Выбрать главу

пра радзіму

Я люблю беларускі народ, я люблю расейскі народ, мае сваякі ўсе з боку бацькі былі беларусы, мой любімы дзядуля, і наогул я ў чацьвёртым пакаленьні вясковы настаўнік, мой прадзед вучыўся разам зь Якубам Коласам, так што я адчуваю, што гэта мая радзіма, мая зямля. І разам з тым, мая бабуля, мая маці — яны ўкраінцы. Я вельмі люблю Украіну. (Кастрычнік 2015)

пра ката і ахвяру

Самая цяжкая спадчына, якая засталася ад сацыялізму — гэта траўмаваны чалавек, таму што лягер разбэшчвае і кáта, і ахвяру. (Кастрычнік 2015)

пра Адамовіча і Быкава

У першую чаргу я б, вядома, сказала дзякуй маім настаўнікам: Адамовічу і Быкаву. Вось гэта мае настаўнікі. І Быкаў, які быў прыкладам такой чалавечай стойкасьці, і Алесь Адамовіч, які, вось як ставяць голас, я б сказала, ён паставіў мне машыну мысьленьня, гэты чалавек. Я нікога роўнага яму ў беларускай культуры ня ведаю, па эўрапейскім размаху. Вось пра гэтых людзей, што тычыцца Беларусі, я падумала ў першую чаргу. (Кастрычнік 2015)

Васіль Быкаў: Спроба Алексіевіч асэнсаваць маральныя праблемы афганскай вайны выклікала шалёны адпор

12 сьнежня 1993

Аляксандар Лукашук, Менск

Зь інтэрвію з Васілём Быкавым.

Аляксандар Лукашук: Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца ў Беларусі зь літаратурай, я маю на ўвазе канкрэтны літаратурны твор Сьвятланы Алексіевіч — «Цынкавыя хлопчыкі»?

Васіль Быкаў: Тое, што адбываецца ў Беларусі, мае канкрэтную прывязку і да творчасьці Алексіевіч, і да Менску. Я маю на ўвазе вось гэты нядаўні судовы разгляд. Але ўвогуле гэта характэрна для посткамуністычнай мэнтальнасьці. І галоўнае тут, як я ўжо гаварыў, канцэнтруецца менавіта ў няпэўнасьці асэнсаваньня ўсёй гэтай афганскай авантуры як зьявы — грамадзкай, псыхалягічнай.

А галоўнае, можа быць, як ідэйнай зьявы ў нашай гісторыі. Таму што далей усьведамленьня таго, што гэтая вайна несправядлівая, што зь ёй трэба было скончыць, што і зрабіў Гарбачоў, вывеўшы адтуль войскі, наша грамадзкая думка не пайшла. На тым яна і спынілася. Яна спынілася на тым, хаця мы, чалавецтва, наш народ апынуліся перад сотнямі тысяч удзельнікаў гэтай авантуры. Авантура сама па сабе скончылася там, пакінуўшы пасьля сябе больш за мільён, каля двух мільёнаў сьмерцяў афганцаў, масу зьнішчаных кішлакоў, палёў, культурных цэнтраў і рэлігійных асяродкаў таксама. Усё гэта засталося ззаду. Але людзі, якія ўсё гэта ўчынілі — яны тут. Якія павінны быць у нас да іх адносіны? Хоць бы маральна, якія адносіны? У грамадзтва на гэта няма адказу.

Дык вось, Алексіевіч зрабіла спробу ў жанры літаратуры асэнсаваць нейкім чынам нейкія пачаткі гэтай праблемы. І адразу ж гэта выклікала шалёны адпор. Найперш з боку таго, каго лягчэй за ўсё было скарыстаць — маці ахвяраў. Маці ня тых людзей, якія там забівалі і жывуць цяпер між намі, а тых, якія самі загінулі там. Гэта, канечне, было вельмі проста, гэта — самае лёгкае рашэньне. І яно было знойдзена і прыменена ў нас у Беларусі. Менавіта супраць гэтага твору «Цынкавыя хлопчыкі», супраць яго аўтара Сьвятланы Алексіевіч і супраць спробы асэнсаваць усё-ткі ролю нашых людзей (у дадзеным выпадку — людзей з нашай нацыі, зь беларускай) у гэтай вайне — паўсталі маці, жанчыны. І, канечне, як сродак былі скарыстаныя судовыя разборкі.

Хто зь беларускіх пісьменьнікаў атрымае Нобэлеўскую прэмію

5 ліпеня 1998

Сяргей Дубавец, Вільня

Зь перадачы «Вострая брама. Беларускі культурны кантэкст ХХ стагодзьдзя».

Сяргей Дубавец: Беларуская інтэлігенцыя збалелася па Нобэлеўскай прэміі. Пра гэта гавораць, мараць, вераць у шчасьлівае ўзнагароджаньне як у панацэю ад нацыянальнага выраджэньня. Усе гэтыя, на першы погляд, бяссэнсавыя летуценьні ўжо самі па сабе ёсьць жыцьцём культуры, якая намацвае сваю новую постсавецкую герархію.

На Нобэлеўскую прэмію вылучаюць, аб ёй хадайнічаюць, за яе спаборнічаюць. І ўсё гэта адбываецца пераважна таемна або й зусім таемна. Бо такія правілы дыктуе сам інстытут Нобэлеўскай прэміі, якая прызначаецца ў выніку складанай сыстэмы кулюарнага лабіраваньня. Сакрэтнасьць прыводзіць да таго, што ў розных асяродках беларускае эліты выношваюцца наконт Нобэля свае «віды», пра якія па-за межамі асяродку ня ведае ніхто. Такім чынам, у Беларусі можа адначасова высьпельвацца некалькі кандыдатаў у розных намінацыях, а самое прызначэньне акажацца, як заўсёды, нечаканым. Момант мафіёзнасьці ў гэтыя закулісныя гульні прыўносіць аб’ём прэміі — больш за мільён даляраў. Можна цалкам уявіць сабе, што для некага гэта ніштаваты бізнэс.