Выбрать главу

— Мы не можам ні згаджацца, ні спрачацца з вамі, бо добра не ведаем усіх марксісцкіх канцэпцый,— прамовіў Васілевіч.

— А чаго тады, э-э, паспяшаліся ў найміты? — абурыўся Скураны.— Чаму так паверылі ў іхнюю гаварню? Чаму заплюшчваеце вочы на тое, што яны зляцеліся з усяго свету, камандуюць, нецярпімыя да іншамысных, глухія да нацыянальных пачуццяў малых народаў? Ці вы, э-э, спадзеіцёся: нікому дагэтуль не ўдалося стварыць рай на зямлі, а вось ім удасца?! Праз сацыялізм! I на нашых касцях! — Тыцнуў у Васілевіча пальцам,— Дурні, не спакушайцеся! Любыя, у тым ліку i самыя вабныя, а то i гуманныя, ідэі павінны асвечвацца справаю, дабром, красою, урэшце, шчасцем усіх людзей. Да аднаго чалавека! А пакуль што гэтага, паважаныя, не відно. Пакуль што i «новае, цудоўнае будучае» робіцца па старых законах кулачнага бою! Ды ўжо адно тое, што сярод бальшавікоў-лідэраў столькі яўрэяў — люду, які не мае сваёй радзімы, культуры i не цэніць, адпаведна, гэтага ў іншых, шмат вярзе пра ўсеагульную любоў, але жыве дзеля свайго кашалька, ясна гаворыць пра тое, што іхні славуты сацыялізм будзе найперш дзеля ix, а не дзеля нас... Недарэмна, невыпадкова, паўтараю, яны хлынулі сюды нават з багатай i дэмакратычнай Амэрыкі... Хто з пустымі рукамі, а хто i з капіталам амерыканскіх сіяністаў...

— Ці варта так перабольшваць, дзядзька Рыгор? — асцярожна запярэчыў Васілевіч.— У кожным народзе ёсць розны люд...

— Хе-хе! — хмыкнуў, паматляў галавою Скураны.— Ці вы шмат чаго яшчэ не ведаеце, ці прыкідваецеся, што прасцячкі! У кожным народзе ёсць розны люд, але не ў кожнага народа ёсць такая тысячагадовая спайка, узаемапомач i такое служэнне сваім, дзеля сваёй ідэі! Не ўсе маюць такі спрыт прыкідвацца беднымі, прыгнечанымі, красамоўнічаць пра ўсеагульную любоў, але прыладкавацца i ўчэпіста даіць чужую дзяржаву, чужы люд найперш дзеля сябе... А мы... A! Hi спайкі, ні хітрасці, ні... Працавітасць ды ўгодлівасць — вось наш партрэт! А вы...

— Мы ж i прыйшлі да вас, старэйшага, каб параіцца, што рабіць цяпер...— прыкінуўся авечачкаю Васілевіч.

— Я магу з вамі таварышкаваць толькі тады, калі вы цалкам парвіцё з узурпатарамі i дэспатамі! — рэзка, але ўжо i прымірэнча сказаў гаспадар.— А заадно i з нашымі выскачкамі...

— Кажу ж, дзядзька Рыгор, мы не хочам ісці з бальшавікамі, пакідаць край на глум i чужую волю...— прамовіў Васілевіч.

— Да слова, во пра гэты адыход,— ужо з ахвотаю падхапіў Васілевічаву думку, засмакаваў Скураны.— Вось i тут іхняя сутнасць, мараль не на словах, а на справе. Уладу-то яны выхапілі ад усіх, але вось утрымаць яе цяжка. То не ведаюць, што i як рабіць далей, грызуцца між сабою альбо прыкідваюцца, што не ладзяць, то не дае разгарнуцца апазіцыя. Дык яны, каб не пацярпець фіяска, пайшлі на хітры i каварны ход: пускаюць на Маскву i Петраград немцаў. Ідзіце, таварышы ворагі, хапайце-глытайце расійскую зямлю!

Скураны крыва ўсміхнуўся, трыумфаваў: чуеце, каму вы, паршыўцы, служыце?!

— Калі немец рушыць, пачне захопліваць расійскія вёскі i гарады, набліжацца да сталіц, то бальшавіцкія сябры i непрыяцелі, усе расійцы схамянуцца i затрывожацца. Бальшавікі ж, як адчуваю, паддадуць страху, падагрэюць патрыятычныя пачуцці, якія яшчэ нядаўна ўшчэнт разбуралі, i заклічуць усю Расію ўзяць у рукі вінтоўкі i даць немцам адпор. Такім чынам, узначаліўшы патрыятычны парыў, яны не толькі адцягнуць ад сябе небяспечную ўвагу, але i ўмацуюцца...

— Неверагодна! — загаварыў Нямкевіч.

— Уся гісторыя, міл-чалавек, з неверагоднасцей! — пахітаў галавою Скураны.— Думаю, i гэтая сусветная вайна i як вынік яе гэтыя рэвалюцыі — таксама ўсё загадкавае, але не зусім выпадковае. Усё прадуманае, падстроенае, каб уцягнуць народы ў бойню, змучыць, накіраваць гнеў на свае ўрады, зрынуць ix i даць руль тым, каму трэба... Тут, у Расіі, удалося ажыццявіць задуманае, цяпер на чарзе — Германія, Аўстра-Венгрыя, Асманская імперыя... Удасца, як яны кажуць, зрабіць сусветную рэвалюцыю — удасца i асядлаць свет. Адпаведна, цяпер адны бальшавікі за тое, каб эксперыментаваць сваё на Расіі, будаваць свой сацыялізм у адной ёй, другія — толькі за ўсезямны пераварот...