Выбрать главу

Пра яе казала Каліна, якая даравала святлу сваё чалавечае жыццё. Яна ведала болей за ўсіх нас, хоць была смяротнай людской чараўніцай. Даруй мне, Каліна.

Пра яе ўспамінаў і мой брат. Многіх адправіў дачасна за Калінавы мост, але і сам у адным кроку да яго быў годным. Пазнаў, з якога я роду, памятаў, чым былі для неўраў усе Свецічы. І таму нагадаў мне пра сілу крэўнай дапамогі свайго роду. Я не забудуся пра гэты напамін.

Але Кветка. Яго агністая Кветка, якую трэба знайсці, а знайсці невядома як. Таямніцу захавання Кветкі ведаюць іншыя чарадзеі Вялікага Кола. Замову захавання зрабілі ўжо без яго: занадта многа ён, абраны, аддаў сваёй магіі вялікаму стварэнню чараў. Аддаў сваёй душы, як зрабіў дарунак зямлі. Аддаў нешта большае, чым душа. Ніхто так і не спазнаў, на што закляў малады чарадзей жывое стварэнне неўрыдскай магіі. Ніхто ўжо і не спазнае: вялікі Агонь умее хаваць свае таямніцы. Свеціцца Кветка полымем, іскрыстым, барвяна-зыркім... Каб толькі ён ведаў таямніцу захавання...

Неўр звяртаўся да ўсіх чарадзеяў Вялікага Кола. Да ўсіх тых, хто быў цяпер у небыцці. Да ўсіх тых, каго ўжо не было. У вытанчаныя ўзоры слоў сплятаюцца чары, у якіх зорным святлом ззяюць імёны... Яны адгукнуцца дзеля ўсяго таго, што пакінулі ў дарунак гэтаму свету. Таму што без Кветкі не застанецца святла. І тады на зямлю і ў свет прыйдзе Чарнабог, супраць якога адвеку змагаўся род Свецічаў.

Вялікае Кола заўсёды шанавала кожнага свайго. І цяпер яго чарадзеі прыходзілі на заклік адзінага, хто яшчэ не перайшоў Калінавы мост. Хто яго амаль перайшоў і здолеў вярнуцца назад. Амаль... Мёртвыя браты прыходзілі да адзінага жывога, каб дапамагчы яму памерці.

— Блізкага табе зорнага сонца, брат наш, — прамовіў вусцішны голас. — Няхай доўга асвятляе яно твой шлях чараў...

Ясным і надзіва празрыстым робіцца ягоны, неўраў, шлях, які знікае з дарог быцця. І адчувае Свеціч, як мінаецца Калінавы мост, застаўшыся за спінаю. Няма і не будзеўжоратунку. Не стане сілы другіраз вярнуцца. Але... ён сам хацеў гэтага.

Вялікае Кола пачула свайго брата.

Пачула і прыйшло да яго.

І цяпер яны стаялі побач, усе восем, што былі ў небыцці. Сумныя, сцішаныя твары. Нават чарадзею тут самотна і адзінока. Асабліва, калі на зямлі мінаецца пакінутае дзеля жыцця і радасці святло.

—Даруйце мне, браты. Даруйце, што дадам смутак да вашага смутку і горыч да вашай горычы, — з жалем прамовіў неўр.

— Не прасі даравання, брат наш. Калі-небудзь у небыцці мы сустрэнемся. І тады ў нас будзе час пагаварыць пра гэта. У нас будзе многа часу. Цэлая вечнасць, — усміхаюцца чарадзеі яго Кола.

Усё так. Ён адзіны, дзявяты, быў з імі, але яшчэ не іх. Ён адзіны яшчэ быў. Неўр і чарадзей. Апошні.

— Я прашу вас адкрыць мне таямніцу захавання Кветкі Неўрыды дзеля астатняй зямлі, дзеля свету быцця, у якім мінаецца дараванае намі, браты, святло.

Ціха іскрыцца амаль жывы смех. Гэта смяюцца ягоныя браты.

***

Смяюцца ягоныя браты, чарадзеі Вялікага Кола. Не смяецца толькі адзін з тых, хто пакінуў свет. Не смяецца толькі Першы Неўр, яго настаўнік.

— У цябе аднаго не хапіла мужнасці пайсці ад святла. Ты занадта прагна хацеў жыць, калі трэба было годна памерці, — з дакорам прамаўляе той. Змаўкае іскрысты, бесклапотны смех, і маўклівымі ценямі заміраюць іншыя чарадзеі, нібы ведаючы, што ўчыніцца далей. Згаджаюцца з безвыходным.

Маўчыць неўр Свеціч. Што можна сказаць на справядлівы дакор?

— Ты адзіны аказаўся слабым перад мяжой непазбежнага, выклікаў гнеў бес­смяротных, парушыўшы ўсё, што можна парушыць, — гнеўна гучаць словы.

І адчувае неўр, як паціху збіраецца, цягнецца да Вялікага Кола злая, варожая сіла. Тая, з якой змагаўся ў апошні дзень мінулага жыцця. Храм. Чары. Кроў.

— Настаўнік...

— Маўчы! Хіба такому можна даверыць Вялікую Кветку, апошнюю нашу надзею. Каб з усіх нас жывым застаўся годны... ён бы вярнуў Неўрыду. — У гнеўным голасе Першага загучалі пакліканыя ім чары, якімі ён тварыў, ведаў Свеціч, самыя небяспечныя закляцці. — Будзь ты на векі вечныя пракляты... мой наступнік, захавальнік крэўнага дарунку, адданага той зямлі і таму свету. — Завірылася, пайшла карагодам злая сіла, якая запаланіла сабою, здаецца, усё.

— Я даўно чакаў гэтага. Чакаў, апошні з ненавісных мне чарадзеяў, калі ты зробіш сваю апошнюю памылку. Я нават прыходзіў у ваш разбураны храм. Але ты сам прыйшоў да мяне, прыйшоў туды, адкуль ледзь вырваўся. Ты заўсёды быў упартым. Але болей ніякая людская чараўніца не перашкодзіць маім намерам. Я таксама доўга чакаў. Разам з табою.

Зніклі ягоныя браты з Вялікага Кола. І вакол сябе цяпер бачыў неўр толькі цемру, з якой гучаў гэты голас. Такі знаёмы голас... Алеў адным Свеціч не сумняваўся: гэта голас таго, супраць каго ён трымаў апошнюю мяжу абароны. Ад яго сыходзілі тыя чары, змаганне з якімі неўр не спыніць да апошняй кроплі крыві. Кроплі. Крыві.