Памаўчалі. А потым яна — зноў пра Якуба:
— Калі чалавеку самому дрэнна, дык ён робіцца такі добры. Так ён апошнімі днямі гаварыў са мною...
*
Уранні сеў вычытваць пасля машынкі «Гномаў» [39] Прыемна чытаецца тое, што калісьці (так ужо даўно!) з прыемнасцю перакладалася.
«Вершы пераклалі Анатоль Вялюгін і Сяргей Дзяргай». Успомніў мілага, слаўнага Сярожу, і тое, як мы з Бярозкіным ездзілі наведаць яго дома, невылечна хворага. І паўлітра ўзялі вульгарнага, але ж і хораша пасядзелі вечар за чаркай і нейкай там халасцяцкай закуссю.
Няма ўжо іх...
*
Танклявы, вусаценькі, лысаваты. А выйшаў да раяля, сціпла стаў, заспяваў «Прощай, радость, жизнь моя...» — ператварыўся са сваім сакавітым, мяккім, адухоўленым барытонам. Пасля яшчэ і раманс Чайкоўскага. Закончыўшы яго, пакланіўся хлопец хораша і, пад ляскат апладысментаў, пайшоў на месца, сеў побач са сваёй, таксама маладой і сціплай, сяброўкай.
І мне прыемна стала, што яны абое, калі я пасля выступаў, засмяяліся весела там, дзе трэба было.
*
Прыкра гэта і небяспечна — інтэрв'ю. Ты гаворыш^ а ён ці яна запісвае абы-абы, расшыфроўвае потым не з магнітафона, а з блакнота, затым і сам ці сама, і іншыя, хто над імі, правяць... І ў выніку тое, што табе ўкладвае ў вусны той ён ці яна, месцамі просіцца назад.
*
Ужо не першы раз гляджу-слухаю па тэлевізары маладую спявачку, што ўваходзіць у моду. Млявым галаском самазакаханай пястункі яна выводзіць:
Матушка возьмет ведро,
молча принесет воды...
Не вытрываў: «Сама, жаробка, не прынесла б?»
А гэта ж, як даведаўся ўвечары, словы таленавітага Рубцова. Аднак жа ў песні яно блага: у такім маральным кантэксце.
*
Бучму ва «Украдзеным шчасці» бачыў я ў Мінску, у канцы саракавых ці ў пачатку пяцідзесятых.
Часта ўспамінаецца тая паўза, калі Мікола Задарожны, вярнуўшыся з лесу, пакуль распранацца — вымае з-за раменя сякеру. Цішыня — і на сцэне, і ў зале, а потым стук кінутай на лаву сякеры... Можа, гэта і няправільна па-сялянску, што кінутай, але майстэрства — сапраўднае.
Вось і цяпер [40] знайшоўшы ў купленым учора энцыклапедычным даведніку «Киів» пра Бучму, зноў пачуў тую цішыню і той стук кінутай на дошку сякеры,— знак адчаю ці толькі вялікага гора...
*
Колішняе выступленне на двух Цвіркавых вечарах, увядзенне мяне ў савет па літоўскай літаратуры, цяпер — запрашэнне ў Вільнюс і Анікшчай, на свята Венуоліса,— гэта абавязвае лепш ведаць літаратуру братняга народа.
Калі мы аглядалі з Зуёнкам Віленскі універсітэт пасля рэстаўрацыі, купіў том «Истории литовской литературы». Падумалася цяпер, што вось і буду чытаць яе, можа, з такім жа задавальненнем, як у свой час чытаў Кшыжаноўскага [41].
Анікшчай будзе ўспамінацца. Венуоліс і Білюнас, якога таксама трэба чытаць, а яшчэ ж і Баранаўскас з яго «Борам»... Зайздросна, як людзі шануюць сваё.
...Чытаючы гісторыю якой-небудзь літаратуры (цяпер — літоўскай), як быццам недаўмяваю, нават і з сумам, што літаратура калісьці пачыналася, а не была вечна...
*
Весела — а чаму весела? — успомніўся той лагойскі калгасны брыгадзір, што ўцякаў ад нас верхам, з пасёлачка ў пасёлачак, а мы, на «газіку», не маглі яго дагнаць: мы акружнымі дарогамі, ён па сцежках. Быў дзень выбараў у мясцовыя саветы, многа п'яных, і ён думаў, відаць, што яго ловіць нейкае начальства.
Таму і няма ў кнізе «Я з вогненнай вёскі...» расказа пра тое, як ён уратаваўся. Малы яшчэ тады. Старэйшы брат, што спаў з ім у каморы, выкліканы на расстрэл, адкінуў коўдру на малога — і так яго не заўважылі... Расказала пра гэта цвярозая цётка.
*
У «Советской культуре» пра Ю. Марцінкявічуса:
«Самым сильным и неодолимым соблазном для него был (и, к счастью, остался) труд — каждодневный и изнурительный... Трудолюбие и выдержка, основательность и немногословность».
Штосьці падобна было (у «Истории литовской литературы») сказана і пра І. Авіжуса.
Чаго не хапае мне.
*
Кніга, якую я хачу зрабіць, гэта па сутнасці адзін з варыянтаў таго, што я хацеў зрабіць у шасцідзесятых («Я іду»), і таго, што зрабіў (пяты том, «Сцежкі, дарогі, прастор»). Яшчэ адзін варыянт кнігі майго жыцця, майго бачання роднага.
39
Аповесць-казка М. Канапніцкай «Пра гномаў і сіротку Марысю». Перадрук — для перавыдання.