Выбрать главу

— Я не магу пасля сённяшняга паказацца на вочы ні ў Белнакоме, ні ў Белкамсекцыі,— бадай, упершыню ў сваім жыцці не мог стрымацца на людзях, паказваў боль душы і разгубленасць Жылуновіч.— У мяне ж спытаюць: што гэта такое? У Маскве ты гаварыў нам адно, а ў Смаленску зрабіў усё іначай! Ухапіў сабе партфель, кінуў таварышоў і аддаў нашу справу ў чужыя рукі! Падманшчык і кар'ерыст ты! А то і горш — адступнік ці прадаўца!

Усе па-ранейшаму паныла маўчалі.

— Ну, Сталін! Ну, вераломны тыгр-людаед!

Адчыніліся дзверы — у пакой зазірнуў чарнявы

мужчына ў чорнай скуранцы. Той, што сустракаў яго.

— Таварышы Жылуновіч і Лагун,— бясстрасна прамовіў,— Члены ЦБ сабраліся, чакаюць вас.

— Зачыніце, калі ласка, дзверы з таго боку! — мякка, але настойліва папрасіў Жылуновіч.

Той сапраўды борздка адскочыў, хляпнуў дзвярмі.

— А калі ісці, то я не магу даць гарантыю, што такое не паўторыцца, калі будзе фарміравацца ўрад. У сіле ж дамова не са мною, а з Мясніковым.

— Я думаю так, Зміцер,— як старэйшы, а таксама і па сяброўскім праве падаў голас Дыла.— Крыўдна, горка, баліць душа, ды кідацца ў роспач не трэба: усё ж дрэўка мы пасадзілі!

— Але на нашым дрэўку абрэзана зашмат каранёў і кроны, Язэпе...— з болем сказаў Жылуновіч.

— Усяк бывае, Зміцер. Здараецца, параненае жывое цела надта чэпкае за жыццё...

— То здаровае, дужае цела, Язэпе...

Зноў адчыніліся дзверы, і ў пакой зайшлі ўжо два мужчыны. Абодва ў хромавых ботах, у вайсковай форме, чарнявыя.

— Дазвольце, таварышы,— прыстойна па-беларуску загаварыў старэйшы. Хутка акінуў усіх позіркам, усміхнуўся Лагуну. Значыць, быў з ім знаёмы.

Жылуновіч запыніўся каля акна і напружыўся: хто — гэтыя парламенцёры? Што скажуць? Старэйшы тут жа скіраваў позірк якраз на яго.

— Таварыш Жылуновіч,— прамовіў.— Як ведае ваш калега,— хітнуў галавой на Лагуна.— Мы — з Мінска. Я — Рэйнгольд, старшыня Мінскага губеранскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, а ён — Берсан, старшыня Мінскага ваеннага савета.

— Слухаем вас,— спакойна сказаў ён.

— Наша дэлегацыя просіць вас, таварыш Жылуновіч, адмовіцца ад байкоту і прыйсці на пасяджэнне Цэнтральнага Бюро Кампартыі Беларусі.

— Скажыце, калі ласка: вы ведаеце ўсіх, хто ўвойдзе ў беларускі ўрад?

— Не.

— А я знаю, хто павінен быў туды ўвайсці. Але цяпер у мяне няма ўжо веры ў дамову са Сталіным...— прамовіў Жылуновіч.— Дык што мне рабіць? Паступацца сумленнем? Быць блазнам?

— Я разумею вас, таварыш Жылуновіч,— спакойна сказаў Рэйнгольд,— Сітуацыя вельмі цяжкая. Я мала ведаю таварыша Сталіна, але я добра ведаю Мяснікова. Супярэчлівы, уладны чалавек, вялікі прыхільнік Троцкага. Ён, канечне, засцярогся, каб не страціць сваіх пазіцый...

— Дык што — патураць яму?

— Як вы ведаеце, таварыш Жылуновіч, мы яму падпарадкоўваемся,— добра трымаючы сябе ў руках, адказаў мінскі пасланец.— Але мы не заўсёды з ім згодныя. У нацыянальным пытанні найперш. Пагэтаму мы, мінуўшы яго, далі з Мінска тэлеграму таварышу Свярдлову, каб абвясціць Савецкую Беларуска-літоўскую рэспубліку.

Усе, таксама Жылуновіч, уважліва слухалі гэтага чалавека.

— Канечне, не ўсё ідзе гладка, так, як хацелася б...— дадаў той.— Але заляжалы лёд крануўся, растае. Дык, адчуйце, не варта, нават небяспечна хоць нейкім чынам не спрыяць гэтаму працэсу...

— Добра,— нават нечакана для самога сябе сказаў Жылуновіч і кіўнуў Лагуну.— Хадзем.

Калі яны зайшлі ў прасторны пакой, то ўбачылі: усе «смаленскія» члены ЦБ сядзяць купкаю і, усміхаючыся, слухаюць Мяснікова, які стаіць паміж першым і другім радам крэслаў наперадзе іх ды штосьці баіць ім вясёлае.

Убачыў іх — абцягнуў на сабе гімнасцёрку, разагнуўся, аж большаючы ў росце, і ветліва паказаў рукою на рад перад сабою: прашу, сядайце на самым ганаровым месцы! Але Жылуновіч з Лагуном селі не там, а ззаду ўсіх. Наўмысна. Нібы сіроты.

Ды Мяснікоў толькі іранічна, пераможна ўсміхнуўся з гэтага.

— Мы тут віншавалі ўсіх з абраннем у ЦБ Кампартыі (б) Беларусі,— прамовіў ён.— Адпаведна, віншуем і вас, таварышы Жылуновіч і Лагун.— І, убачыўшы, што яны не зважаюць, паапускалі галовы, не затрымаўся, перавёў гутарку на іншае: — Цяпер нам, ЦБ, трэба разгледзець спіс, структуру ўрада Савецкай Беларусі. У выніку перамоў з таварышам Сталінізм мы прыйшлі да думкі, што на першым часе ва ўрадзе павінна быць 17 наркомаў. А як вы, таварышы? Згодныя?

— Згодныя,— падаў голас хтосьці з першых радоў.