для нас і для самой гаспадыні безымянныя кветкі, бледна-ружовыя, у якіх учора, у апошнім сонцы, працавалі пчолы, чым я палюбаваўся на ганку зблізку.
Р. абураецца ў пісьме, перадаючы мне пачутую на аўтобусным прыпынку ў Карэлічах гутарку двух «інтэлігентаў»:
«Кто теперь не ворует? А тот, кто не ворует, тот грабит свою семью».
«Хачу, каб балела, хачу, каб балела...» Так паўтараў я ў душы калісьці, перад якім-небудзь болем. Скажам, у дантыста.
І да смерці так ставіцца? Будзе лягчэй?
Карандашная ці чарнільная рыса на чыстай паперы, на полі кнігі ці часопіса — як гэта хораша, вельмі па-свойму адчуваецца ў прыродзе. Нават калі ты не ў лесе, не па траве, а калі прырода так вось — за сонечным акном.
Пысін усё-такі памёр [33].
Ад гэтай весткі — другой, канчатковай — уражанне такое, як быццам уся наша паэзія патроху памірае. Адзін за адным. А хто ж застаецца?..
Захацелася штосьці рабіць. Каб не спазніцца. Аднак чытаў далей. Нa выбар — раздзелы з купленых учора ўспамінаў Дастаеўскага Потым — жнівеньскі пумар «Полымя». Танкавы вершы, дзе роздум, яшчэ сталейшы, і спеласць, яшчэ ўсё ранейшая. Пасля, напрасткі перабрыўшы цераз вялізнае празаічнае поле, раптам — Пысін. Як развітанне!..
У вершы пра Сурначова я спачатку яшчэ раз светла адчуў даўняе, лясное ўраяіанне ад паэзіі, з якою доўга не сустракаўся: «Ля хаціны тваёй сасновай...» Штосьці сапраўднае, як і ад першага для мяне, таксама ў партызанах, верша Куляшова: «А як след тваіх ботаў пабачу — пацалую яго і, як баба старая, заплачу...»
У канцы таго верша пра Сурначова — так коратка і так многа — пра Мележа, Барадуліна і мяне.
Абняў бы цябе, Алёша, ды ўжо не абніму...
*
Чалавечкі мае цудоўныя. Волечка «танцуе» пад усялякую музыку. Апроч тое, што з праігрывальніка, калі яны сядзяць з бацькам на дыване адно перад адным і трасуцца ў нейкім арыентальным падабенстве танца, яна можа і хоча танцаваць пад шум бабулінай швейнай машыны, нават пад кавамолку і электрабрытву. А Міхась, у гасцях, любіць паесці. Суп спачатку лыжкай, а потым місачкай дапіў і не пасмеў, на жаль, як дома — надзець тую міску на галаву.
Успомнілася, пішучы гэта, як Пысін не застаўся на канцэрце пасля ўрачыстай часткі юбілейнага вечара Зарыцкага, дзе ён выступаў з дакладам (са сшытка чытаў), а на маё недаўменне сказаў:
— Да ўнукаў хочацца.
Яны ў яго не ў Магілёве, а тут. А дзед бываў у Мінску не надта часта.
*
За два дні — успаміны А. Цвятаевай. Спачатку залішне расчуленыя над мінулым, малалецтвам і пачаткам маладосці, залішне захопленыя «бабскай» дробязнасцю і сямейным самалюбаваннем, а потым, чым далей, то ўсё больш сур'ёзна.
Закончыў апоўначы, «бяздумна» парушаючы хатні рэжым такім штодзённым тут чытаннем — лежачы, пры святле [34]
*
З бойкай, амаль мужчынскай суровасцю, нейкім нават пракураным баском яна пра кагосьці сказала: «Он свои мысли выковыривает из зада». Сталічная пісьменніца, у Доме творчасці, «ничтоже сумняшася», што гаворыць такое дзвюм іншым жанчынам, а чуюць не адны яны. Можа, гэта і справядліва было сказана, аднак я — вось ужо больш за дзесяць гадоў,— сустрэўшы ў друку імя гэтай пісьменніцы, успамінаю перш за ўсё той басок і... чытаць яе не хочацца.
А тут яна, у новай газетнай публікацыі, дала яшчэ і партрэт. Зусім пад жаночую кволасць, пяшчотнасць, з вялікімі завушніцамі, у пераможны профіль колішняй маладосці. Не бярэ.
*
Наша Зямля ў сусвеце, і канвеер мноста знаёмых і блізкіх, якіх нядаўна, даўно і яшчэ даўней не стала, і тых, што прыйдуць — пры мне, пасля мяне... Самыя блізкія, адзіныя. На нешта ж некаму яно патрэбна?! Калі казаць пра гэта найпрасцей. Пытанні, над якімі біліся вялікія, з якіх найбліжэйшы Леў Мікалаевіч. Пытанні, якія і мяне пачалі хваляваць, як цяпер, здалёк паглядзіш, вельмі рана.
*
Перад маім акном на шостым паверсе, у кронах соснаў і шматфарбных клёнаў — цагляная вежа старога, запушчанага касцёла. Спічасты дах і крыж — трохі вышэй за маё акно. А ноччу, пад раніцу, калі яшчэ цёмна, там, дзе касцёл, блішчыць толькі зыркі, бяссонны агеньчык, вартуючы нейкі архіў.