Выбрать главу

Уваходзім у «Інтурыст». Тут беларускі і ўкраінскі пісьменнікі, італьянскі і кубінскія камуністы ды мой стары — былы актывіст-падпольшчык — так разгаварыліся, што гоман стаіць, як на форуме. Вядома, нас ніхто нават не заўважае. Прыглядаюся, а бацька, Быкаў і Навічэнка ўжо ўвешаны нейкімі стракатымі значкамі, на якіх рэзка і катэгарычна, як чарга з кулямёта, напісана:

«Patria о muerte! Venceremosü!»[9]

Амерыканскі ксёндз тут зусім лішні. Ды і я разумны! Хіба мой бацька за сваё жыццё .мала наглядзеўся на ксяндзоў?!

«На халеру ты мне яго прывалок?!»— ведаю, скажа потым стары.

Уручаю амерыканцу пару праспектаў, для яго сястры знаходжу фірменныя цацкі і кажу на развітанне:

— Пагранічнікі сотню вашых ікон аддадуць у вагоне, не хвалюйцеся!..

Вечарам Быкаў павёз Навічэнку паказваць Гродна, а я стомленага ўражаннямі бацьку вяду дамоў. Стары ківае галавой і дзівіцца:

— У цябе тут, як у ААН!..

12 жніўня

Учора запусцілі трэцяга касманаўта, а сёння толькі што паляцеў чацвёрты. На перон з ленінградскага эшалона вывалілі дзве групы немцаў. Аб'яўляю ім пра Паповіча, і яны гарлапаняць з захапленнем і радасцю. Наўрад ці крычалі б яны мацней, будзь Паповіч не ўкраінец, а ўраджэнец Берліна. Наперабой мне паведамляюць: адразу за чацвёртым запусцяць пятага і лятаць будуць адначасна тры апараты, так сказаў нібыта Гагарын у інтэрв'ю для нейкай замежнай газеты і яны чулі па Бі-бі-сі. Падыходзіць афіцэр-пагранічнік, немкі вішчаць, затым кідаюцца яго віншаваць ды цалаваць...

З немцамі ў адным поездзе прыбыло паўсотні італьянцаў, двое амерыканцаў, англічанін.

Чамусьці затрымліваюць адпраўку замежнага поезда. У чым справа? Званю пагранічнікам. Аказваецца, канфіскавалі ў аднаго італьянца плёнку: нейкія абураныя прахожыя-гродненцы далажылі, што сіньёр фатаграфаваў у горадзе смеццевыя ямы!

Іду дадому. Галава задурана, мільгаюць нейкія абрыўкі ўражанняў, фраз, і здаецца, што ўсе гродзенскія прахожыя гавораць на замежных мовах. Стараюся апамятацца, збіраюся з думкамі. Такі і праўда, у небе ўжо чацвёрты касманаўт!.. Перад вачыма — амерыканец, які на гродзенскім пероне, не ўзнімаючы вачэй, паспешліва тыкае руку пагранічніку, віншуе з перамогай... Нічога не скажаш, самалюбства іх кранута за жывое...

Смешная гісторыя была сёння яшчэ. Расказвала перакладчыца італьянцаў.

У яе групе трапіліся адны арыгіналы. Даставіў іх ад граніцы ў Маскву адзін турыст і заявіў: «Я — лепшы ў свеце кандытар. Прывёз сіньёру прэзідэнту спецыяльны торт, хачу асабіста яму падараваць! Бясплатна!» Яна яго пераконвае і так і гэтак, а ён паўтарае адно: «Не-е, не паеду адгэтуль, не выканаўшы свайго намеру! Адзін такі торт я ўжо ўручыў сіньёру Кенэдзі, у мяне на вітрыне пра гэта напісана!..»

Потым сустракаю дырэктара Гродзенскага заапарка Шайкоўскага. Віншую з чацвёртым касманаўтам. Адказвае мне тым жа, але, разгублены, дадае:

— Разумееш, увальваюцца сёння да мяне ў парк твае турысты. Я ім паказваю, што магу, яны задаволеныя і ўдзячныя. А адзін усё шнырыць і шукае якіх-небудзь развалін, лужын. Я не вытрываў ды кажу: «Нядобра, пан, так рабіць, ой, нядобра!» А ён ухмыльнуўся ды ўсё сваё — шчоўк! шчоўк!..

Шайкоўскі гадоў дзевяць сядзеў пры ўрадзе Пілсудскага ў гродзенскай турме за рэвалюцыйную дзейнасць. Потым усю вайну не знімаў шыняля, а ў дывізіі Тадэвуша Касцюшкі прайшоў ад Леніна да Берліна. Колькі яму прынесла хваляванняў новае будаўніцтва ў парку... І вось табе, яшчэ не было клопату!..

— Нічога, далёка не завёз ён сваёй плёнкі,— суцяшаю старога.

— Ах, гні-іда! — не можа яшчэ супакоіцца чалавек.

13 жніўня

Сёння сярод дзвюх соцень пасажыраў з Кузніцы прыехала 17 чылійцаў. Успаміны з дзяцінства, прачытаны Фенімор Купер разверадзілі якіясь стрункі мае душы. Заходжу ў вагон. Углядаюся ўважліва. Дарэмна спрабую знайсці рысы гордых і непакорлівых індзейцаў сярод гэтых людзей.

Перада мной — поўныя і хударлявыя, бялявыя і цёмнавалосыя, з доўгімі ці кароткімі насамі... Што ў іх агульнага? Ва ўсіх аднолькава запаленая на сонцы скура. Што ж, гэта інтэлігенцыя, выхадцы з маёмасных слаёў, з белых! Тубыльцы засталіся дзесьці там, за Кардыльерамі, у прэрыях і джунглях, на аслах і ламах...

— Нам у Сант'яга няправільна аформілі праязныя дакументы на вашу тэрыторыю! — вінавата тлумачыць мне па-англійску стараста групы.

Астатнія гавораць толькі па-іспанску і заклапочана, напружана, нібы прыгавору, чакаюць, якое будзе мае рашэнне, што перакладзе ім стараста. У іх выраз твару не той, які я прывык бачыць у амерыканцаў, французаў, англічан... У іх няма і той бестурботнасці ў вачах, якой вызначаюцца турысты з сацыялістычных краін. У чылійцаў якаясьці бездапаможнасць, усведамленне нязначнасці сваёй дзяржавы, імкненне знайсці сабе заступніка.

вернуться

9

Радзіма або смерць! Мы пераможам!!! (ісп.)