Выбрать главу

Тут у мяне быў не смех, а толькі ўсмешка, таксама шчаслівая.

Як адхіленне — успамін пра тое, як я падлеткам плакаў над аповесцю гэтага ж Сетана-Томпсана «Джэк — Кароль Талакскі», Пра мядзведзя-грызлі. Можа, там і смешнае было, калі не для рогату, дык хоць для ўсмешкі, аднак мне назаўсёды запомніўся той блазенскі, ўжо не дзіцячы — святы, сам-насам — плач захаплення і літасці.

*

Мамін пляменнік Алесь, мой дваюрадны брат, на дваццаць сем год старэйшы. Так і вітаўся пры нашых, апошнім часам не частых, сустрэчах, сур'ёзна, амаль урачыста: «Здароў, брат!» І руку паціскаў. «Беларускі Грышка Мелехаў», як гаварыў пра яго Міша [5]. Поўны георгіеўскі кавалер, пасля мнагадзетны бядняк, з болем тых «мікалаеўскіх» ранаў.

У грамадзянскую ваяваў, ужо выбраны камандзірам, і, можа, генерал які вырас бы з вахмістра, але пацягнула да жонкі, да дзяцей, да родных мясцін.

У семдзесят шостым годзе ён, замяняючы ў жніво сына, яшчэ пасвіў калгасны статак. «Як жа ты бегаеш за каровамі?» — спытаўся я. Ён паказаў на свайго сабаку, трохі падобнага на аўчарку: «Сам не бегаю. Яму даю лінію, ён заварочвае». Сын смяяўся: «Бутэлька віна на дзень, а гарэлкі — ужо на два дні».

Свая мова, свой характар, які я закранаў у «Праведніках і зладзеях» і ў «Золаку», і там, і там захаваўшы імя.

Днямі мне расказалі, што памёр ён спакойна, хораша — ад старасці. Рана ўстаў, заслаў свой ложак, пацеры згаварыў... Ці паснедаў — не сказана было. Проста прылёг адпачыць і памёр. На дзевяностым годзе, перажыўшы малодшых, здавалася, куды здаравейшых братоў.

На пахаванне я не змог паехаць. А ўспомніў цяпер — чытаючы ў Сетана-Томпсана пра каўбояў з сабакамі.

*

Сетан-Томпсан не толькі лічыць скачкі труса ці аленя на футы, але і пішучы пра бойку двух катоў, пра іх маўкліва-фырклівае то наступленне адзін на аднаго, то тактычнае ці баязліва асцярожнае адступленне, не толькі карыстаецца яшчэ і дзюймамі, але ж і іх дробіць на чвэрткі, на васьмушкі, на шаснаццаткі... І гэта не толькі смешна, але і мастацкі дакладна.

*

Поўдзень. Пасля сякой-такой працы (закончыў перапісваць пра Гарэцкага, напісаў тры пісьмы) сяджу ў крэсле, ногі на другім, накрытыя пледам, чытаю мудрыя апавяданні Іва Андрыча. За мною два акны, справа — трэцяе, яны за ажурнай павалокай свежых фіранак, за якімі — зноў шуршыць па бульбоўніку ды па яблынях роўненькі, спакойненькі дождж. І была б гэтая музыка вельмі прыемнай, калі б не думаць, што з такой штодзённай макрэчы камусьці трэба вырываць пакуль што сена, а неўзабаве і хлеб...

«Яшчэ ніколі нічога ў полі не заставалася». У такім аптымізме так многа нашай сённяшняй, нібы ўжо ўсеагульнай абыякавасці, ад якое дабра не чакай.

...Няўлоўна невыказная асалода — чытаць добрае. Пайду ў яе далей. Гэта апавяданні Андрыча ў чэрвеньскім нумары «Иностранной литературы». Прыемна думаецца, што Югаславію я — хоць трохі — ведаю, успамінаю мясціны, пра якія ён піша. І думаю, што любое, з любога месца, на любой мове зробленае па-сапраўднаму, раней ці пазней, але стане вядомым, возьме сваё.

*

Не вытрываў і пайшоў у поле, у лес, на луг.

Сонечна, цёпла. Залішне набрынялая вадой зямля зноў ажыла — зелянее, цвіце, патыхае жыццём. Нават маленькі карычневы матылёк махае крыльцамі над роснай травой, шукаючы сонца, сонечнай праталінкі.

Падышоўшы да паваленай сасны, успомніў, як у гэтым лесе, ужо... чатырнаццаць год таму назад, мы нарыхтоўвалі драўніну. Ад гэтага — да ўчарашняга лесніка, які падвечар запрашаў мяне выпіць з ім і гаспадаром. Адмовіўся нездароўем, а думаў пасля, што, можа, і цікава было б пагаманіць з імі, аднак — бог мой! — да гэтага ж трэба брысці ў гарэлцы, у ачмурэнні... Праз яго тут многія і на прыроду глядзяць,— як тая баба казала,— кожны дзень жывучы п'яным.

Учора ўвечары, на праходцы, хацелася запісаць, што ячмень, трохі пажаўцелы ўжо, падсыр пасля бясконцых дажджоў, пахне соладка з нейкай іржавінкай. Як і жыта калісьці мне пахла, у маладосці, пра што я, здаецца, пісаў. Цяпер ячмень, цэлае воблака яго, як сказала б мама, расце там, дзе летась была бульба, а пазалетась ясыта. І ў ячмені цяпер сцежка, як і ў бульбе летась, ды мне ўспомнілася тая, што ў буйным жыце была, і падумаў, што так і ішоў бы па той сцежцы бясконца, уздоўж бясконцых слупоў і дратоў, з якіх перада мною ўзляталі б вялікімі чародкамі гаманлівыя «ноты» — ластаўкі...

вернуться

5

Тут і скрозь далей Міша — брат Я. Брыля Міхаіл (1914-1966) — інжынер-будаўнік і самадзейны мастак.