Выбрать главу

З дзесяціметровай адлегласці немачка паспяшыла расказаць пра сябе. Робячы няшчасны выраз на пульхненькім тварыку з ямачкамі на шчоках, страляючы вільготнымі вачыма, на французскі манер картавячы «р», меладычным голасам яна паскардзілася яму на лёс. Муж яе служыў у афрыканскім корпусе Ромеля, але яшчэ ў 1942 трапіў да англічан у палон. Праз Чырвоны Крыж яна мала атрымлівала ад яго вестак — падумаць толькі, усяго па дзве паштоўкі ў месяц; цяпер пра яго і ўвогуле нічога не ведае. Работы па спецыяльнасці камендант ёй не дае, а тут яшчэ і малая на ўтрыманні. Што ёй рабіць, уяўлення не мае. Можна было б пайсці ў швачкі, ды яна ж — картограф, хіба для гэтага вучылася пяць гадоў у «гохшуле»?!

Жанчына ўсё гэта расказала міла, а далікатная скура на яе пульхненькім тварыку тонка паружавела. Батарэец з распешчанай немачкай раней не стаў бы нават і гаварыць, але, як і ўсе цяжка параненыя, пасля шпіталя ён узмужнеў, стаў мудрэйшы, больш разважлівы, яшчэ нават падараваў ёй банку тушонкі, мяркуючы ў гэты час сваё.

Як толькі батарэя ўвайшла ў Германію, іх артылерысты як адзін сказалі сабе: ну, гітлераўцы ў нас гвалцілі, рабавалі ды палілі, затое мы не такія! Калі хто-небудзь дазваляў сабе выхадку, навальваліся на таго ўсёй кампаніяй. Дэмабілізаваны захацеў пачуць пахвалу сябрам, і таму спытаўся пра гэта ў немкі.

— Пра што пан салдат гаворыць?! — здзівілася маладзічка.— Гэта нашы мужчыны не мелі права крыўдзіць рускіх жанчын — немцы кожнага паўгода з фронту дамоў на пабыўку ездзілі! Вас жа ўсю вайну не адпускалі, і калі дзе што і здарылася, то гэта ж натуральна — мужчына інакш не можа!

Салдату расхацелася больш гаварыць з немкай.

— Пан рускі, у тым доме зноў жыве нацы![10] — звярнуўся да яго раптам нейкі падлетак у шортах.— Уцякаў з усімі да Рэйна, аднак, шэльма, вярнуўся!

— Мэклембург?! — з перабольшаным абурэннем спыталася жанчына.

— Так точна! — павярнуўся да яе падлетак і паказаў батарэйцу валасатыя лынды.

Толькі цяпер салдат убачыў: перад ім сталы мужчына, а маладзіць яго так вопратка.

— Разбірайцеся тут самі! — махнуў ён рукой.— Або заяві пра гэта каменданту!

— Так точна, пан салдат!

Адчуўшы незычлівасць салдата, мужчына ў скураных шортах, бы скаўт, лёгка пакрочыў далей. Немка прымусіла малую зрабіць яму кніксен і панесла дамоў падараваную ёй банку кансерваў.

2

Батарэец сабраўся хаваць сняданак. Побач на лаўцы ўжо размясціліся двое старых: таўсцяк у ялавых ботах, зашмальцаваным капелюшы і грубай куртцы — тыповы баўэр, а другі — невялічкі, шчупленькі паўінтэлігент. Раззлаваны немкай і «скаўтам», батарэец скрывіўся ад сала: ехаць яму недалёка, цяпер не зіма, на д'ябла яно яму здалося?! І тут салдат злавіў прагны позірк старога ды ўспомніў, як вясной вось такія, пад свіст куль, абступалі ў кювеце артылерыйскага каня з застылай ружовай пенай на зубах, адразалі кавалкі мяса ды клалі сабе ў торбы. Што зробіш, і ў іх быў тут не мёд, згаладаліся.

— Будзеш есці, фатэр? — злуючы на сваю дабрату, спытаўся батарэец па-руску.

— О-о, я-а!

— Вазьмі!

Баўэр жвава падскочыў, узяў пачастунак. Заадно ён захапіў і лусту хлеба, тады вярнуўся на месца. Таўсцяк і не падумаў дзяліцца з суседам, толькі паківаў галавой і прабурчаў:

— Та-кі-мі ка-вал-ка-мі рас-кі-ідацца, майн го-от!.. Нездарма ў сваёй Расіі яны там без портак ходзяць!

Насцярожаны ўжо, салдат хаваў у мяшок ежу, праставаў лямкі ды крадком сачыў за суседзямі. Тоўсты ўсё аплятаў пачастунак, трымаючы яго аберуч, а шчуплы сарамліва адводзіў вочы.

— Дык вы з Баварыі? — спытаўся праз хвіліну шчуплы.— Усе пруцца на Захад, а вы — на Усход?!

— У час вайны працаваў у мяне паляк Франак,— выцер баўэр далонню вусны ды змахнуў крошкі.— Часамі падонак выводзіў мяне з цярпення. Польскую свінню я тады хапаў за горла ды біў патыліцай аб сценку. Гэты няўдзячны сабака потым паскардзіўся амерыканцам. Але я памаліўся дзеве Марыі, і яна мяне абараніла — удалося ўцячы. Заскочыў дамоў, хапіў за руку старую і — сюды!

— О-о, гэтыя паршывыя сабакі цяпер расперазаліся! — згадзіўся шчуплы.

— Бо залагодна мы, немцы, з імі абыходзіліся, задобра было ім!..

— О-оў, шчырая праўда!..— заварушыўся на лаўцы ўсхваляваны шчуплы.— Лагоднасць нас і згубіла, я сваім гаварыў не раз!..

— Цяпер позна каяцца! — тоўсты сумным позіркам абвёў наваколле.— Думаю дзе-небудзь гаспадарку пашукаць...

— Кінутых хутароў цяпер хапае, уладкавацца можна! А покуль што згаворымся. Пажывяце ў мяне, бо камендант іхні ўсё роўна каго-небудзь упіхне. Вы католік? Не забудзьцеся падзякаваць дзеве Марыі.

вернуться

10

Так некаторыя немцы называлі гітлераўцаў