Выбрать главу

Так рагатаў калісьці Х., і сам ніколі не гультай.

Нядрэнна і я працаваў у тым самым замку ў лістападзе шэсцьдзесят шостага. «Ты жывеш», «Шэрань», «Думкі звычайныя», дапрацоўка «Апошняй сустрэчы» і «На Быстранцы», запісы... Больш бы такога! Каб жыццё было поўнае зместу, каб не было тугі і сораму, што злёгку ўсё точаць ды точаць.

*

Падвечар, слухаючы мора, зноў успомніў Машэрава,— як ён тут, летась і пазалетась, кожнай раніцы пралятаў на водных лыжах. І да сумнага «не паляціць», нібы ўжо стомлена, нібы ад чалавечай мудрасці падумалася: колькі пад гэтай сонечнай, гаманлівай вадой трагічна схавалася без пары... Ну, хоць бы каля Малой зямлі, дзе, як нам з Дзімам расказваў інвалід, удзельнік тых баёў, на штурм ішлі камсамольскія часці і крыкі «мама» перакрывалі кулямётна-гарматны агонь...

*

Добра відаць чужыя памылкі. Стары Гаўрук спяшаўся перакладаць балады Шылера, а тое, што за яго ніхто не зробіць — успаміны пра Гарэцкага — усё адкладаў...

*

Раскоша чытання,— гэта ўсё-такі Герман Кант з яго «Остановкой в пути», раманам, які спачатку трохі дакучаў сваёй «нямецкай» грунтоўнасцю, а потым так, нарэшце, узяў, што я адчуў даўно знаёмы, шчаслівы «запой».

*

Чартова [23] — пра бацьку, пра сваё маленства. Хораша, мудра — з дыстанцыі. І тое, як брат-рэаліст пайшоў з белымі,— праўда, з якою ёй больш не трэба хавацца.

Калісьці, у пачатку пяцідзесятых, я знаёміўся з гэтай жанчынай, нічога ў яе не ведаў, лічыў нават «з маладым размахам», што от сабе старая — каля выдавецтва, то рэцэнзуючы рукапісы, то перакладаючы па славутых падрадкоўніках. А цяпер — з павагай і ўдзячнасцю прачытаў. Ціхае шчасце «общения» з людзьмі і часам, якія і сапраўды не павінны былі пайсці ў нябыт.

Двойчы Талстой: «прожил жизнь — расскажи» і другое: «и у малых писателей бывают вещи значительные» (штосьці так). Не ад старасці, не ад слабасці, не ад няздзейсненых надзей, а ад сапраўднай сталасці думаецца пра тое, што літаратуру робяць не толькі вялікія, што найбольш трывалае шчасце — у сумленным выконванні абавязку.

*

«Адхіленні ў чалавечнасць».

Адно з іх успомнілася,— у выступленні Фадзеева, здаецца, на з'ездзе ў пяцьдзесят чацвёртым годзе. Пра хлопца з яго юнацтва, паповіча, якому жылося нясоладка. Ці правяраў я гэта ў кнізе пра той з'езд? Можа, пачысцілі тое адхіленне ў парадку «карыснага» ў многіх выпадках скарачэння стэнаграмы? А то і сам ён «разумна» зняў, як гэта ў нас часта рабілася і робіцца? «Правільна гэта, добра, але цяпер не трэба». А калі будзе трэба?

*

За балконам майго трэцяга паверха, за кронамі грады высокіх і яшчэ зялёных дрэў — мора і неба. Днямі, з акна нашага «мацэсцінскага» аўтобуса ледзь не радасна ўбачыў многа невялікіх белых ветразяў і ўспомніў маё юнацкае, салдацкае, з Гдыні:

... Ветразі лодак рыбацкіх сям-там, Быццам капусныя спяць матылі...

А цяпер у сіняй воддалі відаць белыя дзяжкі глісераў,— меншыя, нерухомыя, і даўнейшыя, з пенаю за кармой.

Ні я купацца, ні загараць, ні на рыбалку... Сумная мудрасць рэжыму, асцярогі. І работа. Нічога тут не параіш, калі трэба выбіраць, лічыцца з магчымасцямі. Хопіць і таго, што можна.

*

Сустрэлася Блокава: «У поэта нет карьеры — у него есть судьба».

Думаў днямі і зноў вось думаю, колькі я за апошнія дзесяць — пятнаццаць год рабіў на шкоду сам сабе, можа, і не заўсёды вельмі абавязкова, аднак, як здавалася ў той час, такога, а не іншага таму, што інакш я не мог.

*

А. Эйнштэйн:

«...Моя религиозность состоит в смиренном восхищении безмерно величественным духом, который приоткрывается нам в том немногом, что мы, с нашей слабой и скоропреходящей способностью понимания, постигаем в окружающей действительности. Нравственность имеет громадное значение для нас, а не для бога.

...Люди моего склада считают мораль чисто земным делом, хотя и наиболее важным в области человеческих отношений».

*

«З 1300 даваенных ксяндзоў 248 актыўна супрацоўнічалі з фашысцкімі акупантамі, а яшчэ 250 — з буржуазна-нацыяналістычным падполлем і яго ўзброенымі бандамі, сярод верхаводаў якіх, дарэчы, было больш за 50 ксяндзоў».

Гаворка — пра ксяндзоў літоўскіх. А мне ўспомніўся сонечны Гюстраў і пані З., што гаварыла мне там, якую выдатную гістарычную ролю ў захаванні нацыянальнага духу іграў у гады больш чым векавой няволі і разарванасці Польшчы польскі касцёл...

вернуться

23

Н. В. Чартова (нар. у 1903) — руская пісьменніца.