Прамовіўшы, генерал зноў артыстычна ўсміхнуўся, бліскаючы жоўтымі зубамі, а пасля паблажліва пляснуў у далоні — за ім дружна запляскала яго непарушная, строгая світа, а таксама i дэлегацыя.
— А цяпер я папрашу мінскія ваенныя ўлады памагчы нам як след раскватэраваць нашы часці.
Тут жа з гурту рухава выйшаў Еўзікаў з Адасём Аўторкам i, паказваючы на карце, пачаў, падбіраючы нямецкія словы, тлумачыць генералу, дзе i якія казармы былой рускай арміі можа ўзяць сабе яго воінства.
Калі ўсё ўладзілі, генерала i яго штаб запрасілі прайсці за вакзал, дзе ix чакалі легкавікі, санкі з коўдрамі, вагоны конкі, i навезлі ўсіх на кватэры. Праз хвіліну-другую на вакзале, паволі перакідваючыся ў горад, загучалі рэзкія нямецкія каманды:
— Габахт! Рухт! Рэхтс ум! Лінкс ум! Маршырэн марш! Курзэр Шрытт! Онэ Шрытт! [10]
Калі роты, батальёны выйшлі i пастроіліся на вакзальнай плошчы, наперад вымкнуўся атрад маскарадна апранутага нямецкага аркестра, задзьмуў у бліскучыя медныя трубы i рушыў у горад. За ім, падымаючы галовы i насупліваючыся ад бравурнага пераможнага маршу, затупацелі страевікі, a неўзабаве начало ўязджаць i новае папаўненне — кавалерысты на масіўных, таўстаногіх конях i пяхота на грузавіках. Гэтыя нямецкія салдаты, што стаялі за высокімі бартамі ў шэра-зялёных шынялях, з насунутымі на самыя вочы каскамі, з вінтоўкамі i цьмянымі цесакамі, былі нібы каменныя, пазіралі цяжка i сапраўды звысоку.
Пасля полудня пямецкая салдатня паразыходзілася па прытоеным, пакорлівым Мінску, накінулася ў лаўках па булкі, сала i кумпякі, купляючы ix за нямецкія маркі, а пасля паперлася ў кінатэатры, у паркі. Афіцэры павалілі ў рэстараны.
3.
Увечар, калі сонца (яно сёння то выблісквала на блакітным небе, то некалькі разоў за дзень хавалася за шэрай павалокаю) асела за небакрай, у рэстаране гасцініцы «Еўропа» пачаўся банкет.
У прасторнай, асвечанай электрычнай люстрай зале стаялі сталы літараю «П», пасярод, на самым ганаровым месцы, селі генерал Фінкельштэйн i Скураны, які за апоншія дні ажывіўся, нават заззяў, адчуваючы свой зорны час. Па правай генералавай руцэ парассаджваліся яго старшыя афіцэры, а на левай Скуранога — яго прыхільнікі, пасланцы мінскага купецтва, у тым ліку i яўрэйскага, людзі са старога, царскага, апарата, органаў Часовага ўрада, а таксама запрошаны Лашковіч, які ведаў нямецкую мову.
Вось падняўся з фужэрам шампанскага Скураны — пахуднелы, але жвавы, у чорным дыхтоўным гарнітуры, камізэльцы, белай кашулі i чорным, з белымі палосачкамі гальштуку. Такія ж, як кажуць, выглянцаваныя, былі i ўсе астатнія яго калегі — хацелі выглядаць перад немцамі не лапатнікамі, а выкшталцонымі еўрапейцамі. Нават i безграшовага, i неахвочага да «саноўнага» адзення Лашковіча прыбралі шыкоўна — за кошт аднаго з прысутных тут купцоў-мільянераў, які здолеў зберагчы сваё золата ад Саветаў.
— Господа! — паварочваючы галаву на выпрамленых, у параднай форме i з рэгаліямі на грудзіне нямецкіх афіцэраў, мякенька прамовіў Скураны.— Поскольку ваш переводчик не знает белорусского языка, я, как и условились, буду говорить по-русски.— I далей: — Руская мова — цудоўная мова. Але яна, будучы моваю рускіх цароў, чыноўнікаў, a нядаўна i Часовага ўрада, Саветаў, нарабіла нам шмат шкоды. Вось паўтары сотні гадоў ёй выцясняюць, душаць нашу старажытную мову, афіцыйную мову былога Вялікага княства Літоўскага, свядома русіфікуюць нас, забіваюць нашу душу. Скажу шчыра: мы вельмі чакалі рэвалюцыі, ускладвалі на яе вялікія надзеі. Але дарма. I Часовы ўрад, i Саветы, як да ix i цары, не пажадалі лічыцца з намі, не пакраталі нават пальцам, каб даць нам, шматмільённаму народу, дзяржаўнасць, права на родную мову, культуру, на ўласнае імя. Пагэтаму шчыра i сардэчна сустракаем вас у лепшым мінскім доме із сімвалічнаю назвай «Еўропа». Мы — гэта пасланцы найбольш свядомых, настроеных з сімпатыяй да вялікай Германіі беларусаў...
Рабаціністы Шранк, які сядзеў каля генерала, тут жа затлумачыў усё па-нямецку; гаспадары, каго называў Скураны, прыпадымаліся i схілялі галовы.
— А таксама тут, за гэтым сталом, i пасланцы многіх іншародцаў краю, члены палітычных партый, у тым ліку i ўсерасійскіх,— знаёміў далей Аўторак.— Член ЦК Бунда i былы галава Мінскай думы пан Ванштэйн, адзін з лідэраў Паалей-цыёна Гутман, лідэр мінскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў Шумскі, лідэр мінскіх меншавікоў Пайкес. Тут — i, як кажуць, дзелавы свет: купец пан Нобель i ўладальнік вядомай на ўвесь Мінск крамы пан Левін.