У пакоі застаў цэлы ялоўскі пастарунак — усіх чатырох паліцыянтаў. Не было толькі начальніка.
Паліцыянты атрымлівалі па 360 злотых на месяц, матэрыяльны дастатак прабіваўся нават у іхнім выглядзе. Ладныя цёмна-сінія мундзіры. Бліскучыя, «са скрыпам», боты. Элегантныя манеры. Гладкія панскія твары...
Убачыўшы мяне, паліцыянты зыркнулі адзін на аднаго і змоўклі. Устанавілася атмасфера, нібы вось-вось мела нешта здарыцца важнае.
— Пазвані шэфу!— як бы асцерагаючыся мяне, шапнуў нехта з іх.
Агорнуты трывогай, я папрасіў журнал, каб хутчэй распісацца і ўцячы.
— Потым! — сказаў дзяжурны і націснуў чорны гузік на стале.— Прысядзь!
— Калі ласка! — другі «пастарунковы» падставіў мне крэсла.
Такая ветлівасць насцярожвала яшчэ больш.
У час арыштаў паліцыянтаў памянялі. Ялоўскіх накіравалі ў Гарадок, яны паказвалі сваё майстэрства там. У Гарадку на допытах нехта з іх ліў Сашу Кандрусіку і Толю Пятэльскаму ў нос ваду. Цікава, каторы?..
Ялоўскія паліцыянты ездзілі ў Гарадок і на першамайскія дэманстрацыі памагаць мясцовай уладзе. Мінулы раз камендант нашага пастарунка сябе абсмяшыў.
Сталі рабочыя ў калону, і старшыня фабкома зачытаў, якімі вуліцамі дазваляецца ісці, якія можна спяваць песні. Назваў таксама «Інтэрнацыянал». Ялоўскі камендант на поўным сур'ёзе падказаў старшыні:
— Толькі не трэці, а — другі!
Людзі выбухнулі рогатам.
Нават я ведаў, што дзяленне «Інтэрнацыянала» на першы, другі і трэці адносіцца не да песні.
За тое, што аскандаліўся перад народам, каменданта адразу перавялі кудысьці аж на Украіну.
...На пастарунку мяне ўсё ўгаворвалі:
— Сядай, Кучынскі, сядай, будзь, як у сваім доме!
Сам не свой апусціўся я на крэсла, пачаў азірацца.
Дом быў раздзелены на дзве палавіны калідорам.
Мы сядзелі ў першай палавіне, а ў другой была кватэра каменданта. Туды насцеж былі адчынены двое дзвярэй, за імі віднеліся фікус, этажэрка з кніжкамі і дзіцячай лялькай, калыска, пабеленая сцяна. Я нават паспеў заўважыць, што сцяна гэтая была пабеленая вапнай, як у дырэктара Гарадоцкай школы; у нас бялілі мелам, бо вапна маме рукі раз'ядала.
Праз хвіліну цераз адчыненыя дзверы ўвайшоў энергічны чарнявы мужчына ў балахоне, перавязаным шоўкавай вяровачкай, і сеў ля мяне. Ні то ў жаночай, ні то ў мужчынскай, ні то ў ксяндзоўскай вопратцы. Я абмёр.
Толькі цяпер я пазнаў нашага новага каменданта, грознага Клявітара.
Не гледзячы на мяне, некуды спяшаючыся, ён заявіў:
— Прыехаў адзін? Добра! Ты думаеш, мы цябе адлучылі ад кампаніі так сабе? Будзеш нам дакладваць, што робіцца ў вёсцы.
За бар'ерам над аркушам паперы сядзеў напагатове паліцыянт і, бытта я ўжо меўся гаварыць, а ён запісваць, нядобра ўсміхаўся да мяне, спытаў:
— Хто круціць у вас радыё на Мінск?
Наступіла напружанае маўчанне.
Я адчуў, што чырванею. Было няёмка, нават сорамна за іх, дарослых дзядзек, якія падбіваюць мяне, шкета, на ганебную справу.
Праходзіла хвіліна за хвілінай, я ўсё больш чырванеў, мяў пальцамі шапку і не ведаў, куды падзець вочы. Глянуў на падлогу і ўбачыў... валасатыя сінія лыткі каменданта і палатняныя туфлі без заднікаў.
Клявітар адчуў мой позірк, і ўпэўненасць яго адразу некуды знікла. Ён нават прыкрыў ногі палой халата.
За некалькі секунд здарылася нешта важнае. Было ўжо зусім не страшна. І — не сорамна. Мяне ўсяго распірала ад радасці: як пасля допыту, калі яны нічога не дабіліся. Я пранікся гордасцю, пашанай да сябе — я быў самы дужы, шчаслівы чалавек на свеце! Я зыркнуў на вокны. Усе — насцеж. За імі — цяплынь, спявалі птушкі, чуліся галасы ялоўскіх яўрэяў, і я асмялеў да дзёрзкасці.
Паліцыянты зрабілі выгляд, што ніякай прапановы не было.
— На, падпісвайся ў рэгістрацыйнай кнізе! — паклікаў адзін з іх і паўзіраўся на мяне так уважліва, бытта вобраз мой ён захацеў запомніць на ўсё жыццё.
10
Не здолеўшы нічога дамагчыся такім чынам, Клявітар перамяніў тактыку. Па дарозе дадому загадаў мне падвезці ў Вейкі Бурсевіча.
Бялявіцкі даносчык Ёзік Госцік разам з Бурсевічам быў у Расіі ў эвакуацыі, ён і завербаваў Ёзіка для паліцыі, а цяпер ездзіў да дзядзькі па весткі. Хітранькі. У Вейках дачакаецца цямна, адтуль — у Бялявічы... З насцярожанай цікавасцю прыглядаўся я да паліцыянта.
— Ты не злуй, Кучынскі, і не дзівіся,— загаворваў ласкава, даверліва ён.— Думаеш, нам прыемна людзям рабіць прыкрасці? Чорта з два! Але ж, холера ясна, мусіш часам. Сэрца, разумееш, баліць, сумленне грызе, а ты — мусіш. Бо мы — патрыёты, слугі Польшчы. Няўжо і ты не патрыёт сваёй бацькаўшчыны? Ты ж вучыўся ў школе, быў гарцэжам[5], скончыў сем класаў, пся крэў, адукаваны. Жыды-камуністы муцяць у нас тут ваду, няўжо мы павінны раўнадушна глядзець на гэта?