Выбрать главу

Не паспеў ён азірнуцца — ажно касец перад ім — нос у нос...

Дзіўны касец. Ахутаны ўвесь у чорную хустку, як баба, а паміж хусткі толькі доўгі нос тырчыць, прыгнуты, завостраны, нібы дзюба ў каршуна. Дзіда-дзед падумаў: «З гэтай цёткай я не спраўлюся. Яе перахітрыць нельга. Не па маёй лапцы рукавіца».

— Хто ж гэта быў? Хто? — не выцерпелі ўнукі.

— Хто? Гэта была сама Смерць, каб вам не зманіць,— растлумачыў дзед.— Наш Дзіда-дзед гэта адразу змікіціў. У тыя даўнія годы Смерць хадзіла па зямлі, зусім не тоячыся.

«Прапала маё жыцейка,— падумаў Дзіда-Дзед.— Дай хоць перад канцом сваім нанюхацца тытуню. На тым свеце, можа, і не дадуць».

Дастаў ён табакерку, нюхае і чхае, чхае і нюхае. А Смерць да яго кажа:

— Добры дзень, дзядзенька!

— Добры дзень, цётанька! — адказвае Дзіда-Дзед, здымае шапку і нізка-нізка кланяецца. А ў самога каленкі дрыж-дрыж... Яму і гаварыць цяжка і ад страху, і ад тытуню. Ён бесперапынку чхае.

Смерць зноў звяртаецца да Дзіда-дзеда:

— Які слаўны сёння дзянёк! Га? Дзіда-дзед трымае фасон і адказвае ёй у тон:

— Вельмі, апчхі, харошы, апчхі, дзянёк! Апчхі, апчхі, апчхі!

— Дай,— кажа Смерць,— тытуню панюхаць.

Дзіда-дзед падсунуў табакерку.

— Нюхай! Калі ласачка... Апчхі, апчхі! — А ў самога аж дух заняло.

Высунула Смерць з-пад чорнай хусціны тонкія пальцы, лезе ў табакерку ды ніяк тытуню дастаць не можа. Носам, як той бусел, цэліцца ў адчыненую табакерку — не трапляе.

Вінаваты быў зноў жа Дзіда-дзед, няхай яму будзе пуховай падушачкай зямелька родная. Рука з табакеркай у яго ходарам хадзіла ад страху.

Тады Дзіда-дзед кажа:

— Лезь, ягадка мая, у табакерачку! Нюхай, нюхай на міласць, колькі ўлезе! Я не скупы, свайго дабра не шкадую. А дома ў мяне аж цэлы куфар тытуню. Адсыплю на памяць. А вясной мультанку пасаджу і на тваю долю... Папушы пад страхой павешу. А потым спірытусам апырскаю... мядком аздоблю. Навучу цябе церцілісты ў пылок... Эх, будзе тытунёк!

Дзіда-дзед хацеў рознымі хітрыкамі адцягнуць сваё жыцейка, як кароўку за рогі, яшчэ на гадок — і падлабуньваўся салодкімі слоўцамі. Як топішь, дык за цюцькін хвост хопішся. Эге! I што вы, мае міленькія, скажаце? Смерць з касою драбнела, драбнела, драбнела... Зрабілася малюсенькая, як павук, а каса— як павуцінка, ускочыла ў табакерку, нюхае і хваліць тытунь на ўсе лады:

— Ах, які смачны! Чых-чых-чых! Спірытус, а не тытунь — чых-чых-чых! Золата, а не тытунь — чых-чых-чых!

— Нюхай, цётухна, нюхай! — гасцінна просіць Дзіда-дзед.— Не спяшайся, цётухна! Трэба нюхаць павольненька, тады яшчэ смачней...

Хітруном быў мой Дзіда-дзед. Улегцы яго не возьмеш — о-го-го! У яго галаве стрэльнула адразу адважная думка-стрэльбачка. Доўга не думаючы, ён табакерку трах-тарарах і зачыніў яе. Стоп, цётачка Аўгіня! Цяпер маё жыццё не загіне.

Заляскатала, залапатала, забалбатала Смерць у зачыненай табакерцы, як мыш, што папала ў глыбокі гладыш.

— Не жартуй, дзядзька! Адчыні вароты,— зачмыхала яна спалохана.

А Дзіда-дзед на гэта:

— Зусім не жартую! А Смерць да яго:

— Як загневаюся, горш будзе. Дзіда-дзед засмяяўся:

— Гневайся, не гневайся — мне ўсё роўна.

— Дабром прашу, выпусці...

— Дудкі! Не выпушчу з будкі...

Тады Смерць залямантавала і ўзмалілася жаласлівым галаском:

— Выпусці, родненькі, выпусці, родненькі... Дзіда-дзед зазлаваўся:

— Які я табе родненькі? Мы з табой пажаніліся, ці што?

Горка плача Смерць:

— Выпусці, паночку... Выпусці, паночку... Яшчэ больш загневаўся Дзіда-дзед:

— Які я табе паночак? Маёнтак у мяне, ці што? За цівуна цябе наняў, ахмістрыняй ты ў мяне, ці што? З бедных людзей здзекуюся, ці што?

А Смерць просіць:

— Злітуйся, злітуйся... Будзь сябрам... Аж нагой тупнуў Дэіда-дзед:

— Які я табе сябар. Не магу быць сябрам такой гадзіны...

— У мяне так шмат працы,— галосіць Смерць.

— Прападзі ты са сваёй працай! — закрычаў Дзіда-дзед на ўвесь голас— Разбойніца! Злюка! Галава рэзка! Валацуга!

Дзіда-дзед сыпаў лаянкамі не менш гадзіны, аж пакуль язык забалеў і голас асіп. Смерць у табакерцы прытаілася і цярпліва маўчала.

Пакрысе Дзіда-дзед адышоў ад злосці. Яму раптам так захацелася тытуню панюхаць, так захацелася — хоць сам лезь носам у табакерку... Ён, вечнай памяці, узяўся за табакерку, бо на хвіліну забыўся, хто ў ёй сядзіць. Па натуры ён быў зусім не злы.

Дзед спыніў апавяданне і з хітрай усмешкай зірнуў на ўнукаў.

— Ой,— спалохана ўскрыкнулі зайчанё і зайча нятка.— Ой, Дзіда-дзед выпусціў Смерць з табакеркі!

Дзед засмяяўся, нанюхаўся з табакеркі і сказаў:

— За каго вы мяне маеце? Я ж гэтага не казаў. Дзіда-дзед ледзь не выпусціў, але ўпору ачухаўся ды ўспомніў, на якім ён свеце. Ого, Дзіда-дзед! Такі разумнік... Ён у тую хвіліну вяровачкай моцна аплёў табакерку, каб раз назаўсёды зарубіць сабе на носе аб тым, хто ў ёй сядзіць. На хвіліну Смерць нават абрадавалася, думала, што Дзіда-дзед завароніцца і незнарокам выпусціць птушачку з клеткі, калі яму за хочацца тытуню панюхаць. Потым хітрая Смерць адчула, што ёй тут не хаханькі. «Дам яму хапу ў лапу»,— падумала яна. Голас яе зрабіўся салодкі, як мёд: