Выбрать главу
1969—1979
У ЮРМАЛЕ[7] ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ГОД
Тут новы, вышынны дом. Жыву я на восьмым паверсе. Бачу я: снег на беразе, а мора само — пад ільдом. Выходжу я ў парк стары. Пагляд асвятляе здагадка: «Вунь домік той, тая хатка! Стаіць да гэтай пары! Ці помніць яна мяне? Ні следу далей, ні дарожкі. Іду па цаліне... На вокнах, крыж-накрыж, дошкі. Домік, што ў дзюну ўрос, што мною не забыты, — ці то да лета забіты, ці то ўжо ідзе на знос. Да сэрца падкочвае жаль. Сумна гляджу на ўсё гэта. I бачу: пагоднае лета... Чайкі... кіпенне хваль... Мы з сынам бяжым да вады — проста з доміка, з дзюны. Сын — яшчэ зусім юны. I я — яшчэ малады. Навыперадкі імчым. Разам плывём, ныраем, плёскаемся, загараем. Не думаем ні аб чым. Цешымся летнім раем. Паўдзённая гарачыня прыемна абпальвае плечы. Сын — яшчэ хлапчаня. I мне — толькі трыццаць з нечым. Нешта каля дваццаці наш з ім узрост сярэдні. Думаецца аб жыцці, не думаецца аб старэнні. Марская празрыстая сінь зліваецца з сінню нябеснай. Сын — у разгары маленства. Я — у росквіце сіл... Здаволіўшыся спаўна, бяжым мы ў свой домік дашчаны. I там, з рытуальнай пашанай, п'ём мінералку... Яна іскрыцца на шкле i губах, астуджвае свежасцю вострай. Аднекуль кухонны пах даходзіць i дражніць ноздры. Яшчэ мы чытаем удвух. Яшчэ нам скрозь сон, начамі, мроіцца мора гучанне, шум сосен старых, што наўкруг. Сын — яшчэ дзіця. Я — з думкаю сталай на ўзлёце: «Напоўненасць жыцця — лепшае бессмяроцце». Мінула дзесяць год, пражытых неяк спехам. ...Бераг занесены снегам i на моры — лёд. Падае снег з дажджом. Такі тут клімат зімовы. Я вяртаюся ў дом — новы, шматпавярховы. Таго, што было, няма. Ды ёсць у душы прастора, дзе сходзяцца «сёння» i «ўчора», i лета i зіма. 1979
вернуться

7

У Юрмале (Рыжскае ўзмор'е) знаходзіцца Дом адпачынку Літфонда СССР.