Выбрать главу

Цяпер Жылуновіч нёс у кішэні паліто некалькі лісткоў паперы, дзе было запісана тое, што апошні час найбольш хвалявала яго, нават мучыла, як можа прыносіць пакуту глыбокі душэўны боль, адчуванне чыёйсьці ўпартай несправядлівасці. Таму, як толькі зайшоў у пакойчык, дзе цяпер за сваім сталом сядзеў яго бліжэйшы памагаты, малады літаратар Япка Нёманскі, павітаўся і сказаў:

— Слухай!

Зняў капялюш, паклаў яго на горку кніг, што паспелі ўжо выдаць (а выдавалі ўсё вельмі і вельмі няпроста. Каб, скажам, выпусціць граматыку Тарашкевіча, дык рукапіс пасылалі нават праз Фінляндыю ў акупаваную Вільню, у друкарню Марціна Кухты), сеў пры сваім стале і дастаў ужо сёння, на досвітку, перапісанае чыста і акуратна.

«Вось ужо на працягу доўгага часу «Известія И. К. С. Западной Комунны» і «Звезда» нясціхана вядуць вайну сплетную, інтрыжную вайну супроць Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту і яго аддзяленняў, нападаючы на яго з усіх бакоў і чапляючыся к яму бяз усякіх прычын, за піма нішто».[14]

Падняў галаву, зірнуў на малодшага калегу праз прыпацелыя пасля холаду акуляры: як, не вельмі рэзка? Той уважліва пазіраў, трымаючы аловак і асцерагаючыся нават паварушыцца,— каб даць яму, рэдактару і старэйшаму, паважанаму чалавеку і літаратару, без замінкі выказаць тое, што не дае спакою. Ён расшпіліў паліто, працёр кончыкамі шаліка акуляры і, начапіўшы іх, пачаў чытаць далей:

«Калі прачытаць іх нападкі, то сорамна неяк становіцца за іх! Ня крыўда, ня злосць, а проста пейкая няёмкасць забірае цябе, калі ты бачыш, што расейская дзійснасць, адбудоўваемая на закладзінах сацыялізму і рэвалюцыйнага развіцьця, мае перад сабою гэткія здрадныя рэчы, як напад аднае рэвалюцыйнае ўстановы на другую. Хочацца думаць, ды і трэба так думаць, што рэдакцыі «Изв. И. К. С. Зап. Ком.» і «Звезды» або не разбіраюцца ні ў чым па няведанню і няяснасці выяўленым сабе задачаў моманту ці знарочыста робяць непачэснае дзела — цкаваным другіх, роўных сабе, амо і вышэйшых устаноў і працуючых у іх таварышаў».

Зноў адарваў галаву ад паперыны, падняў вочы на Нёманскага: той па-ранейшаму слухаў уважліва і, здаецца, з усім згаджаўся. Толькі ва ўзрушэнні цёр пальцамі расшпілены каўнер цёплай шэрай кашулі.

«Беларускі Нацыянальны Камісарыят,— па памяці прадоўжыў Жылуновіч, скідаючы з сябе паліто і чапляючы яго на вешалку, што стаяла паблізу,— вызван к жыцьцю ходам і развіцьцём Вялікай Расейскай Рэвалюцыі, якая напісала на сваім штандары і правяла ў жыцьце прынцып: «Свабоднага самабудавання народаў на працоўных закладзінах».— Сеў, зноў пачаў чытаць: — Яна выпхнула на повярх жыцьця вышэйшую раўнапраўную з другімі інстытуцыямі Федэрацкай Расейскай Распублікі інстытуцый працоўных сялян і рабочых розных нацыянальнасцяў — Народны Камісарыят па справам Нацыянальным. Пры гэтым камісарыяце заложана ўжо цэлых 18 нацыянальных аддзелаў, у тым ліку і Беларускі, якія агулам прыняслі нязлічоную карысць для Расейскай Рэвалюцыі. Гэта ясна кожнаму шчыраму прыхільніку гэтай рэвалюцыі, не толькі кіраўнічым людзям».

З хвіліну памаўчаў, пахітаў сам сабе галавою, а пасля выцер кропелькі поту на залысіне.

«Ясна гэта і «Извес. И. К. С. Зап. Ком.» ды «Звяздзе», але яны не хочуць сазнацца... бо то не ў іх карысці! Але, карысці. Мне, камуністу і быўшаму с.-д. з 1902 году, інакшая думка ў голаў не ідзе! Не можа ж краявая правіцяльсцвянная ўстанова баяцца Бел. Нац. Каміс.? бо няма на тое прычын.

Толькі тут і стаіць гэта адно — карысныя пазывы! Ну, а калі ў камуністаў на першым пляне гізуе карысць — то, выбачайце, таварышы, то непрыстойна для камуністаў! І крыўда за тое, што яшчэ ёсць такія пасля гадовага панства найвялікшай у сьвеце свабоды, дастатай народам розных нацыяў.

Яшчэ раз скажу,— чытаў і, адолены пачуццём, нібы сцвярджаў узмахам рукі,— не прыстойна камуністам варочаць дарэвалюцыйны парадак з інтрыгамі і сплёткамі чыноўнікаў!»

— Ну як, браце? — запытаў.

вернуться

14

Тагачасная публіцыстыка Цішкі Гартнага (Зм. Жылуновіча), што цытуецца тут і далей, сям-там адаптавана.