Пра гэта пачуў я па Віцебшчыне, улетку семдзесят другога года. Ды вось успомнілася з новай сілай. І напісаць бы пра гэта, каб не так яны ўжо агідлі — здраднікі, свае...
*
У жнівеньскім «Полымі» прачытаў добрыя, з добрым веданнем справы, артыкулы — Зуёнка пра Барадуліна і Казько пра Жука. І ўспомніў прачытаныя днямі ў «Литературной России» словы Тургенева, якія хочацца запісаць.
«Для начинающего писателя сочувствие молодого поколения, его сверстников, конечно, драгоценно: оно служит ему сильным поощрением; не для писателя стареющего, уже готовящегося покинуть свое поприще, это сочувствие так выраженное, есть, скажу прямо, величайшая, единственная награда, после которой ужо ничего не остается желать. Оно доказывает ему, что жизнь его не прошла даром, труды не пропали, брошенное им семя дало плод».
Хочацца слова праўды пра зробленае табой, а яго не заўсёды пачуеш, як быццам яно ўжо табе, немаладому, і не патрэбна. Імкнешся да тое славы, тое вядомасці, а тады будзеш жадзён хоць якому праўдзіваму слову... Чакай, хвалюйся, ный, бо сорамна ж пытацца: «Ці прачыталі вы (ці ты) маю апошнюю рэч?..»
*
Па дарозе ў вёску, думаючы пра сваё новае, то задаволенасць, то сумненні вакол яго нязначнасці, успомніў (з часопіснай каляровай вокладкі) «Дзяўчынку з персікамі» Сярова. Ну, і што там за значнасць, за змест? Дзяўчынка і на стале перад ёю тры персікі. Аднак...
Абы было аднак!
*
Часта цытую тое, што ўразіла на чужых старонках. Часамі, можа, і зашчодра выпісваю. Гэта — калі, запісанае перш за ўсё для сябе, друкаваць. Навошта? Каб падзяліцца тым, што мне блізка, патрэбна, каб ён спатрэбіўся і іншаму камусьці, мой «чытацкі дзённік».
*
Сабраныя ў кніжку, яны прагучалі для мяне інакш — вершы таленавітага ва ўсім Стральцова [61].
Толькі што прыйшоў з вёскі. Які харошы верасень, вечар, пачатак ночы,— ажно не ведаеш, што яшчэ, як яшчэ пра яго сказаць. Вецер дзьме ўздоўж ракі, і вада ў ёй як быццам яшчэ больш спяшаецца, быстры Нёман стаў яшчэ быстрэйшым, ажно я збочыў і пастаяў.
Кніжка Стральцова настроіла на светлы, працавіты лад. І гэта не «кніжнасць», а жыццё ад жыцця ў нас абодвух. Думалася ў дарозе, што не трэба чакаць яшчэ лепшага часу, яшчэ лепшых умоў для працы, бо яны ў мяне цяпер найлепшыя.
А ў свеце што робіцца!.. «Ці маўчаць, ці мычаць, ці рогі крутыя ў кроў мачаць?..» [62] Ці проста спакойна рабіць сваю справу без панікі і адчаю?..
*
«Міжнародныя правілы руху».
Чытаючы балгарына Хайтава («Дерево без корня»), успомніў паляка Ружэвіча («На Дыпламатычным пасту») і многа іншых падобных апавяданняў, таксама менш і больш таленавітых, якія ў маёй памяці страцілі сваё размежаванне назвамі ды аўтарамі, зліліся ў нейкую аднатэмную ці тэмападобную масу. «Дрэва, перасаджанае ў старасці» — бацька ці маці, прывезеныя дзецьмі з вёскі ў горад, дзе яны аніяк не могуць прыжыцца.
І гэта, як славутае апусценне вёсак, стала нашай, можна сказаць, міжнароднай тэмай, і адкрываць тут штосьці не прыходзіцца.
І сапраўды — патрэбны міжнародныя правілы руху ў літаратуры: начытанасць, ці што, каб не быць меншым ці большым міжнародным правінцыялам.
*
Зноў да таго, што замнога цытую.
Я раблю гэта з думкай пра нашу чалавечую агульнасць, пра тое, што мы як быццам саромеемся называць братэрствам людзей і народаў, да якога яшчэ так далёка, а ўсё ж дзеля чаго толькі і варта жыць.
Тут, можна зноў жa прывесці цытату, адно з выказванняў Чэхава, словы далікатнага, душэўнага Антона Паўлавіча, што, сустрэтыя ў газеце, уразілі сваёй мудрай, здаровай суровасцю:
«Кто искренне думает, что высшие и единственные цели человеку нужны так же мало, как корове, что в этих целях «вся наша беда», тому остается кушать, пить, спать, или, когда это надоест, разбежаться и хватить лбом об угол сундука».
...А цытую, выпісваю я — перш за ўсё — таму, што гэта ўразіла мяне, што гэта мне блізка, патрэбна.
*
Сябрую з чалавекам, можна сказаць, даўно. Хоць і жывем далёка адзін ад аднаго, і сустракаемся рэдка, перш за ўсё ў Маскве, і перапісваемся вельмі мала. А чытаў я ў яго, здаецца, толькі адну дзіцячую аповесць. Ненармальна. Вось прачытаў у прысланай ім кнізе два раманы ў новым перавыданні. Якраз і напісаць бы таварышу пра добрае ўражанне ад іх, але... Але сорамна прызнацца, што дагэтуль іх не чытаў. Лепш ужо пры выпадку даць яму знаць нейкім чынам, што я ведаю гэтыя рэчы, цаню іх.