Выбрать главу
Рабочим головам, рукам На сій окраденій землі. Свою ты силу ниспошли. Мені ж, мій боже, на землі Подай любов, сердечний рай І більш нічого не давай!

Успрымалася гэта як найвышэйшае крэда, бо ў паняцце «любоў» укладвалася найглыбейшае — чалавечнасць.

Пра «Садок вишневий коло хати» Навічэнка піша: «С малолетства знает его на Украине каждая читающая душа, не не все помнят, что эту трогательную идиллию... написал Шевченко в тюрьме...» І я не ведаў. Няўжо не ведаў? А так жа прыемна ўведаць, так па-новаму — ад новай падсветкі — свеціцца гэты верш...

А што да «читающей души» (добра, нязвычна сказана) — ёсць засцярога. У нашых вёсках гэтую песню спявалі і «нечитающие души», непісьменныя, прычым захоплена, так дакранаючыся шчырым сэрцам да вялікай паэзіі.

*

«Чеховская обезоруживающая простота».

Гэта ўчора як быццам само выскачыла, калі мы гаварылі з N. пра веліч любімых — Талстога, Дастаеўскага і, цераз «великолепного» Буніна, дайшлі да непараўнанага Чэхава. «Обезоруживающая» — таму, што прастата гэтая так шчасліва нас панявольвае.

*

Трэба ўмець радавацца чужому поспеху. Думаючы пра поспех роднай літаратуры. Трэба не ўмець, а ўвесь час вучыцца гэтай радасці, змагаючыся з зайздрасцю старэйшага. І тады толькі возьмеш хоць тое, што можаш узяць з самога сябе, і аддасі яго другім.

*

Прачнуўшыся пасля шасці, успомніў пазаўчарашні Коласаў вечар у Маскве (па тэлевізары), выступленні Марцінкявічуса і Быкава, асабліва добрае ў Юсцінаса, і цяжка стала на душы, што і гэтыя хлопцы ўжо таксама на схіле...

А ўчора быў позні вечар са сцішнавата прыгожай поўняй, з белапенным гоманам хваль, з думкамі ўсё пра тое ж,— што ўсё гэта, можа, напярэдадні найгоршага, ужо не толькі для блізкіх, для паасобных, а для нас усіх... [43]

*

Гэта ўсё-такі надзейнае, гэта застаецца,— словы, абзацы, старонкі. Добра зробленыя, умацаваныя разумным сэрцам, якое іх само перажыло, адчула. Каб адчувалі, перажывалі і іншыя.

*

Радзішчаў («Путешествие...», раздзел «Пешки»):

«Первый раз обратил свое сердце к тому, что досоле па нем скользило».

*

У Карамзіна, якога чытаю пасля Радзішчава, згадваецца Штаргард.

У памяці ажыў той дажджлівы, халодны і галодны ранак 21 верасня трыццаць дзевятага года, калі нас у тым Штаргардзе выпусцілі з таварнякоў і пагналі праз увесь горад у лагер. Змрочна-суровыя гмахі ў ранішняй імглістасці, наша ацэпласць, хто без шынелі, як я, мокрая блакітна-шэрая форма канвою і нешматслоўная, рэзкая строгасць — орднунг!.. [44]

Гэтай раніцы, сустрэчы з нямецкім тылам, я ў рамане не паказаў.

...Амаль ужо дзвесце год таму назад дваццацідвухгадовы Карамзін пісаў пра сваю гутарку з недзе там сустрэтым прускім афіцэрам:

«Ему крайне хотелось, чтобы королю мир наскучил.

— Пора снова драться,— говорил он,— солдаты наши пролежали бока, нам нужна экзерциция!

Миролюбивое сердце мое оскорбилось. Я вооружился против войны всем своим красноречием... Немилостивый мой капитан смеялся и кричал:

— Нам нужна экзерциция, экзерциция!»

Чым не сучаснасць?..

*

Зноў Карамзин:

«Солнце закатилось. Я пожал руку бедной старушки и возвратился в Париж».

Гэтая фраза помніцца мне з маленства. Найлепшы доказ, што і «Письма русского путешественника», няхай сабе і фрагменты, я чытаў. Запомнілася гэтае месца сваёй сентыментальнасцю. Шмат чаго я тады не разумеў, вядома, і ў яго, але здаровае адчуванне смешнага было.

Чытаючы пра «строгую честность» яго слугі, успомніў, як тыдні ўжо са два таму назад малады таксіст з рэдкім прозвішчам Варава даў мне доказ свабоднай сумленнасці. Завёз мяне з жонкай і дачкой на пахаванне В. Р., на далёкую ўскраіну, а мінут праз дзесяць ці нават і больш, пасля таго, як мы расплаціліся і ўвайшлі ў жалобную кватэру, ён зайшоў туды і, ветліва знайшоўшы мяне сярод людзей, шапнуў: «Прабачце, вы забыліся ў машыне парасон».

Як незвычайна сёння гэта звычайнае!..

*

Тры таміны на пяцьдзесят аркушаў — «Русские очерки», якія высока і, здаецца, някранута стаялі сабе ў бібліятэчнай шафе. Што перачытваю, а што чытаю ўпершыню. Учора быў Радзішчаў, потым Карамзін, а перад сном адзін з братоў Бястужавых — Марлінскі, з яго цікавымі, грунтоўнымі нарысамі пра Сібір. Цяпер чытаю зусім дагэтуль незнаёмага М. А. Воранава, спачатку вучня, потым сакратара Чарнышэўскага.

вернуться

43

Гэты і васемнаццаць наступных запісаў зроблены ў Юрмале.

вернуться

44

Парадак (нямецк.).