Выбрать главу

Алесеў сын загінуў на фронце ў сорак другім годзе, дачка, зведаўшы пекла жыцця «члена сям'і ворага народа», пасля 1956 года вярнулася ў Беларусь, працавала бухгалтарам, цяпер — на пенсіі, жыве разам са старэнькай маці.

У 1958 годзе Алеся рэабілітавалі, але дачка і маці ўведалі пра гэта толькі ў 1988-м. Усе яго рукапісы, плён творчай працы за 25 гадоў, дзесьці зніклі.

Гіполь — старэйшы сын Нямкевічаў. Яшчэ да палякаў аддзяліўся. Жыў па-серадняцку, меў пяцёра дзяцей. Усё жыццё, выпіўшы чарку, помсціў жонцы, Ядзі, за яе некаляшнюю здраду, «за казачка». Як і многія ў Янкавінах, перайшоў у каталіцкую веру. Раптоўна, ад сардэчнага прыступу, памёр у 1951 годзе, калі толькі што ўтвораны янкавінскі калгас імя Карла Маркса ўзяў у яго адну з дзвюх кароў, каня, гумно, калёсы, плуг і абрэзаў яго поле.

Ясік — Гінолеў сын, Янкаў і Алесеў любімец. У 1930-м падаўся ў БССР, да дзядзькі Алеся, з тоўстым сшыткам вершаў. Але дзядзькі ўжо не заспеў, яго прытуліла дзядзькава жонка, Волька.

Умудроная перыпетыямі свайго цяжкага жыцця, яна падвучыла Ясіка памяняць прозвішча і пайсці працаваць на завод. Папрацаваўшы крыху, абвыкшыся, Ясік пачаў друкавацца і хутка сцвердзіўся як малады таленавіты паэт.

У 1935-м, калі ажаніўся, чакаў першую кнігу, яго рэпрэсіравалі. Яго жонка неўзабаве нарадзіла сына, пасумавала год-другі і выйшла замуж за другога. У 1946-м Ясік вярнуўся на радзіму, два гады працаваў на Віцебшчыне на будоўлі, а ў 1948-м зноў над прымусам паехаў у «далёкія краі». Там, за Магаданам, і загінуў, кажуць, на самым пачатку пяцідзесятых гадоў.

Кастуся — дачка Нямкевічаў. Мела адзін трагічны лёс з любімым братам Янкам.

Зося Гарбацэвіч. Была па-свойму шчаслівая і нешчаслівая. Бог шчодра даў ёй хараства, жаноцкасці — люба было зірнуць на яе спрытныя ногі, на вабныя клубы, на пышныя грудзі альбо на мілы твар, люба было адчуваць яе багатую душу,— даў ёй хлеба і да хлеба, але пашкадаваў лепшай долі. Колькі ні жыла, пакутавала з Віцем, цягнулася да Янкі Нямкевіча, з якім па-сапраўднаму зведвала грэшнае, але шчаслівае каханне, жыццё. Якраз ад яго нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей.

Калі ў 1937 годзе памерлі састарэлыя свёкар і свякроў (у той год у Янкавінскай школе забаранілі ўрокі беларускай мовы, якую к гэтаму часу пакрыху выціснулі з усіх павятовых школ, разагналі Таварыства беларускіх школ), узяла ўсю гаспадарку ў свае рукі.

У верасні 1939-га яе, Віцю, дзяцей і старэйшага сына з маладою жонкай вывезлі з вёскі як «кулацкую сям'ю». Дзе яны пасля дзеліся, ніхто не ведае.

Уладак Дземідовіч і Гарбуковіч. У 1921 годзе вярнуліся з польскага войска і, само па сабе зразумела, атрымалі прывілеі, надзелы зямлі, як і прыезджыя польскія асаднікі. Жылі заможна, але крыва, са здзекам з вёскі, асабліва з Чорных. Памагалі ўладам утрымліваць вёску ў пакоры, душылі ў ёй усё беларускае і праваслаўнае.

У верасні 1939-га над канвоем паехалі ў Сібір. Выжылі. Пасля вайны перабраліся жыць у ПНР — «як палякі».

Чорныя. Гэты галіністы янкавінскі род гібеў і пры панскай Польшчы, перабіваўся з хлеба на квас на найміцкай і парабкоўскай рабоце. Адны з вёскі не перайшлі ў каталіцкую веру, засталіся ў праваслаўнай і пісаліся беларусамі.

Пасля вайны маладыя Супраневічы і Вайтковічы раз'ехаліся па ўсіх кутках Савецкага Саюза, абруселі, пажаніліся з рускімі, фінкамі, татаркамі, казашкамі, чукчамі. Тыя, хто застаўся ў Янкавінах,— жывёлаводы. Працуюць добра, але бяда: шмат п'юць.

Пятрусь Супрыневіч. Пачаўшы служыць у міліцыі ў 1917 годзе, застаўся ў органах НКУС, дарос да падпалкоўніка. Меў цяжкую долю памагаць знішчаць лепшых людзей са свайго народа. У 1938-м самога расстралялі як «ворага народа».

Фрунзе. Як вядома, выехаў з Мінска восенню 1917-га. У гады грамадзянскай вайны праславіўся як палкаводзец, як буйны дзяржаўны дзеяч. Пазней мог быць на самых высокіх партыйных і дзяржаўных савецкіх пасадах, але ў 1925 годзе памёр на аперацыйным стале.

Мяснікоў. Нямала зрабіў, каб прышчапіць, умацаваць Савецкую ўладу ў Мінску і ва ўсім Паўночна-Заходнім краі. Займаючы тут высокія партыйныя і дзярлеаўныя пасады, зацята не прызнаваў беларускі народ як народ, яго права на сваю дзяржаўнасць, рабіў усё, што мог, каб не было Савецкай Беларусі. У 1921 годзе, калі Савецкая Расія і Польшча замірыліся, калі вырашыўся лёс Беларусі, якая была распалавіненая, сувязі Мяснікова з Беларуссю абарваліся. Яго паслалі ўмацоўваць Савецкую ўладу ў Арменіі. У 1925-м загадкава загінуў у авіяцыйнай катастрофе.