Выбрать главу

пра зьніклыя словы

Я нядаўна размаўляла са сваёй сяброўкай, яна чытала нейкую старую кнігу і кажа: божа, як мы агрубелі, колькі трэба ўсяго вяртаць сёньня ў літаратуры! Мы ведаем колеры — чырвоны, чорны, жоўты, а раней грэкі ведалі колер «хворай малпы», «колер ласося», «колер сонца, якое патухае ўначы» — маса рэчаў, якія мы страцілі па дарозе цывілізацыі... (Студзень 2007)

пра радасьць жыцьця

Улада ніколі не расплачваецца адна, расплачваецца кожны з нас, кожны чалавек. Але ўсё роўна — гэтыя 70-80 гадоў жыцьця — гэта ўсё, што ў нас ёсьць. І грэкі маюць рацыю: усё ж, трэба вучыцца майстэрству жыцьця. Калі мы будзем цаніць сябе, сваіх блізкіх, цаніць людзей і радавацца жыцьцю — неяк гэта будзе адбівацца і на ўсім астатнім, і зробіць значна болей, чым проста палітычныя атакі, на якія ўжо ў грамадзтва няма энэргіі. (Жнівень 2007)

пра гішпанскага караля і беларускіх дыпляматаў

Калі я прыяжджаю ў нейкую краіну, то мяне можа запрашаць любая амбасада, гішпанскі кароль, але ніколі не запросіць беларуская амбасада. А потым паціху яны могуць прыйсьці на п’есу, штосьці шапнуць, і тое далёка ня ўсе... (Чэрвень 2008)

пра лібэралізм

Я абсалютна савецкі чалавек, з савецкімі комплексамі, і я ганаруся гэтымі комплексамі. І не зьбіраюся таньчыць перад лібэральнымі каштоўнасьцямі, дзе маленькі чалавек ня ставіцца ні ў што. Хаця я — зацятая лібэралка. Але мне не падабаецца, што маленькі чалавек выкінуты з гэтага вазку, які скача невядома куды. Арыенціру няма. (Ліпень 2008)

пра мужчын у сям’і

Я ўсё больш схіляюся да таго, што мы ўсе — закладнікі сваёй культуры. Ёсьць праблема адсутнасьці Дома, адсутнасьці сям’і, такое адчуваньне, што маеш справу з бяздомнымі людзьмі. Нібыта жывуць мужчына і жанчына разам, але спытаеш — ці памятаеце вы дзень вашай першай сустрэчы, дзень вашага шлюбу? У Эўропе гэта людзі памятаюць і сьвяткуюць. А ў нас калі прайшло 10–20 гадоў — ня памятаюць. Дні нараджэньня дзяцей — мужчыны ня памятаюць, кажуць — «здаецца, у сакавіку». (Верасень 2009)

пра еднасьць

Я пагадзілася б з тым, што ў беларусаў няма агульнай ідэі, ім няма на чым аб’яднацца. Нацыянальная ідэя сёньня не працуе з гістарычных прычынаў. (Чэрвень 2011)

пра сьведчаньні

Кожны чалавек носіць гісторыю ў сабе ды зносіць, сыходзячы, з сабой. Толькі ў аднаго гэта дзьве старонкі, а ў другога —дзесяць, і г. д... Літаратура ўжо не пасьпявае адлюстраваць усё гэта. Пісьменьнік спрабуе шукаць нейкія новыя словы, аднак энэргія зь іх сышла. Каму давярае цяпер наш сучасьнік? Гэта, зразумела, сьведкі, сьведчаньні... І гэтыя сьведчаньні важна сёньня захаваць на любым носьбіце — дыктафоне, камэры, тэлефоне... Ня важна як. Галоўнае — убачыць, пачуць. І зафіксаваць. Зафіксаваць гэты момант можа мастак, журналіст... (Кастрычнік 2012)

пра жанчын у палітыцы

Я лічу, што калі абставіны зьменяцца, а яны зьменяцца, у палітыку ды грамадзкае жыцьцё прыйдзе шмат жанчын. Бо яны ёсьць, і іх рост як асобаў вельмі адчувальны. Яны растуць на тле гэтых падзеяў, на тле страху, нават асабістых стратаў, на той зьнявазе, якую мы перажываем як нацыя. Жанчыны «праб’юцца». Бо трымаць іх далей на другасных ролях проста немагчыма. (Кастрычнік 2012)

пра дзьве маці

Я заўсёды казала, што ў мяне дзьве маці — беларуская вёска, у якой я вырасла, і расейская культура, у якой я выхоўвалася. Як можна ад іх адмовіцца? (Чэрвень 2013)

пра беларускую мову

Беларуская мова для мяне — гэта і вясковыя краявіды, і вясковыя бабкі, сярод якіх я расла, празь беларускую мову я пазнавала сьвет жаночага голасу — я ніколі не лічыла і не лічу яе нейкай адсталай ці нясьпелай. (Чэрвень 2013)

пра прымітыў аўтарытарызму

У нашым грамадзтве няма дыялёгу, у нас нейкі камандны стыль ва ўсім. Ну і зразумела, што дыктатура ці любая форма аўтарытарнай улады робіць наша жыцьцё вельмі прымітыўным. Уся піраміда сходзіцца недзе зьверху на адным чалавеку. Гэта як у партызанскім атрадзе — усё залежыць ад таго, што гэта за чалавек, ад узроўню яго адукацыі, ад узроўню яго разуменьня жыцьця. (Лістапад 2013)

пра дэградацыю грамадзтва

Я павінна прызнаць, што ў савецкую эпоху — як ні дзіўна гэта будзе гучаць — мы жылі ў больш эўрапейскім часе. Таму што існавалі нейкія стандарты. Падпадаў Брэжнеў або Машэраў пад гэтыя стандарты ці не — але гэтыя стандарты існавалі. І быў акрэсьлены ўзровень патрабаваньняў да эліты. Я тут не кажу пра савецкую літаратуру, але ўсё ж размова тады ішла пра «чалавека на выраст». А цяпер людзей пакінулі самім сабе, цяпер няма ніякіх аб’яднальных ідэй, акрамя таго, каб выжыць. Трэба прызнаць, што грамадзтва дэградуе. (Лістапад 2013)