Выбрать главу

Генерал паволі апусціўся на перон — за ім услед пачалі выходзіць старэйшыя афіцэры з гэтага класнага, з іншых вагонаў.

— Гутэн таг, майнэ Гэррэн! [6] — заззяўшы, нібы артыст, высокі армейскі нямецкі чын казырнуў Скураному. Пасля напружыўся і, цяжка падбіраючы словы, дадаў: — Я віншуй вас, панов'е, з вызваленьне... бальшавіц... ярма!

Усцешыўся, што выгаварыў загадзя завучанае на памяць, i зусім па-прыяцельску падаў руку невысокаму, таксама шчодраму на артыстычную ўсмешку бываламу саноўніку Скураному.

— Данке! Данке шон! [7] — увішна i пачціва схіліў ён галаву. I, пазіраючы генералу ў вочы, намагаючыся зазірнуць яму ў душу, зашпарыў далей: — Мы, беларусы, а таксама сыны іншых нацый i народнасцей, шчыра рады сустракаць вас, нашых вызваліцеляў з-пад расійскай i бальшавіцкай няволі, рады паднесці вам наш гасцінны хлеб-соль! Просім у наш горад, пан генерал!

Той уважліва слухаў, таксама глыбока зазіраў Скураному ў вузкія хітрыя вочы i задаволена хітаў галавою, нібы памагаючы гаварыць жаданыя для яго вуха нямецкія словы, а заадно быццам п'ючы нектар з чутага. Пасля, калі невысокі Скураны перастаў падымацца на дыбачкі, каб хоць дацягнуцца галавою да пляча вайскоўцу, i саступіў убок, генерал падышоў да невысокай, у меру паўнаватай русявай дзяўчыны, адшчыкнуў на трэшчынцы бохана невялікі сухі кавалачак, тыцнуў у соль, укінуў у рот, пажаваў i, падняўшы ўверх палец, закрактаў:

— Гут! Вундэрбар! [8]

Пасля юрліва, хоць быў пажылы ўжо, з сіваватымі тоўстымі вусамі i сівымі скронямі, ужо з многімі не сваімі, a ўстаўнымі залатымі зубамі, абгледзеў спрытныя плечукі, поўныя грудзі, малады i свежы тварык русяўкі, ляпнуў раз-другі яе, збянтэжаную, запалымнелую, па шчацэ:

— Айнэ шонэ Мэдхен! [9]

Нe азіраючыся, махнуў рукой — ззаду, з афіцэрскай світы, шпарка вымкнуўся рыжак, Шранк, i аддана зірнуў у вочы. Генерал штосьці ціха буркнуў — Шранк хуценька адшпіліў свой карычневы, з жоўтаю акантоўкай партфель, дастаў з яго стос шакаладных плітак і, ужо таксама прыязна ўсміхаючыся, раздаў ix дзяўчатам.

Генерал схіліў галаву перад імі — з падзякаю ды ад свайго захаплення дзявочай красою, а пасля, раптоўна сагнаўшы з твару ўсмешку, перавёў позірк на паважлівую дэлегацыю. Тут як тут каля яго зноў апынуўся Шранк i пачаў па-руску тлумачыць услед за начальнікам, які вёў далей сваю дыпламатычную місію:

— Панове! Камандзір адной з нашых слаўных дывізій генерал Карл Фінкельштэйн дзякуе за цёплы прыём. Як добра сказаў ваш калега, нямецкая армія прыйшла ў Мінск i пойдзе далей на Усход не з заваёўніцкімі, а якраз з гуманнымі намерамі. Мы не збіраемся захопліваць вашы землі, занявольваць вас. Мы хочам вызваліць вас, Расію ад бальшавіцкай дэспатыі, прынесці вам доўгачаканы мір, лад, спакой. Жывіце, працуйце сабе на здароўе, гаспадарце ў сваім доме самі. Умешвацца, тым болей насільнічаць, як гэта рабілі бальшавікі, мы не збіраемся. Нямецкая грозная, але справядлівая зброя нацэлена не на расійскія народы, а на жменьку ўзурпатараў, што спажылі момант i захапілі ўладу, спрабуюць узбунтаваць i падпарадкаваць увесь свет. Наша наступленне — гэта адзіны разумны спосаб выратаваць род людскі, вас ад нячыстай сілы...

вернуться

6

Добры дзень, панове!

вернуться

7

Дзякуй! Вялікі дзякуй!

вернуться

8

Добра! Цудоўна!

вернуться

9

Красуня!