Выбрать главу

— Давай, шаноўны Заяц Зайцавіч, найвышэйшае правасхадзіцельства, не будзем больш сварыцца. Калі ў гаспадарцы сварацца, у гаршку трасца варыцца. Зробім такую ўмову. Калі выпусціш мяне на волю — я на векі вечныя зайцоў чапаць не буду. Твайго роду-племені ніякія кулі не возьмуць, ніякія стральцы і ганчакі нічога з зайцамі не зробяць. Згодзен? Я ў палоне ў тваёй табакерцы, а твая табакерка — ў палоне ў мяне, і ты з яе не можаш нюхаць. Цяпер жа твая табакерка зусім не табакерка, а немаведама што... Выпусці мяне на волю, і я не буду чапаць тваіх.

Так табе і паверу,— артачыўся Дзіда-дзед.— Дурня знайшла!

I Дзіда-дзед пачуў урачысты голас палонніцы:

— Клянуся сваёй касой!

У гэты час Дзіда-дзеда нешта смактала і смактала ўнутры, нібы п'яўка.

З гэтай табакеркі і тытунь яму здаваўся смачнейшы. Аднак ён сказаў:

— Дудкі! Не выпушчу з будкі.

— Ведаеш што, яснавяльможны мой,— пачуў ён з табакеркі найдабрэйшы на свеце галасок: — Апрача таго, што я твайго роду ніколі чапаць не буду, дам табе яшчэ адзін багаты падарунак, клянуся касой...

— А які? — зацікавіўся Дзіда-дзед.

— Дарую табе сто чалавечых жыццяў. Выбірай, каго хочаш. Прытварайся доктарам. Захварэе які-небудзь кароль, граф, магнат, мільянер, і калі ўжо ні якія дактары яму не памогуць,— ты да яго з'явішся і скажаш: «Аддасі мне палавіну свайго багацця, і я выратую цябе ад смерці». Ты мне толькі табакеркай махнеш, вокам міргнеш, і я таго чалавека чапаць не буду. Разбагацееш, як ніхто на свеце, клянуся касой! Ну, як? Згодзен?

— Дудкі! — сказаў Дзіда-дзед.— Не выпушчу з будкі! Не толькі сто чалавечых жыццяў — тысячу і мільён дасі! Лепш маўчы, рыбка ты мая залатая. Колькі не танцуй казачка — не адарвешся ад майго кручка. Ведай, стары цвіркунок, свой новы шасток! I без тваёй сардэчнай ласкі буду мець цяпер усё, што толькі захачу. Але мне патрэбна толькі адно — твая няволя, твае пакуты, твае слёзы. Каб сабраць усе слёзы, пралітыя тваёй касой, дык у іх можна выкупаць усю зямлю, нібы дзіцё ў начоўках з вадой. Крывёй, пралітай табою, можна ўсё неба афарбаваць. Праклёнамі, што на цябе сыпаліся спакон вякоў, можна пагасіць сонца, месяц і зоркі. З магільных помнікаў на ўсім свеце можна пабудаваць шмат вялізных гарадоў. Палічы — колькі загінула на свеце адных толькі зайцаў. З прычытанняў па нябожчыках, з галошанняў матак, дзяцей, бацькоў, братоў і сясцёр, каб іх льга было сабраць у адно — атруціўся б увесь свет...

Дзіда-дзед крыху памаўчаў, каб адсапнуцца. Потым загаварыў далей:

— Не! Не! Не! Хоць ты мяне госпадам богам сваім назаві, не выпушчу на волю! Табакерка? Зраблю табакерку з нашай слаўнай бяросты. Буду нюхаць тытунь, і нічагусенькі! А ты будзеш у мяне за пазухай сядзець і чхаць — мне на весялосць. На дно мора я цябе не кіну, бо рыба пагрызе табакерку, і ты выскачыш. На высокую гору я цябе не панясу, бо птушкі раздзяўбуць табакерку, і ты выскачыш. У зямлі я цябе не пахаваю, бо ржа праб'е сценкі табакеркі, і ты выскачыш. Буду трымаць цябе ў табакерцы за сваёй пазухай, на векі вечныя, і нічога са мной зрабіць не зможаш... Чуеш?

— Чую,— сказала Смерць і заскрыгатала зубамі.

— Можаш скрыгатаць колькі хочаш, не баюся цябе! Не баюся! Не баюся! — голас Дзіда-дзеда быў радасны, як ніколі.— Абмажу сценкі табакеркі такім маслам, якое не дасць іржавець серабру. А зверху абалью табакерку гарачым шклом. Потым Пайду да каваля, і ён закуе табакерку ў моцную скрыначку са сталі.

Радасць Дзіда-дзеда расла з кожным словам.

— Ты нават не пачуеш, што дзеецца на свеце. Ніякія гукі зямлі да твайго слыху не дойдуць. Ты будзеш жадаць, каб табе надышоў канец, але ён не надыдзе. Ты захочаш сабе самой галаву адкусіць і не зможаш. Ты будзеш пакутаваць горш за тыя мільярды мільярдаў жывох істот, якіх ты сцерла ў пылок. Бо яны памерлі, а ты будзеш жыць вечна, нюхаць мой тытунь і чхаць на сябе...

На гэта палонніца ў табакерцы адказала тоненькім, дзіцячым, жаласлівым плачам: «кв-в-в-в... ву-у-у-у... ва-а-а-а...» Нібы заходзілася і захлынулася ў плачы маленечкае, як зайцава вока, дзіця. Яе плач быў такі жа-а-алас...

Раптам дзед спыніў апавяданне і крыкнуў: