Ад такога ж, дарэчы, ідзе хораша-натуральная народнасць Бялова, Абрамава, чаго ёсць трохі і ў мяне, чаго мне трэба больш.
*
Неяк нядаўна прыгадаўся раздзел з «Надпісу па зрубе», дзе стары плыве з унучкай у лодцы. Я ж мог і «выдумваць»! А сёння, перачытваючы ў сваім «тэмніку» наметкі да «Рэха», што не стала апавяданнем, а толькі чатырнаццаццю радкамі падраздзельчыка ў «Дажджлівым, сонечным жніўні», падумаў: а ці не абкрадаю я сам сябе, залішне многа заганяючы толькі ў нататкі?..
*
Сёння сёе-тое зрабіў, «ачалавечыў» са старых намёкаў. Пры «нарысавасці», «дзённікавасці» такой работы мне трэба больш варушыцца, больш бачыць і чуць, каб было што расказваць — не толькі пра сябе самога.
*
Зноў Юрый Паўлавіч:
«Так редко это видишь — этот рассветный час в лесу, на реке».
Успамінаецца даўно, у раннім юнацтве чытанае ў Талстога — пагардлівае ад здаровага і целам, і душой — пра тых, што ні разу ў жыцці не бачылі, як узыходзіць сонца!..
Кніжнасць гэта ў мяне — такія ўспаміны, асацыяцыі? А куды ж падзецца ад гэтага, калі ў жыцці столькі кніг, як абысціся без «общения человеческих душ», што таксама, здаецца, сказана так Талстым?..
У Казакова грунтоўна ўсё і сумленна. Бачыцца не толькі вострая памяць, але і памочнік яе, блакнот. Можна таксама меркаваць і пра папярэднюю падрыхтоўку, і пра далейшыя самаправеркі. Штосьці сапраўднае, дабротнае, у трывалых чэхаўска-купрынска-бунінскіх традыцыях і, разам з тым, як быццам іхнім або пад іхні голас пра наш час, але — па-свойму.
*
Іду па сцежцы. Гарачы пах амаль спелага ячменю. З гэтага хлебнага паху, з працы — і я, маё маленства і маладосць.
*
Пазаўчора купіў рускі зборнік Пысіна, хораша выдадзены, з цудоўным партрэтам на белай вокладцы, з глыбока-светлай назвай «Есть на свете мой олень». Чытаў учора ў электрычцы, чытаю цяпер, перад вялікім сонечным акном. Які паэт! Слова яго жыве. Няхай бы ж і ён яшчэ жыў! Можа, тады мы сказалі б яму больш таго, чаго ён заслугоўваў і чаго мала чуў...
*
І так яшчэ прыгожая, яшчэ прыгажэйшай здалася з сярпом па жытняй постаці. З унучкам на адной руцэ, з бідончыкам у другой, я глядзеў на яе з-за высокай, густой крапівы і з-над плота, а яна ўсміхалася, гаварыла. Неяк святочна гэта па-народнаму — зажынкі, хоць і па-сучаснаму — на сотках у агародзе. «Яна і я» прыгадалася. З хваляваннем.
*
Дажджлівым вечарам пачаў раман Давыдкава [57] «Рифы далеких звезд». Пагасла святло, лёг трохі раней і прачнуўся ў чатыры з мінутамі. Праверыў — ёсць святло. Дачытаў.
Гэта ўжо трэцяя для мяне яго рэч у прозе. Першую чытаў у «Всесвіті», «Кусень хліба для подорожного», другую па-беларуску, «Белы конь ля акна». не памятаю фабулы, герояў, надоўга не запомню гэтага, відаць, і ў трэцяй рэчы. Запомніцца і помніцца галоўнае — мужны лірызм, натуральная паэтычнасць, культура пісьма і шчырая чалавечнасць.
Хацелася б сказаць гэта і самому Івану.
*
Пасля Давыдкава ўзяўся за аднатомнік Андэрсона [58] адразу, яшчэ па прадмове, адчуўшы, што гэта — маё. Зноў адкрыццё? Сорамна? А чаго? Калі і ў анатацыі значыцца, што, за выключэннем некалькіх апавяданняў, творы яго выдаюцца ў нас упершыню.
...Андэрсон, перад ім Давыдкаў і Казакоў часта пішуць ад першай асобы. Лірычны талент гэтага патрабуе? І мяне таксама цягне першая асоба, баюся, што да аднастайнасці.
*
Думаў апошнім часам, і ўжо неаднойчы, што да маёй «журналістыкі» трэба аднесці не толькі замалёўкі з цыкла «Дзеля сапраўднай радасці», але і «У Забалоцці днее».
*
У Андэрсона, у нарысе «Трудные «детки» в лесу», параўнанне: «Лес был, что твой собор». А ў Вялюгіна: «З усіх сабораў ёсць сабор, дзе я гатоў маліцца». А не чыталі ж яны такога адзін у аднаго — гэта напэўна. Яшчэ раз «міжнароднасць» параўнанняў.
Над гэтымі старонкамі ўспамінаўся спачатку Лондан, «Лунная даліна», а потым некалькі разоў старонкі Бічэр-Стоў,— як яны хвалявалі ў маленстве.
...Кончыў Андэрсона, сказаў яму «дзякую» і зноў падумаў: а што ж ад такіх дзякуяў аўтару,— ці прадчуваў ён, ці прадбачыў удзячнасць многіх?
...Два дні прайшло, і зноў успомнілася першае чытанне «Хаціны дядзькі Тома» (па-польску). З вялікай сілай праўды, з успрыманнем усяго як сапраўднага. Цётка Клатыльда і ўсе — як жылыя...
*
У польскай кнізе. Шарль Гуно — маладзейшаму кампазітару: