Аўторак даў збянтэжанаму дзецюку рэвальвер, пакінуў кулямёт i павёў дружыну ў горад. Еўзікаў пастаяў крыху, паназіраў за прыціхлым, прытоеным горадам, а пасля, падхапіўшы кулямёт, вярнуўся ў дом, які ўжо станавіўся яго рэзідэнцыяй.
Петрыкевіч па-ранейшаму седзьма сядзеў у былой канцылярыі на крэсле, быў нібы спаралізаваны. Ці зусім адрачоны ад болю.
— Кажуць, адзін у полі не воін,— усміхнуўся яму Еўзікаў.— Але двое, ды з кулямётам, што ні кажы, ужо сіла! — Паставіў грозную зброю на стол, дулам на Саборную плошчу, патлумачыў: — Прыйшоў ужо з дружынаю Аўторак. Я паслаў яго браць пад ахову ўстановы.
— Добра,— падаў зняможаны голас Петрыкевіч.— Калі прыйдуць нашыя дружыны, шліце ix на паўднёва-ўсходні край Мінска. Клічце мінчукоў. Трэба рабіць як мага болей моцны заслон.
Еўзікаў адразу ж скеміў тое, што хацеў сказаць яму старэйшы i мудрэйшы Петрыкевіч. Яно, палічыў, i слушнае, i ў той жа час небяспечнае.
— Доўбар-Мусніцкі спачувае, гатовы нават памагчы ў нашых клопатах,— нібы пачаў тлумачыць Петрыкевіч.— Але ў яго войску модны польскі дух.
Экстрэмісты могуць падбухторыць, а то i змусіць спажыць момант, адпіхнуць нас i да прыходу немцаў аб'явіць тут польскую ўладу. Дык мы павінны ix затрымаць. Хоць на суткі, хоць на ноч.
«Ёсць у гэтым праўда, але як падмацаваць яе без сілы?»
— Немцаў мы не стрымаем, няма чаго i думаць пра гэта,— моршчачыся ад болю i пагладжваючы паясніцу, гаварыў-разважаў генерал.— Але ix павінны сустрэць не легіянеры, а мы. Адпаведна, першыя мусім уручыць ім сваю петыцыю. Праваронім, як я лічу, апошні наш шанец — адпаведна людзьмі, гаспадарамі ў сваёй хаце не будзем...
— Ужо з падполля выйшла польская вайсковая арганізацыя i міліцыя,— сказаў Еўзікаў.
— Значыць, усё так ідзе i на самай справе, як я думаў,— пахітаў галавою Петрыкевіч.— Калі не будзем варухлівыя, дзёрзкія, нас абавязкова апярэдзяць...
1.
Лашковічу i ў цяпле ды пасля гарбаты з лустаю хлеба i сала нездаровілася. Ён сядзеў у кутку пакоя пры цёплым стаяку, закрываў рот крысом паліто i раз за разам бухаў сабе на грудзіну, адчуваючы, што сухоты не толькі дзяруць лёгкае, але i выкідваюць кроплі крыві. Як мог душыў прыкры кашаль: баяўся, каб не хлынула з горла кроў.
Сілаю волі ўтаймоўваў прыступ сваёй страшнай хваробы i заадно намагаўся бачыць ды чуць, што дзеецца i гаворыцца за блізкім круглым сталом, за якім пасярод сядзеў гаспадар, светлавалосы, з прыгожа зачасанымі набок валасамі, у вязаным шэрым свэтары Баравік, а па левую i правую яго руку размясціліся некаторыя іншыя людзі з Выканкома Савета снежаньскага з'езда, а таксама i новае папаўненне ад велікарусаў, украінцаў i яўрэяў. Таго-сяго з ix, чупрыністага, хмурнага Шуляка, лысага, змрачнаватага ў вайсковай форме Заходку, светлавалосую, з накінутай на плечы канаплянкай прыгожую Белякову, высакалобага, з вусамі i бародкай Пячэрскага, ён бачыў у твар, a астатніх Нядолю, Жытніка i Янку Аўторка,— са спіны. Той-сёй павінен быў хутка падысці (па ix пабеглі пасланцы), той-сёй, як Аўторкаў брат, Адась, падаўся ў горад з баявой дружынаю на помач Еўзікаву i Петрыкевічу, а некаторых паслалі ў розныя мінскія куткі ў разведку.
За апошнія два месяцы, калі пакрыўджаны Скураны не паказваўся на вочы, Васілевіч i Нямкевіч адмовіліся пайсці ў падполле, падаліся на службу да новай улады, a Лашковіч, Еўзікаў i іншыя сядзелі ў турме, у ix адбыліся такія-сякія змены.
Па-першае, мінскія грамадоўцы перапынілі зносіны з петраградскімі суполкамі Жылуновіча i Чарвякова (лічылі, тыя прадаліся бальшавікам), па-другое, ці то пацяплелі, ці то пачалі шукаць з імі саюзу мінскія паалейцыяністы, бундаўцы i нават той-сёй з велікарускіх эсэраў i меншавікоў, каго дасюль аж трэсла ад злосці толькі ад аднаго слова «беларускі». Па-трэцяе, новае ўвішнае i бойкае папаўненне, надта з эсэраўскага лагера, не хацела быць толькі паслушнікамі, снакваля заваёўвала роўнасць, а то i перавагу над тымі, хто летась быў тут на чале нацыянальнага руху.
Як расказаў Лашковічу па дарозе сюды Шуляк, найбольш супернічаюць цяпер грамадовец Баравік i беспартыйны, а на справе спачуваючы эсэрам, а то i эсэр Янка Аўторак. Якраз яны па снежаньскім з'ездзе зайгралі на першай скрыпцы, а на днях, пачуўшы пра паступленне Доўбар-Мусніцкага i немцаў на Мінск, у глыбокай тайне нават ад некаторых сваіх складалі спіс Народнага сакратарыята Беларусі — па іхніх словах, «урада, які цяпер мусіць абараняць інтарэсы дэмакратыі». Задумалі мець ва ўрадзе 20 міністэрскіх пасад, але i самі, а пасля ўжо на сходзе ў спрэчках i барацьбе здолелі зацвердзіць толькі 15 пасланцоў ад розных партый: шэсць ад грамадоўцаў, пяць ад эсэраў, па аднаму ад беспартыйных (можа, i ад эсэраў), Паалей-цыёна[3] i народных сацыялістаў. Той-сёй, асцерагаючыся няяснай будучыні, i сам адмовіўся ўвайсці ў Народны сакратарыят, захацеў адысці ад палітыкі i перачакаць трывожны час.