш нагадваў сейф. Пасько пацiснуў плячыма, якi ж рэальны сэнс у такiм сховiшчы на касмiчным караблi, дзе жыццё кожнага чалавека адкрыта перад другiмi? I ўсё-такi паводзiны Ральфа выяўлялi адсутнасць цвярозага сэнсу. Можа, памiж iмi была сувязь? Пасько паспрабаваў адкрыць сейф. Дзверцы не паддавалiся. Ключоў таксама нiдзе не было. Вiдаць, Ральф трымаў iх пры сабе. Пасько паласнуў па стальной сценцы сейфа плазменным промнем.

Сейф адкрыўся. У левай тумбе ляжалi плёнкi мiкрафiльмаў. Касмiчныя войны, сустрэчы з пачварамi на iншых планетах, нашэсцi чужынцаў на Зямлю. Чытаючы гэтыя назвы, Пасько скрывiўся, быццам узяў у рот нешта агiднае. А некалi ж людзi ўсур'ёз ставiлi такiя фiльмы. Але прычынай вар'яцтва яны наўрад цi маглi стаць, нават калi б Ральф глядзеў iх дзень пры днi. Ды наўрад цi для iх захоўвання ўстанаўлiвалi на зоркалёце сейф.

Ля самага верху правай тумбы стала-сейфа Пасько выпадкова намацаў невялiкую кнопку. Нацiснуў i адчуў, што аднекуль з глыбiнi тумбы высоўваецца невялiкая шуфляда. Ён накiраваў на яе прамень святла i ад здзiўлення ледзь не выпусцiў лiхтар. У шуфлядзе ляжаў пiсталет. Даўнi, такi цяпер на Зямлi сустрэнеш хiба ў музеi: бясшумны, здольны страляць хiмiчнымi кулямi. Гэтыя кулi, трапiўшы ў ахвяру, выклiкалi iмгненную смерць, не пакiдаючы, аднак, слядоў забойства. Цi не пасля такой кулi не прачнуўся Бент? Iнакш навошта было хаваць гэты пiсталет ад вачэй экiпажа?

Пасько пакорпаўся ў паперах, накiданых у шуфлядку, i раптам яму ў рукi трапiлася невялiчкая кнiжачка, пасведчанне, з выцiснутымi на вокладцы залацiстымi лiтарамi: "Служба бяспекi".

Пра тую пару, калi гэты зоркалёт стартаваў у прастору, Пасько ведаў толькi па кнiгах. Многае ў паводзiнах людзей таго часу яму здавалася дзiўным, невытлумачальным. I вось ён нiбы сутыкнуўся з самой гiсторыяй, неразумнай, дзiкай. Яму стала балюча i крыўдна за тых людзей, што рыхтавалi ў дарогу "Тэхас". Iх мары былi светлымi, шчырымi, i не iх вiна, што вынiк атрымаўся такi жахлiвы. Былi тады, вiдаць, яшчэ сiлы, якiя хацелi спынiць новае ў жыццi. Яны не давяралi экiпажу, яны хацелi ад гэтай экспедыцыi мець нейкiя свае асобыя выгоды. Таму i паслалi з зоркалётам свайго стаўленiка, даручыўшы, вiдаць, яму сачыць за ўсiмi дзеяннямi экiпажа.

За час блуканняў у Сусвеце, бо "Тэхас" чамусьцi, павярнуўшы ад Сiрыуса, абмiнуў Зямлю i апынуўся ледзь не ў процiлеглым баку прасторы, нешта парушылася ў псiхiцы надзеленага асобымi паўнамоцтвамi Ральфа. Ён паставiў сябе над усiмi, i вось вынiк...

Пасько адчуў сябе разгубленым, знясiленым. Напэўна, i Пунтус з Марцалiсам таксама не чакалi нiчога дрэннага, не ведаючы пра атручаную псiхiку Ральфа.

Пасько выйшаў з зоркалёта. Яму хацелася як мага хутчэй бегчы адсюль. Але ён яшчэ знайшоў у сабе сiлы, каб наладзiць аўтаматычны запор у выхадным люку. I толькi адчуўшы, як уздрыгнуў пад рукой замок, уздыхнуў з палёгкай. Ён яшчэ пахаваў сваiх мёртвых таварышаў. Павагаўшыся, завалiў каменнямi i цела Ральфа.

Капiтан, як i перад адпраўкай Пасько, сядзеў за сталом, стомлены, з яшчэ больш суровым выразам твару. Ён доўга маўчаў, быццам раздумваў - пытаць цi не? Пасько сам сказаў:

- Абвал...

- А зоркалёт?

Адвёўшы вочы ўбок, Пасько адказаў:

- Загiнулi ўсе. - Пасля паўзы дадаў: - Пасадку зрабiлi аўтаматы. Дзюзавая частка разбiта.

Капiтан паглядзеў на яго, чакаючы, цi не дадасць ён што яшчэ. Не дачакаўшыся, цiха параiў:

- Iдзi адпачнi. Заўтра старт...

Пасько падняўся i ўжо з-за плячэй пачуў:

- Ты прабач мне. Я разумею, гэта нялёгка...

Пасько выйшаў, перакананы, што капiтан зрабiў усё-такi правiльна, паслаўшы да зоркалёта яго аднаго. I яшчэ, успомнiўшы яго апошнюю фразу, падумаў: "А капiтан, напэўна, з самага пачатку пра многае здагадваўся".