Калі пазнаёміў, Скураны, то пакручваючы ў руках фужэр i пазіраючы на іскрыстае бурштынавае віно, то падымаючы вочы на спакойных, толькі цікаўных нямецкіх афіцэраў, вёў сваю прывітальную, а заадно i разведчыцкую прамову далей:
— Мы добра ўяўляем, хто да нас прыйшоў. Нямецкі воін. Мужны, гераічны, нават, можа, жарсткаваты. Але мы ведаем: гэты воін — не дзікун, a еўранеец. Адукаваны, культурны i гаспадарлівы чалавек...
Трошкі скаваныя гаспадары заляскалі.. Пачакаўшы тлумачэння, ажывіліся, падтакнулі воплескамі i генерал з афіцэрамі.
— Мы лічым, што ў гэтага воіна-чалавека яшчэ i чулае, высакароднае сэрца. Як i ў тых у Берліне, хто вас сюды паслаў. Таму мы з надзеяй глядзім на вялікую Германію: якраз на яе цяпер кладзецца гістарычная місія — зберагчы свет ад бальшавіцкай эпідэміі i заадно заступіцца за прыгнечаныя народы былой царскай Расіі. Асабіста мы ўскладваем усе свае запаветныя мары i спадзяванні найперш на вас: вы можаце памагчы нам ажыць з попелу, паставіць на ногі нашу маладую дзяржаву, каб мы, як пісаў наш паэт, занялі свой пачэсны пасад паміж народамi! З гэтай шчырай надзеяй я i падымаю тост за нямецкую армію-вызваліцельніду, за вялікую i культурную Германію!
Пасля велічна ўстаў i выпраміўся рослы рыжаваты, з глыбокімі залысінамі генерал.
— Дзякуем за такія прыемныя словы, пан Скураны,— прамовіў ён, таксама трымаючы ў руцэ фужэр шампанскага.— Як я ўжо сказаў сёння на вакзале, мы сапраўды прыйшлі сюды i пойдзем, калі трэба будзе, далей толькі з гуманнымі мэтамі. Мір, лад, справядлівасць — вось наш дэвіз руху на Усход. Iншага, паверце, мы не маем у душы. Таму рады бачыць, што вы разумееце нас, хочаце пасаюзіцца. За дружбу i згоду, панове!
Затым, калі замацавалі саюз звонам фужэраў, трошкі падсілкаваліся, прамовы пасыпаліся адна за адною: скажа слова гаспадар, тут жа ўстане хто-небудзь i з гасцей, шчодра дадасць красамоўства да таго, што ўжо гаварылі. Найбольш немцы таўклі ў ступе пра сваю міласць i паважлівасць, а таксама хвалілі беларускую кухню, ca смакам уплятаючы салату, парэзаныя скрылі кіслай капусты, аблітыя смятанаю салёныя грыбы, сухую кілбасу, паляндвіцу, бліны з мачанкаю, дзе былі яшчэ катлеты i рабрынкі. I самагонку цягнулі прагавіта, крэкчучы ад задавальнення ды ад таго, як яна агнём пячэ ў горле ды ў жываце.
Недзе а палове дзесятай асалавелы, набрынялы чырванню генерал Фінкельштэйн падняўся з поўнай, як кажуць, аглаблёвай чаркай. Злёгку патыцкаў па вуснах белаю хустачкай i падрыхтаваўся гаварыць. Значыць, хоча падзякаваць i збірацца ўжо на сваю кватэру.
— Бэстэн Данк, майнэ Гэррэн, фюр дэн гэрцліхэн Эмпфанг! — прамовіў ён.— Данке, данке шон! [11]
— Біттэ! Кайнэ Урзахэ! [12] — падхапіўся таксама пачырванелы Скураны. Услед за ім усталі i ўсе астатнія.
Генерал яшчэ раз падзякаваў ім усім кіўком галавы, а пасля крактануў i дадаў:
— Мы не супраць i яшчэ доўжыць наш цудоўны баль, але мусім пакінуць гэты гасцінны будынак сапраўды з сімвалічнаю назвай...— Зірнуў на гадзіннік.— Праз трыццаць хвілін, панове, наступіць каменданцкі час i ўсіх, хто запозніцца, затрымаюць i прывядуць у арыштанцкую...
Скураны i іншыя гаспадары, як кажуць, ледзь не праглынулі языкі: што — ахоўваць лад у горадзе будзе не беларуская камендатура? Немцы не раяцца, а самачынна робяць усё, што ім хочацца?
— Выбачайце, панове,— убачыўшы іхнюю разгубленасць, сказаў Фінкельштэйн.— Ваеннае становішча змушае нас падбаць пра бяспеку нашага войска...— Усміхнуўся, але i ў той жа час пiльна ўсіх агледзеў, нядобра прыплюшчыў блакітныя, цяпер, пры святле, бясколерныя вочы.
Пасля, калі выйшлі на марозны двор, да асветлепага вайсковымі нямецкімі ліхтарамі легкавіка, генерал — ужо ў шынялі, фуражцы, у пальчатках — улучыў хвіліну, узяў за гузік паліто сцішэлага Лашковіча, адвёў убок.
— Мне сказалі, што вы блізкія да вашага Народнага сакратарыята,— прамовіў.— Вы, паважаныя, сёння зрабілі ажно тры памылкі. Першае: не прыйшлі сустракаць нас. Другое: паспяшаліся абнародаваць Маніфест пра свой урад без нашай згоды i без згоды Берліна. I трэцяе: вы не вывесілі ў горадзе ніводнага нашага сцяга...
Строга паківаў перад носам пальцам, нібы гаспадар парабку, падыхаў гарэлкаю, а потым, быццам не бачачы, што ўражаны Лашковіч хоча тое-сёе патлумачыць, а то i запытаць, вярнуўся з усмешкаю да аўтамабіля.
Неўзабаве, калі немцы раз'ехаліся на машынах, што рэквізаваў для сваіх патрэб Еўзікаў, да прыгнечанага Лашковіча падышоў Скураны i цікаўна запытаў паўшэптам:
— Э-э, што ён табе сказаў?
— Каб мы цяпер меней плялі інтрыгі, меней клапаціліся толькі пра сябе, а болей дбалі пра наша святое...— рэзка адказаў той. Пстрыкнуў па носе старому хітруну, які вельмі ж увіваўся каля нямецкага генерала, разы са тры мімаходзь, а то i адкрыта гундзеў таму, што бальшавікі адабралі ў яго жыллё i маёмасць, давялі да галечы, а пра тое, пра што трэба было гаварыць найбольш, нібы забыўся.