Выбрать главу
7 Цярпення, прашу я, цярпення! Яшчэ пачакаем ледзь-ледзь. Тут нечага і глядзець. Што ўбачыш у гэтай пене, у гэтай вось каламуці, у месіве гэтым густым?.. Давайце яшчэ пабудзем, яшчэ крыху пастаім. Бачыце: вецер сціхае, бура ідзе на спад, а разам з ёю назад уся каламуць сцякае. Яна на дно асядзе. І мы, скрозь чысты слой, у люстранай гладзі убачым зноў воблік свой. Убачым у ёй адвячорак, воблакаў белых сувой, убачым адбітак зорак і вечнасці самой. Давайце пачакаем...
8 Нехта спявае, як вешчы баян, спеў той разліўся ў паветры: «...І ўсё гэта ў мора, i усё ў акіян, і ўсё ў акіян сусветны». Зыходзім, хто чым, мы: рыба — ікрой, хмара — вадой дажджавою, мы з табой — потам, слязамі, крывёй, праяваю іншай жывою. Зыходзім, сцякаем, як сокі палян, і ўсё ў той абсяг запаведны — і ўсё ў акіян, і ўсё ў акіян, і ўсё ў акіян сусветны.
Жыццё пачалося з яго глыбінь. І ў памяць аб тым мінулым ён патрабуе ахвяр і любві сваім уладарным гулам.
На беразе помнік былым баям, ветрам не раз апеты. Лілася тут кроў... I усё ў акіян, і ўсё ў акіян сусветны.
Ты плачаш дзяўчынка? Праходзяць, як зман, паўднёвыя стрэчы і леты. Цякуць твае слёзы... І ўсё ў акіян, і ўсё ў акіян сусветны.
9
З сваімі прылівамі і адлівамі, з сваімі штылямі і штормамі мора вучыла нас быць шчаслівымі, мора вучыла нас быць задорнымі. З сваімі адценнямі і светаценямі, з тайнай чароўнай у ціхім пошуме мора вучыла нас быць летуценнымі, мора вучыла нас быць прыгожымі. З сваімі ўсходамі i заходамі, з зорамі, што адбіваліся ўвечары, мора вучыла яшчэ нас быць гордымі, мора вучыла яшчэ нас быць вечнымі. Мора, абдымкі твае шырокія на развітанне прымаю адчайна я. Мора, удзячны табе за ўрокі я, за прыклады светлыя i павучальныя.
2
АПТЫМІСТЫЧНЫ ВЕРШ
Пройдзе дзень без падзеі, без сустрэчы, без песні... Нехта прыкіне ў пасцелі: «На суткі бліжэй да пенсіі». Нехта адзначыць сонна, зробіць вывад сумны: «Што ўчора, тое і сёння, дзень і ноч — прэч суткі». Пройдзе дзень без падзеі, без любві, без надзеі, схіліцца дзень да вечара, вечарам рабіць нечага. А трэба, каб нешта рабілася, каб нешта адбывалася, каб хмара аб хмару білася і дажджом пралівалася, Трэба, каб пчолы раіліся, трэба, каб песні складаліся, трэба, каб гнёзды рабіліся, трэба, каб казкі ствараліся. Каб людзі сустракаліся, зналіся ў дружбе шчырай, каб зналіся-кахаліся мужчына і жанчына. Калі сустракаюцца двое, сваё каханне падзеляць, — гэта найлепшая доля, з усіх падзей — падзея, Трэба, каб нехта, каб нешта... Хай там адчай ці трывога! У бога дзён не рэшата? Дык не ў нас, а ў бога. А нашы дні ўжо злічаны, а нашы суткі ўжо змераны. Згараюць зоркі-знічкі, а новых няма ў рэзерве. I у нашага лёсу ў запасе не цэлыя стагоддзі, i мы за тое ў адказе, як нашы дні праходзяць.
Хай там узлёт ці падзенне, удача ці няўдача, — толькі ні дня без падзеі, без радасці і плача. Толькі ні дня без падзеі!
ПРА ДЗЯРЗАННЕ
Памяці М. Ц. Лынькова
Ваш гумар любілі мы, Вашу вясёлую шчырасць. (Шкада, што мы рэдка Вас чулі ў апошні час.) «Дзярзайце, юнашы!» любімы Ваш выраз. Для нас ён і жарт, для нас — і наказ. Ёсць розныя формулы... «Як бы чаго не выйшла». «Абы было ціха». «Едзь цішай...» І гэтак далей. З мудрасцю гэткай не пойдзеш далей i вышай, з мудрасцю гэткай — неба капці і тлей. Мне больш даспадобы Ваш выраз, які стаў крылатым. Вы ведалі словам цану. Вы зведалі шмат на зямлі. Вучылі дзяцей вы, салдатам былі, дыпламатам, вучоным былі, рыбаком нарачанскім слылі... «І плакала Рыва...»[2] І плакала каня над лугам... І каркаў груган... І трызніў салдат над Бугам... І гіне Астап... Не, той не памірае, каго вядзе дух дзярзання і парывання. «Дзярзайце, уюнашы!» — сказана: страх гняце, да смерці вядзе ён, да зорак дзярзанне вядзе. Не справа мужчын — страхавацца, хавацца, не справа мужчын — баяцца, дрыжаць. Якая б яна ні была сітуацыя — «Дзярзайце, уюнашы!» Трэба дзярзаць!.. «Дзярзайце, уюнашы!» Самыя розныя ветры прайшліся па Вашай, як голуб, сівой галаве. «Дзярзайце, уюнашы!» — не павучанне мэтра, а ўрок, што сама жыццёвая мудрасць дае. «Дзярзаеш, уюнаша?» — аднойчы ў мяне Вы спыталі. На гэта пытанне хацелася б мне адказаць: «А як жа іначай. Запомніў урок я Ваш сталы. Дзярзаць — значыць жыць! Жыць — значыць дзярзаць!»
вернуться

2

Тут i далей спасылка на апавяданні М. Лынькова.