Выбрать главу

Маладзенькія хлопцы, студэнты. Ужо ў Карэлічах відно было, што п'яныя, а яшчэ і ў Міры, і ў Стоўбцах, і ў Дзяржынску выходзілі на прыпынках і прыносілі, што пападалася. Накрыўку тую зубамі здзярэ, набулькае шклянку, а то і з бутэлькі, вып'юць новую рату і ляжаць на задніх месцах моўчкі.

Успомніўся — каторы ўжо раз? — год сорак сёмы ці сорак восьмы, магазін у драўлянай развалюсе на камароўскай развілцы, якое ўжо даўно няма, гастраном ці, хутчэй, карчма. Праезджыя шафёры (тады гэта не так каралася), спыніўшыся калонай грузавікоў, п'юць гарэлку піўнымі кухлямі. Хлапчук, можа, і не шафёр яшчэ, а стажор, якому так хочацца і так нялёгка тут выглядаць дарослым. Паўкухля яшчэ педапіта, а ногі ўжо не стаяць, а вочы так расчулена, захоплена атарапелыя, толькі ўсміхаецца, слухаючы гром старэйшых.

Учарашнія хлапчукі — ужо з поўнай кваліфікацыяй...

Якое гэта шчасце — у каго цвярозы сын.

*

Калі ён заціхаў побач са мной, соладка пераходзячы на соннае дыханне, я ўпершыню пазваў яго Светлячком.

І ўспомніўся Сяржант [35], высакародны Рафаіл Іванавіч — у такім жа становішчы дзеда-нянькі. Жыва ўявілася, як ён сказаў бы, смеючыся, пра сябе: што дзед заснуў раней за ўнука.

Скупое праяўленне радасці ў чалавека, які сумленна прайшоў жыццё, зведаў мноства пакут і нялёгкай працы.

А ён жа і памёр як адбываючы яшчэ адно выпрабаванне. Адзін у даччыной кватэры, на той час без унука (ці без унучкі, не памятаю),— стала дрэнна, устаў па лякарства, упаў... Так і знайшлі яго на падлозе, вярнуўшыся з працы — мёртвага.

Што ж, у апошні момант кожны allein [36]

І Мележ успомніўся. Ён папрасіў вады, а пакуль тая нянька ці сястра прынесла — вада ўжо была не патрэбна.

*

Учора ноччу не дапісаў да таго allein і пра Якуба,— яшчэ адно празаічна, страшна рэальнае [37].

Пагаварыць пра яго паперы: што з іх не павінна застацца, толькі ў сям'і. І ў выдавецтве прапанаваць сваю дапамогу.

Усе нашы дачы, машыны...

...І самому так мужна падрыхтавацца да адыходу. Пакінуўшы толькі патрэбнае.

*

Учора не дапісаў:

Вечнае недаўменне: няўжо гэта толькі так — пажыў, памёр, і ўсё?..

А сёння хочацца дадаць:

Ідэалізм не змог растлумачыць гэта, і матэрыялізм таксама не растлумачвае. Нібыта ясна, аднак — далёка не ўсё!..

*

Успомніў бедную хаціну на Гомельшчыне, у нашым падарожжы семдзесят першага года [38].

Старэнькая маці і старая, гарбатая дачка. Дачка ўпрыгожыла хату: абклеіла газетамі, а па газетах намалявала квачом мноства вялікіх, зіркатых кветак, як па-дзіцячы «прыдуманых». Не памятаю ўжо, хто ў іх сям'і закатаваны фашыстамі, у якім неверагодным горы яны, маці з дачкой, ратаваліся, як засталіся. Проста мне раптам і жыва ўявілася, як на парозе гэтай хаціны нехта — а можа, і сам я — зарыдаў. Ад крыўды за такое чалавечае жыццё...

*

Пазаўчора здаў Якубаў рукапіс. Толькі ім жыў гэтыя паўтара месяца.

Здам у архіў усё, што ў мяне з яго спадчыны. І буду лічыць, што для яго зрабіў усё магчымае? Не. Аднак не ведаю яшчэ, ці напішу штосьці большае за прадмову, ці толькі буду згадваць яго, як ужо згадваў, пішучы пра іншых,— скажам, пра Адамовіча,— або ў запісах.

...Выйшаў і пяты том. І, дзякуй богу, ёсць адчуванне, што яшчэ не ўсё, што трэба наладжвацца на новае.

1982

Чытаю ўспаміны пра Зошчанку. І яго нібы адкрываючы, і некаторых з тых, што пішуць пра яго, здзіўляючыся, колькі ў нас літаратараў — было і ёсць — малавядомых, а занятых вялікай справай сумленна і талкова.

Упершыню чытаў яго па-польску, школьнікам, апавяданне, якое цяпер пазнаў у двухтомніку,— «Собачий нюх».

Трэба яго пачытаць як найбольш, з ваенным «Октябрем» уключна.

Успомнілася, што Дзіма расказваў у сорак шостым годзе, вярнуўшыся з Куршчыны. Нехта хаміў у вагоне камусьці безабароннаму, другі нехта сказаў, што «такого в газете пропесочить бы», а той, што хаміў: «Пиши, пиши! Один уже дописался!..» І ўсім было зразумела, што гота — пра Зошчанку...

*

Учора ўвечары, вяртаючыся з Ленай Шырмянкай з Дома мастацтва, дзе мы невялікім гуртам адзначалі дзевяностагоддзе Рыгора Раманавіча, успаміналі Якуба.

— Я малая была яшчэ, пад сталом сядзела, калі бацька, вярнуўшыся з гімназіі, расказваў маме, як гэта Астроўскі з паліцыяй разганяў гімназістаў. «Як ён так мог! Ён іх, дзяцей! Ён растаптаў Міско!..» А дзён праз два я ўбачыла на вуліцы Якуба, убегла дадому, крычу ад радасці: «Міско жывы! Міско не растаптаны!»

вернуться

35

Былы заходнебеларускі падпольшчык, герой нарыса Я. Брыля «Партрэт старэйшага таварыша».

вернуться

36

Адзін, самотны (нямец.). Намёк на раман Г. Фалады «Jeder stirbt für sich allein» — «Кожны памірае адзінока».

вернуться

37

Якуб Міско памёр 23 кастрычніка 1981 года.

вернуться

38

Маецца на ўвазе збор матэрыялу для кнігі «Я з вогненнай вёскі...».