Выбрать главу

У нацыяналістычных асяродках Нобэля зьвязваюць найперш зь літаратурай і найчасьцей называюць імя Васіля Быкава. Але й тут, высьвятляецца, ня ўсё адназначна і «аднагалосна». Скажам, я быў перакананы, што ўся наша эліта спадзяецца на прысуджэньне прэміі Быкаву і як можа лабіруе гэтую ідэю яшчэ з часоў Брэжнева (калі Быкаву, казалі, далі Ленінскую прэмію нібыта дзеля таго, каб ён не атрымаў Нобэля), а можа быць і раней.

І вось гады тры таму ў зімовай Варшаве я размаўляю з адным беларускім апазыцыйным прафэсарам і кажу яму, што няблага было б, каб наша апазыцыя выкарыстала свае міжнародныя сувязі дзеля лабіраваньня Васіля Быкава на прэмію. Прафэсар задумаўся і адказаў, што Быкаў, вядома, добры пісьменьнік, але ён стары, а ў нас ёсьць маладзейшыя, якія пра вайну пішуць лепей за яго.

Адказ прафэсара я расцаніў як недасьведчанасьць. Маўляў, ня ведае чалавек літаратуры, бо якія такія маладзейшыя ў нас пішуць лепш за Быкава і тым больш пра вайну?

Тую гутарку з прафэсарам я ўвесь час згадваў для сябе амаль як анэкдот. Пакуль не зразумеў, што памыляўся тады не прафэсар, а я сам. І ў той час, калі мы гаворым пра кандыдатуру Васіля Быкава, у яго, аказваецца ёсьць у Беларусі зусім рэальны канкурэнт.

Зусім нядаўна я зразумеў, што прафэсар меў на ўвазе Сьвятлану Алексіевіч. Яна ж і маладзейшая, і таксама піша пра вайну. Яе творы шырока перакладаюцца ў сьвеце. Увагі з боку прэсы ёй не бракуе, дый пра яе кандыдатуру на Нобэля ўжо даводзілася чуць ня раз. А калі ўлічыць, што прэмія, як правіла, бывае нечаканай... Выходзіць, бээнэфаўскі прафэсар ужо тры гады таму ведаў, каго яму трэба лабіраваць на швэдзкую прэмію.

Асабіста я нічога ня маю супраць Сьвятланы Алексіевіч. І калі б зоркі леглі для яе шчасьліва, варта было б шчыра парадавацца за пісьменьніцу, якая піша па-расейску. Але не за Беларусь.

Бо, парадаксальным чынам, такая прэмія магла б стаць апошнім цьвіком у труну беларускае мовы, якая пасьля такога прызнаньня расейскамоўнае літаратуры ў Беларусі наўрад ці б ужо ачомалася да паўнавартаснага грамадзкага існаваньня. Магчыма, яна б атрымала статус ірляндзкае мовы, на якой яшчэ гавораць сяляне ў краіне, дзе сямёра англамоўных пісьменьнікаў носяць званьне ляўрэатаў Нобэля.

Справядліва было б, каб расейскамоўныя пісьменьнікі прадстаўляліся ў сьвеце як расейскія. На жаль, пакуль гэта ня так. І ў тым не віна пісьменьнікаў, а бяда тых краінаў, што падарваныя 200-гадовай расейскай акупацыяй.

Купалава апазыцыя «Белабог — Чарнабог» трансфармавалася ў алітэрацыю Аляксандра Лукашука «Нобэль — Чарнобыль». Самое слова «нобэль» з гэтага моманту стала беларускім. Ці стане яно для нашае культуры лёсавызначальным?

Аляксандар Лукашук: Нобэлеўская прэмія для Беларусі — як Чарнобыль наадварот. Ейнае выпраменьваньне прасякнула б жыцьцё нацыі на пакаленьні наперад і асьвяціла б на пакаленьні назад. У гэтым сьвятле адкрылася б — і так стала існай — уся Беларусь, мінулая і будучая, для сьвету і для сябе самой. Спраўдзілася б Купалава мэтафара пра пачэсны пасад між народамі. З Нобэлеўскага п’едэсталу загаварыла б уся нашая задушаная, закатаваная, расстраляная ў ХХ стагодзьдзі літаратура і мова. Яна б уваскросла як Хрыстос пасьля зьняцьця з крыжа.

Тое, што я сказаў, — аргумэнты слабасьці. Вонкавае прызнаньне — пацьверджаньне істотнасьці існаваньня, яго вартаснасьці — патрэбнае тым, хто сумняваецца ў сабе. Беларусы сумняваюцца. Для мяне асабіста гэта быў бы самы шчасьлівы дзень у жыцьці. Толькі слабыя ведаюць, што такое перамога.

Уладзімер Арлоў: Я лічу, што найбольшую верагоднасьць атрымаць Нобэлеўскую прэмію ў сучаснай Беларусі мае пісьменьнік, і мы ведаем імя гэтага пісьменьніка. Калі прысуджэньне яму Нобэлеўскай прэміі адбудзецца, напрыклад, сёлета, то мой прагноз такі. Па-першае, нарэшце сярод багатых беларусаў зьявіцца пісьменьнік, які дасягнуў багацьця не праз гандаль, напрыклад, гарэлкай ці сумленьнем, а літаратурнай працай. Па-другое, чалавек, які займае пасаду прэзыдэнта краіны, не павіншуе нобэлеўскага ляўрэата. Па-трэцяе, дзяржаўныя выдавецтвы Беларусі не закідаюць нобэлеўскага ляўрэата прапановамі пра новыя выданьні ягоных кніг. Па-чацьвертае, Міністэрства адукацыі не парэкамэндуе выкладчыкам роднай мовы абавязкова правесьці адмысловы ўрок, прысьвечаны новаму нобэлеўскаму ляўрэату. Па-пятае, калі чытачы захочуць сустрэцца зь ляўрэатам, высьветліцца, што дзеля гэтага патрэбны пісьмовы дазвол «вэртыкалі» або, напрыклад, БПСМ (прапрэзыдэнцкі Беларускі патрыятычны саюз моладзі, існаваў з 1997 да 2002. — Рэд.). Можна прагназаваць таксама пэўныя захады з боку падатковай інспэкцыі. Але ўрэшце гэткая рэакцыя будзе мець несумнеўны станоўчы эфэкт. Карацей, я мару, што ў ХХІ ст. Беларусь уступіць са сваім першым нобэлеўскім ляўрэатам, бо на наступнае стагодзьдзе ў нас плянуюцца новыя.