Выбрать главу

У гэтым Сусвеце — над зямлёй і ў нябёсах — ён заўсёды быў Першым. Першым сярод сваіх падданых, надзеленых моцнай магіяй чатырох стыхій. Першым богам, стаўшы ім па праву нараджэння. Першым стваральнікам гэтага свету, якім цяпер уладарыць не ён. Ды ён ніколі ім і не ўладарыў. Сапраўднай велічы не трэба самаўладства. А ён быў сапраўдным, не створаным верай людзей, хоць і ў яго таксама верылі. Яго могуць забыць, як забываюцца ў рэшце рэшт на самых магутных багоў. Але ён не памрэ, як памруць тыя бессмяротныя. Не знікне ў небыцці. Няма яму небыцця. Для яго смерць — толькі кароткае імгненне перад новым нараджэннем. Дарунак ад свету, які памятае свайго стваральніка.

Але як жа балюча смыляць пакінутыя Перуновым мячом раны. Ён, Першы, заўсёды адчуваў боль, хоць і жыў у высокім наднябессі, дзе няма месца звычайным чалавечым законам. Проста гэты боль быў сваім, як створаны ім свет. Цяжка, невыносна, амаль немагчыма трываць. Але чамусьці ён, Сусветны, ніколі не спяшаўся паклікаць чары, каб суняць нясцерпныя пакуты. Як і ніколі не ашчаджаў свайго жыцця: гэта было патрэбна яго стварэнню, яго свету. І няхай маладыя багі трасуцца над сваім адзіным бессмяротным жыццём, аддаюць свету ўсё новыя і новыя загады. Ім усім не пад сілу змяніць тое, што стала мудрым і вяшчунным задоўга да іх нараджэння. Ён жа ведае створанае ім самім. Зямля, ашчадна ўзятая ў люд­скую руку. Плямёны, народы. Ён ведаў, што рабіў, калі дараваў зямлі вялікае права свайго сцвярджэння. Яго захаваны назваў гэта б вялікім дарункам, прынесеным свету. І смешнай здаецца яму дзіцячая пагарда маладых бессмяротных. Яшчэ да іх з’яўлення ён, Першы, наканаваў, што ў ягоным свеце будуць уладарныя Трыглавы. Будзе такі вясёлы, прадказальны Кляскун. Будзе чуйная багіня Знічка. Будзе яго вораг Пярун. Будуць усе, хто патрэбны яго свету. А яго свету патрэбны лепшыя і горшыя, што нясуць злое і добрае. Таму, што злое дазваляе ўбачыць дабрыню, а дабрыня — паверыць у гэты свет. І будзе ён, Сусветны Змей, якога назавуць мала­дыя багі жорсткім, хцівым, абыякавым. Няхай, што яму да таго, калі ён спазнае шчасце стаць Абярэгам смяротнага: атрымае здольнасць глядзець на створаны ім свет вачыма чарадзея-неўра. А для чарадзея-неўра не было адмерана безліч гадоў, і таму свет яго складаўся з жыццяў тых, каго ён ведаў. Жыццяў смяротных, а таму кароткіх, кволых, безабаронных. Іх так лёгка незваротна страціць. Не паспець дайсці па сваім шляху чараў. Не паспець прынесці свой дарунак свету. Не паспець... і знікнуць у небыцці. Бясследна знікнуць.

Ён, Першы і Сусветны, жыве ў наднябессі. Туды можа патрапіць толькі ўладар старэйшай за свет цмокавай магіі. Балюча пякуць раны, пакінутыя Перуном. Але ён звыкла творыць магію, што дазволіць вырвацца з абалонкі яго свету. І вось далёка застаюцца нябёсы, яшчэ далей застаецца зямля, а ён бачыць блізкія белыя вежы драконавай цытадэлі — Наднябеснай Брамы. Кіруецца да адной з іх, найбольш стромкай і блішчастай. Самы мудры ў Свеце, ён правільна зрабіў, што дараваў свайму захаванаму сваё майстэрства зброі і магіі. Аберагаць такое кволае жыццё.

***

— Аберагаць жыццё смяротнага чарадзея-неўра? Мы правільна цябе зразумелі, уладар? — непакоіліся яго падданыя, яго радцы. З таго моманту, як ён з’явіўся ў сваёй вежы, бачыў толькі іх здзіўленне і заклапочанасць. Было з чаго. Кожны цмок адчувае іншага. Радасць, гнеў, боль. І кожны цмок ведае, дзе знаходзіцца і што робіць яго Першы. І тады, калі ён паміраў пад мячом Перуна, то ўсе іншыя цмокі ведалі гэта. І не спадзяваліся яго зноў убачыць. Тым больш жывым Абярэгам зямнога чарадзея. Асабліва зямнога чарадзея. Але ж ён вярнуўся...

— Ты ведаеш бессмяротных чарадзеяў-неўраў? Пакажы хаця б аднаго. — Ён быў спакойны. Ён ведаў, што яго падданыя не памыляліся. Ні ў чым. Не могуць цмокі памыляцца.

— Кожны слаўны неўр крышачку бессмяротны. Калі прыходзіць ягоны час, то ён памірае, але і застаецца поруч з тым, з кім адзіны крывёй. — Гэта ягоны Брамны, вочы і вушы Сусветнага ў створаным ім свеце.

Маўчыць Першы. Нашто казаць, калі цябе даўно разумеюць без слоў. Калі бачаць тое, што бачыш ты, і перажываюць твае пачуцці, як свае. Ад зброі Грамаўніка, ад смерці без наступнага нараджэння, ад створанай ім самім зямлі ў наднябессе вярнуўся Сусветны. Вярнуўся, калі яго ўжо не чакалі. І прынёс з сабою адказнасць за свайго захаванага, што б там ні казалі, — смяротнага, які памрэ ў адзначаны час і, мабыць, стане адным з трынаццаці, каго будуць шанаваць нашчадкі. Але ўжо нашчадкам неўра Першы жыццём не абавязаны. Не абавязаны нічым. Але свайму захаванаму — абавязаны і заўсёды. А захаваны будзе жыць у памяці сваіх наступнікаў. Стане продкам-абаронцам для кожнага кроўнага радовіча, якому будзе патрэбны ў вялікай справе. Будзе побач з кожным вартым нашчадкам. І ён, Першы і Сусветны, ягоны Абярэг, будзе заўсёды бачыць аблічча маладога чарадзея такім, якім убачыў яго тады, у момант сваёй смерці. Такім, якім неўр пераступіў мяжу зямной магіі. Такім, якім, радасны і шчаслівы, чарадзей спазнаваў сваю зямлю, растаўшы сваёй існасцю ва ўсіх яе чарах. У яе скарбах і мудрасці, у спадчыне ўсіх славутых неўраў свайго народа, якія пайшлі па крутым, няроўным шляху. Ва ўсмешцы, што люстэркам адбівае вобразы чарадзейных замоў, патанае ў глыбокіх лясных нератах, цягнецца да ясных зор. Творацца чары дзеля дарунку на радасць зямлі, любай і лёгкай. Топчацца, схаваны ў смузе нязведанага, магічны шлях. Свецяцца постаці і твары: настаўнік, брат, бацька. Мара, надзея, шчасце. Сны, ява, чары. Учора, сёння, заўтра. Разам і побач дзеля маленькага святла, свету, Сусвету, імя якому — Неўрыда.