Выбрать главу

пра нечаканасьць

Сьвет настолькі нечаканы сёньня, што прагназаваць яго практычна немагчыма. (Сьнежань 2002)

пра барыкады

Я даўно зразумела, што барыкада — вельмі небясьпечнае месца, і ня толькі для мастака, але і для чалавека ўвогуле. Калі мы ўжо апынуліся на барыкадзе, то трэба не захлынуцца жарсьцямі і памятаць, што на барыкадзе вельмі цяжка застацца чалавекам. Я таксама лічу вельмі небясьпечнай справаю шукаць беларуса сярод народу. Мне бліжэй Сакрат, які днём зь ліхтаром шукаў чалавека. Давайце шукаць чалавека. (Сьнежань 2002)

пра маленькага дыктатара

Дыктатура маленькага чалавека — гэта самае жахлівае, што адбываецца сёньня, асабліва ў нашай краіне. (Лістапад 2004)

пра стабільнасьць

Калі гаварыць пра стабільнасьць, то самае стабільнае месца ў сьвеце — гэта турма. Гэта тое, што з намі і адбываецца — турэмная сьвядомасьць, турэмная пайка, ізноў жа самыя чэсныя людзі — гэта наглядчыкі. Гэта мысьленьне ўчорашняга й пазаўчорашняга дня. Уявіце сабе, якім гэты чалавек выйдзе з турмы, з гэтай талеркай баршчу, з татальнай, як яму здаецца, абароненасьцю. Гэты чалавек будзе няздольны да будучыні, гэта дзіця, ён выйдзе ў агромністы сьвет, які ад яго зачынялі, якога яго прывучалі баяцца, бо наглядчыкі самі разуменьня ня мелі пра гэты сьвет. (Лістапад 2004)

пра ідэі

Патрэбныя ідэі. Але чым больш я слухаю і гавару, тым болей чую тое самае — або ілюзіі, або суцяшэньні, або канфармізм. Можа, нам усім трэба памаўчаць і прыставіць вуха да вуліцы? (Лістапад 2004)

пра душу

Гераізм як такі — не прадмет маіх кніг і майго інтарэсу. Я займаюся дасьледаваньнем чалавечага духу, чалавечых пачуцьцяў. Я дасьледую, што чалавек знаходзіць у гэтым вар’яцтве, калі ён можа забіць іншага, калі нават абавязаны забіць дзеля чагосьці. Мяне цікавіць тое, што адбываецца не на тэрыторыі дзяржавы, а на тэрыторыі чалавечай душы. (Травень 2005)

пра палітыкаў і народ

Нас нічому не навучыў нават досьвед паразаў 90-х гадоў, калі мы мелі такую моцную фігуру, як Пазьняк. Паставіўшы дэмакратыю ззаду, а мову наперадзе, мы прайгралі нават у той час, калі быў вялікі запас веры ў людзях, калі была вельмі моцная хваля антыкамунізму. І мяне зьдзіўляе, што высновы ня зробленыя, і гэта прымушае думаць — у нацыянальным крыле няма палітыкаў, я чую галасы культуролягаў, а не рэальных палітыкаў. Яны не ўяўляюць рэальны народ, яны ўяўляюць уласную мару аб народзе. (Жнівень 2005)

пра дзяржаўнае будаўніцтва

Трэба падзяляць дзьве задачы: дэмакратычная дзяржава і нацыянальная дзяржава. І гэта ня толькі дзьве розныя задачы, але і два этапы — спачатку дэмакратычная дзяржава. Калі б мы гэта сказалі ў 1990 годзе, мы б мелі дэмакратыю, а потым і Беларускі ліцэй, і Беларускі ўнівэрсытэт, і беларуская студэнцтва, і беларускі садок. (Жнівень 2005)

пра выпрабаваньне

Мы вучым іншы сьвет, як ня трэба жыць. Гэта — нашае наканаваньне. Гэта — пастка нашай культуры, але ў мяне ёсьць надзея, што Чарнобыль павінен вызваліць чалавека. Нам дадзенае гэтае выпрабаваньне, каб мы яго прайшлі. Незразумела, чаму першыя павіны гэта прайсьці мы — найменш падрыхтаваныя да гэтага. Можа, таму, што мы такая нявінная, дзіцячая нацыя, можа, таму нам дадзенае такое выпрабаваньне. (Красавік 2006)

пра Чарнобыль

Чарнобыль для нас — гэта сапраўды Чарнобыльскі шлях, гэта вельмі доўгі шлях. Усе гэтыя нашы палітычныя баталіі, усе гэтыя сувэнірныя асобы, якія зьяўляюцца на нашай зямлі, са знакам плюс ці мінус — з пункту гледжаньня радыенуклідаў, якія жывуць тысячы гадоў, усё гэта пыл і нікчэмнасьць. Але мы павінны пачаць гэтую інтэлектуальную працу. Можа, хаця б зьбіраць міты, веды, сапраўдную праўду. Гэта вельмі доўгі шлях. Чарнобыль — гэта наш лёс. (Красавік 2006)

пра сур’ёзнага пісьменьніка

Справа ня ў тым, каб сабраць матэрыял, трэба сабраць філязофію. Сэнс сур’ёзнага пісьменьніка ў тым, каб штосьці пачуць на вуліцы. Флябэр сказаў, што ён чалавек-пяро. Я чалавек-вушы. Маё вуха на вуліцы. (Травень 2007)

пра місію

Я належу да такіх людзей, якія лічаць, што трэба спакойна рабіць сваю справу. Гэта як у апостала Паўла: бываюць такія часы, калі маіх казаняў ня чуюць, але гора мне, калі б я іх не казаў. Вось гэта маё стаўленьне да жыцьця. (Студзень 2007)