Выбрать главу

Зянон Пазьняк: Нобэлеўская, як і ўсялякая прэмія, што адзначае талент і інтэлект, спрыяе фармаваньню разумнай эліты грамадзтва. А ў грамадзтве ўзровень разумнай эліты — гэта найважнейшае. Страта такой эліты ці яе перараджэньне, ці абніжэньне ўзроўню вядзе да грамадзкіх хваробаў, такіх як таталітарызм, самаразбурэньне, страта арыентыраў, што можа скончыцца нацыянальнай катастрофай.

Наяўнасьць прэміі для эліты і для элітарных дасягненьняў трэба толькі вітаць. З другога боку, сытуацыя з прызначэньнем такіх прэміяў ня можа быць цалкам аб’ектыўнай. Тут умешваюцца палітычныя, геаграфічныя і іншыя традыцыйныя чыньнікі. Акрамя таго, грамадзтва таксама павінна быць актыўным.

Інтэлектуальны ўзровень беларускай эліты — гуманітарнай, навуковай, тэхнічнай — вельмі высокі. Але грамадзтва ня ўмее яго скарыстаць, ня ўмее выявіць, прадставіць і нават шанаваць. Не знаходзіцца актыўных людзей, каб арганізаваць падрыхтоўку і прадставіць Васіля Быкава на Нобэлеўскую прэмію. Само па сабе такое ня робіцца, а пісьменьнік і ягоная творчасьць вартыя прэміі Нобэля. Грамадзтва ня здолела нават абараніць вялікага пісьменьніка ад лукашэнкаўскага акупацыйнага рэжыму. І гэта ў значнай ступені ўзяла на сябе міжнародная супольнасьць.

Так што розум у грамадзтве павінен быць актыўным. Калі гэтага ня будзе, то не адбудзецца і яго поўнай рэалізацыі. Будуць страты. Можа быць, як і ў прыкладзе зь Беларусяй, высокі інтэлектуальны ўзровень, але гэта прападае марна альбо выкарыстоўваецца іншымі, не на карысьць нацыі.

«Кніга Алексіевіч ёсьць ці не найглыбейшым асэнсаваньнем трагедыі хлопчыкаў, якім пашчасьціла не апынуцца ў цынку»

15 лютага 1999

Сяргей Навумчык, Прага

У Беларусі адзначаюць дваццатую гадавіну завяршэньня вываду савецкіх войскаў з Афганістану.

У сьнежаньскую ноч 1979-га зь віцебскага аэрадрому ўзьнялася ў паветра самая першая эскадрыльля транспартнай дывізіі, якая прывезла ў Афганістан першыя савецкія дэсантныя падразьдзяленьні. Ужо празь некалькі дзён самалёты вярнуліся зь першымі цынкавымі трунамі.

Ленін, чыё вучэньне было кананічным для таго пакаленьня, якому давялося ваяваць у Афганістане, пісаў пра войны справядлівыя і несправядлівыя. Савецкая вайна ў Афганістане не была справядлівай нават паводле ленінскай тэорыі.

Дысыдэнту Ўладзіміру Букоўскаму на пачатку 1990-х гадоў удалося на некалькі тыдняў атрымаць доступ да архіву Генэральнага сакратара ЦК КПСС, які цяпер завецца прэзыдэнцкім архівам. У сваёй кнізе «Маскоўскі працэс» Букоўскі прыводзіць успаміны ўдзельнікаў штурму палаца тагачаснага кіраўніка Афганістану Аміна.

Штурм пачаўся з артылерыйскага абстрэлу, потым спэцгрупа ўварвалася ў палац, закідваючы ў кожны пакой гранаты і паліваючы ўсё навокал агнём з аўтаматаў. Калі дабраліся да пакояў Аміна, убачылі, што ён трымае на руках шасьцігадовага сына, а побач быў старэйшы сын-падлетак. Імгненна расправіўшыся з кіраўніком Афганістану, афіцэры КДБ разрадзілі свае аўтаматы і ў ягоных дзяцей. Так пачалася афганская вайна.

Дзеці Аміна не пасьпелі заплакаць, але іншыя мільёны афганскіх дзяцей аплакалі сьмерць сваіх бацькоў ды матак. У Савецкім Саюзе аплакваць блізкіх давялося бацькам — сярэдні ўзрост палеглых савецкіх вайскоўцаў не перавышаў дваццаці гадоў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу — звыш трынаццаці тысячаў магілаў тых, хто не вярнуўся жывым з той вайны. Ёсьць усе падставы меркаваць, што лічба заніжаная, бо колькасьць ахвяраў з афганскага боку дасягае — паводле афганскіх зьвестак — каля мільёна чалавек. Відавочна, дакладныя лічбы ўжо ня будуць вядомыя ніколі.

Вашынгтонскі палітоляг Пол Гоўбл у камэнтары да сёньняшняга юбілею заўважае, што тры фактары — вывад войскаў, прызнаньне, што савецкая інтэрвэнцыя ня мела падтрымкі мясцовага насельніцтва, і агалошваньне зьверстваў у дачыненьні да мірных жыхароў, — рэльефна выявілі антычалавечасьць савецкае сыстэмы. І гэта адыграла істотную ролю ў яе канчатковым зьнішчэньні.